Ураган у Беларусі (2024)

Ураган на тэрыторыі Беларусі, які адбываўся 13—14 ліпеня 2024 года

1314 ліпеня 2024 года на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь абрынуўся ўраган. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць. Каля 2000 населеных пунктаў па ўсёй краіне засталіся без электрычнасці. 7 чалавек загінулі.

Агульная сітуацыя

правіць

У другі тыдзень ліпеня ў Беларусі ўсталявалася анамальна гарачае надвор’е. У сераду, 10-га чысла, абвешчаны аранжавы ўзровень пагрозы. Назіралася тэмпература да +32 па паўднёвай палове, у астатняй частцы +24—29. Без ападкаў. Самым гарачым днём стала субота, 13 ліпеня, калі паветра на поўдні і ў цэнтры краіны прагрэлася вышэй за 35 градусаў (абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі, чакалася спякота ў +35—37°С[1]). На метэастанцыі ў Жыткавічах былі зафіксаваныя рэкордныя з 1959 года +37,9. У Мінску пабіты рэкорд 1936 года — +35,2. У гэты час сіноптыкі сталі папярэджваць пра верагоднасць магутных навальнічных дажджоў. Белгідрамет выдаў папярэджанне аб набліжэнні штармавых вятроў[2].

Сіноптык Дзмітрый Рабаў заявіў, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі клімат будзе мяняцца, адзначыўшы, што летам усё часцей і часцей будуць хвалі моцнай спёкі з ураганамі і штармамі[3]. Падобнае меркаванне выказаў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Логінаў. Як сказаў спецыяліст, у апошнія гады клімат у краіне ўсё больш становіцца падобным на трапічны, якому характэрны ўраганы і тайфуны[4].

Уздзеянне стыхіі

правіць

13—14 ліпеня ў Гродзенскай вобласці пацярпелі 54 населеныя пункты ў Дзятлаўскім, Іўеўскім, Карэліцкім, Навагрудскім, Ашмянскім, Слонімскім, Смаргонскім раёнах. Пашкоджаны дахі 169 прыватных жылых дамоў, 29 сельскагаспадарчых будынкаў і 8 аўтамабіляў[5].

14 ліпеня[6] ў Брэсцкай вобласці ў 12 населеных пунктах пашкоджаны 296 будынкаў, з іх 115 жылых дамоў (11 разбураныя[6]). Зафіксаваны вецер да 25 м/с і адзначаны выпадкі граду памерам з перапёлчыны яйка. Заяўлена аб 23 выпадках падзення дрэў, абясточана 459 трансфарматарных падстанцый, парушана электразабеспячэнне 37 населеных пунктаў. Найбольш пацярпелі Лунінецкі і Пінскі раёны[5].

У той жа дзень па тэрыторыі Гомельскай вобласці прайшлі моцныя ліўні са шквалістым ветрам. Ураганам тут павалена вялікая колькасць дрэў. Многія з іх упалі на лініі электраперадачы, што прывяло да масавых адключэнняў. Доступ да электрасетак апынуўся абцяжараны вялікай колькасцю паваленых дрэў і галінак. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Мазырскім, Калінкавіцкім, Рэчыцкім, Гомельскім раёнах. У гарадах працавалі толькі некалькі крам, аснашчаных уласнымі генератарамі. Водазабеспячэнне і сувязь таксама цалкам адсутнічалі[5]. Парывы ветру дасягалі 29 метраў за секунду. Сітуацыя пагаршалася спякотай вышэй за +30°C[7].

Тэхналагічныя парушэнні ў электрасетках былі зафіксаваныя на працягласці больш за 12,5 тыс. км, без электразабеспячэння ў Гомельскай вобласці засталіся 1175 населеных пунктаў. Ад паваленых дрэў і элементаў даху загінулі 6 чалавек, з іх двое дзяцей[6]. Ветрам знесена каля 700 дарожных знакаў[8].

У Магілёўскай вобласці пацярпелі каля 800 будынкаў, больш за 600 населеных пунктаў былі без святла, 5,5 тысяч гектараў лесу знішчаны[7], зарэгістравана падзенне 384 дрэў. У Магілёўскім раёне ад падзення дрэва загінула пяцігадовая дзяўчынка. У Клічаўскім, Краснапольскім, Крычаўскім, Бабруйскім, Магілёўскім, Касцюковіцкім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім раёнах назіраліся перабоі з электрычнасцю. Таксама ў выніку ўдару маланкі адбылося 3 пажары (адрыны ў Магілёўскім і Слаўгарадскім раёнах, жылы дом у Чавускім раёне)[5].

