Унутраныя хваробы

Унутраныя хваробы (тэрапія, унутраная медыцына) — раздзел медыцыны, які займаецца праблемамі этыялогіі, патагенезу і клінічных праяў захворванняў унутраных органаў, іх дыягностыкі, нехірургічнага лячэння, прафілактыкі і рэабілітацыі. Да сферы тэрапіі адносяцца захворванні дыхальнай сістэмы (пульманалогія), сардэчна-сасудзістай сістэмы (кардыялогія), страўнікава-кішачнага гасцінца (гастраэнтэралогія), мочавыдзяляльнай сістэмы (нефралогія), злучальнай тканкі (рэўматалогія) і інш. Урачы, якія займаюцца нехірургічным лячэннем ўнутраных хвароб, называюцца тэрапеўтамі (інтэрністамі).

Тэрапеўтычная тактыка правіць

Для эфектыўнага лячэння патрабуецца правільная дыягностыка, заснаваная на сістэматычным абследаванні пацыента, аналізе анамнезу, скаргаў і аб'ектыўных прыкмет захворвання (выяўляюцца пры фізікальным абследаванні - аглядзе, пальпацыі, перкусіі, аўскультацыі, а таксама з дапамогай лабараторна-інструментальных метадаў). Выяўленыя прыкметы (сімптомы) захворвання тэрапеўт аб'ядноўвае ў сіндромы (сукупнасць сімптомаў, якія маюць агульны патагенез), на падставе якіх робіць заключэнне аб меркаваным захворванні. У выпадку немагчымасці зрабіць адназначную выснову аб наяўным захворванні, праводзіцца дыферэнцыяльная дыягностыка некалькіх падобных захворванняў з выкананнем дадатковых лабараторных і інструментальных даследаванняў. У некаторых складаных для дыягностыкі клінічных выпадках прызначаецца пробнае лячэнне, якое дазваляе паставіць так званы лац.: diagnosis ex juvantibus (дыягназ, заснаваны на ацэнцы вынікаў праведзенага лячэння). Пасля пастаноўкі дыягназу тэрапеўт прызначае лячэнне. Прымяняюцца нелекавыя метады лячэння (захаванне рэжыму працы і побыту, харчавання), лекавае і фізіятэрапеўтычнае лячэнне, санаторна-курортнае лячэнне.