У Віцебскай вобласці стыхія больш за ўсё закранула Полацкі і Ушацкі раёны. Пашкоджана 20 жылых дамоў, зафіксавана 53 выпадкі падзення дрэў. У адным з выпадкаў пацярпеў жыхар Ушачаў. Пашкоджаныя лініі электраперадач у Глыбоцкім, Докшыцкім, Міёрскім, Полацкім, Ушацкім і Верхнядзвінскім раёнах[5].

Па ўдакладненых даных выратавальных служб на 23 ліпеня, з прычыны прыроднага бедства ў 44 раёнах рэспублікі пацярпелі 2654 населеныя пункты (Брэсцкая вобласць – 33, Гомельская – 2272, Гродзенская – 54 і Магілёўская – 295). Пашкоджаны дахі 6210 жылых дамоў (3883 адноўлены), 302 аб’ектаў сацкультбыту (190 адноўлены), 2053 сельскагаспадарчых будынкаў (332 адноўлены), 18 вытворчых (3 адноўлены) будынкаў і 605 гаспадарчых пабудоў (65 адноўлены)[9]. Паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, падзення дрэў стала прычынай затрымкі 46 цягнікоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, спазненне склала ад 6 хвілін да амаль 8 гадзін[10].

Ліквідацыя наступстваў

правіць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў пад асабісты кантроль ліквідацыю наступстваў стыхіі[11]. У паўднёва-ўсходні рэгіён, які пацярпеў найбольш за ўсё, накіраваны аварыйныя брыгады з іншых абласцей. Сфарміраваны аператыўны штаб[5]. Энергетыкі, работнікі МНС і Міністэрства лясной гаспадаркі прыступілі да ліквідацыі наступстваў урагану адразу пасля яго заканчэння. Усяго ў вобласці было задзейнічана каля 1,5 тысячы чалавек і 276 адзінак тэхнікі[12], уключаючы 474 асобы з судзімасцю і 100 вайскоўцаў 6-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады[13]. Мясцовыя жыхары ініцыятыўна браліся дапамагаць прыбіраць завалы і паваленыя дрэвы, аказвалі садзейнічанне камунальнікам[6].

Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на селектарнай нарадзе далажыў, што, па даных на 19 ліпеня, электразабеспячэнне ў Гомельскай вобласці забяспечана ў частцы падачы электраэнергіі ўсім населеным пунктам, але ў 170 з іх — за кошт падключэння дызель-генератарных установак[6]. Паводле папярэдніх звестак, на поўнае аднаўленне электрасетак спатрэбіцца да месяца[14]. У некаторых вёсках сеткі давялося адбудоўваць нанова, бо залева разбурыла іх практычна цалкам. Канчаткова электрычнасць адноўлена 26 ліпеня ў 22:40, калі вёска Лозкі Калінкавіцкага раёна, апошні пацярпелы населены пункт, адключана ад перасоўнага дызельнага генератара і падключана да агульнай сеткі[15].

Паўторная бура

правіць

У канцы месяца ўраган паўтарыўся. Парывы ветру дасягалі 25—27 м/с. Паваленымі дрэвамі пашкоджаны пяць аўтамабіляў у Гродна і ў Мінску[16]. Паводле інфармацыі Мінэнерга на раніцу 29 ліпеня, за суткі без святла апынуліся 566 населеных пунктаў, зафіксаваны 91 выпадак падзення дрэў. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнутыя 246 чалавек і 105 адзінак тэхнікі. Энергетыкі і экстранныя службы краіны перайшлі на ўзмоцнены рэжым працы. На 29 і 30 ліпеня ў краіне аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага ветру[17].

Па ўдакладненых даных МНС, за 28—29 ліпеня зафіксавана 316 выпадкаў падзення дрэў: у Брэсцкай вобласці — 29, Віцебскай — 7, Гомельскай — 15, Гродзенскай — 137, Мінскай — 58, Магілёўскай — 18, Мінску — 52. Паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 15 аўтамабіляў. З іх у Гомельскай вобласці — адзін транспартны сродак, Гродзенскай — чатыры, Магілёўскай — два, Мінску — восем. У Гродзенскім рэгіёне з-за паваленага дрэва адзін пасажырскі цягнік затрымаўся на 47 хвілін. Пацярпелі два чалавекі (у аграгарадку Ярэмічы Карэліцкага раёна і ў горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці)[18].

Напярэдадні сіноптык Дзмітрый Рабаў папярэдзіў пра пахаладанне, вецер і дажджы ў Беларусі на тыдні з 29 ліпеня па 4 жніўня. На надвор’е паўплывалі паўночна-заходнія вятры і больш прахалодныя паветраныя масы. Адпаведна, панізілася тэмпература. Адзначаны ваганні атмасфернага ціску[19].

Выяўленыя праблемы

правіць

Лукашэнка раскрытыкаваў паводзіны службовых асоб рознага ўзроўню. Па заяве прэзідэнта, актыўных дзеянняў з іх боку для арганізацыі работ па ліквідацыі наступстваў, аператыўнай дапамогі пацярпелым рэгіёнам і людзям у дастатковай ступені не было. Не ўсюды было наладжана належнае ўзаемадзеянне паміж рознымі органамі пры прыняцці мер аператыўнага рэагавання, а часам замест аператыўных дзеянняў аб’яўляліся тэндэры па пошуку падрадчыкаў для правядзення рамонтных работ і ліквідацыі наступстваў стыхіі. Таксама раскрытыкаваная працэдура атрымання дапамогі з рэзерву матэрыяльных рэсурсаў. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці ў цэлым мабілізоўваць насельніцтва і спецыялістаў для ліквідацыі наступстваў стыхіі, у тым ліку палітвязняў. Стыхію ён параўнаў з вайной, «толькі няма стральбы з аўтаматаў і кулямётаў»[6].

20 ліпеня ў Гомельскую вобласць прыехаў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі. Як заявіў чыноўнік падчас сваёй камандзіроўкі, «мы прайгралі ў тым, што не чакалі такога разбуральнага ўрагану». На думку міністра, службы «захапіліся папераджальнай працай. Людзі атрымалі "чарговае паведамленне ад МНС" пра нейкую залеву, пра нейкі вецер і палічылі яе несур’ёзнай». Акрамя таго, Сіняўскі выказаў нездаволенасць работай па аднаўленні электразабеспячэння, а таксама перадачы інфармацыі аб ходзе яго аднаўлення[20].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Красный уровень опасности объявили синоптики: по республике ожидается жара +37°С
  2. Жара продолжается. В Минске побит температурный рекорд 88-летней давности
  3. Синоптик Рябов допустил ураганы и аномальную жару до конца лета 2024 в Беларуси
  4. Ураганы и смерчи могут повториться в этом году в Беларуси – академик НАН
  5. а б в г д е В Гомельской области объявлена чрезвычайная ситуация. Последствия урагана в Беларуси // Onliner, 15 июля 2024
  6. а б в г д е "Главное - уроки". Почему Лукашенко сравнил последствия урагана с войной и когда в регионах наведут полный порядок // Белта, 19 июля 2024
  7. а б Смертельный ураган и борьба за восстановление: как устраняют последствия по поручению Президента
  8. Ураган на Гомельшчыне знёс каля 700 дарожных знакаў (Еўрарадыё, 24 ліпеня 2024)
  9. Информация о чрезвычайных ситуациях №205 с 06-00 часов 22 июля 2024 г. до 06-00 часов 23 июля 2024 г.
  10. Беларусь 4 | Гомель Что известно про ураганный ветер в Беларуси 15 июля 2024
  11. Введён режим ЧС! Какие регионы Беларуси больше всего пострадали от урагана? // СТВ, 16 июля 2024
  12. Электричество в каждый дом – гендиректор «Гомельэнерго» о ходе работ по ликвидации последствий урагана // СБ. Беларусь Сегодня, 21 июля 2024
  13. Прыбіраць наступствы ўрагану на Гомельшчыне адправілі 500 чалавек з судзімасцю (Еўрарадыё, 25 ліпеня 2024)
  14. «Напряжение подано везде, на остальное нужно не меньше месяца». Как идет устранение последствий урагана на Гомельщине
  15. Мінэнерга вярнула электрычнасць у апошнюю вёску, што пацярпела ад урагану (Еўрарадыё, 28 ліпеня 2024)
  16. Сильный ветер наделал беды в Беларуси — какие районы пострадали больше всего // Вечерний Гродно, 29 июля 2024
  17. Ненастный июль: новая буря в Беларуси обесточила более 500 населенных пунктов // Tochka.by, 29 июля 2024
  18. МЧС: в Беларуси из-за грозового фронта пострадали восемь населенных пунктов
  19. Синоптик Дмитрий Рябов предупредил про похолодание, ветер и дожди в Беларуси на неделя с 29 июля по 4 августа // Комсомольская правда, 27 июля 2024
  20. Министр по ЧС проводит работу в пострадавших от урагана регионах // Учреждение Гомельское областное управление МЧС Республики Беларусь, 20 июля 2024