Урэцкая шкляная мануфактура
Урэцкая шкляная мануфактура — адна з першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі. Існавала ў 1737—1846 гадах у мястэчку Урэччы Бабруйскага павета (цяпер Любанскі раён)

Гісторыя
правіцьЗаснавана Ганнай Радзівіл. Напачатку называлася люстэркавай мануфактурай. У 1823 годзе працавалі 132 рабочыя; выпускала ліставое (аконнае) шкло, хрустальныя люстры, свечнікі, люстэркі, жырандолі, кандэлябры, люстраныя насценныя рэфлектары, посуд, дробную пластычную аздобу для посуду і люстраў з хрусталю, каляровага і бясколернага шкла. У 1841—1844 гадах працавалі 2 гуты: па вытворчасці люстраў (3 печы) і ліставога шкла і посуду (6 печаў), цэх па вырабе кафлі. Былі таксама паліравальня, рысавальня, ганчарня, сталярня, слясарня.
Якасць люстэркаў Урэцкай шкляной мануфактуры не саступала лепшым заходнееўрапейскім узорам. Люстраное шкло выраблялася шляхам выдзімання цыліндрычных балонаў, якія ў мяккім стане разразаліся і фармаваліся ў плоскасці. Пазней люстэркі пачалі адліваць на адмысловых сталах. Расплаўленую шкляную масу набіралі ў адмысловыя каўшы, пераносілі і вылівалі ў адмысловыя каркасы, затым прасавалі. Пасля зацвярдзення шкляныя лісты вымалі з каркаса металічнымі крукамі і накіроўвалі для «гарту» ў печы. Затым люстэркі шліфавалі на шліфавальных станках, якія рухаліся вадзяным колам. Спілоўвалі бакі люстэркаў пры дапамозе адмысловых гэбляў.
Да адмены прыгонніцкага ладу ў 1861 годзе ўладальнікам шклозаводаў не было неабходнасці ствараць спецыялізаваную вытворчасць вугля, попелу і паташу. Неабходную іх колькасць павінны былі як паншчыну здаць прыгонныя сяляне, якія палілі драўніну ў невялікіх памерах (на патрэбы аднаго прадпрыемства) у месцах вырубак памешчыцкага лесу. Гэты метад здабычы ўсіх відаў мясцовай сыравіны апісваецца ў архіўных дакументах Урэцкай мануфактуры, якая спыніла сваю дзейнасць у 1866 годзе, менавіта пасля адмены прыгоннага ладу.
Прадукцыя
правіцьПрадукцыя мануфактуры вызначалася высокімі мастацкімі якасцямі. Вырабы аздабляліся граненнем «у брыльянт», «у карпавую луску», «у паскі», гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам, серабром, фарбамі, упрыгожваліся накладнымі медальёнамі. Гравіраваныя кампазіцыі 1-й паловы XVIII ст. — геральдычныя і фігуратыўныя, партрэтныя выявы каралёў і асоб княжацкіх родаў, у сярэдзіне XVIII—XIX стст. — надпісы фальклорнаму характару, геаметрычны і раслінны арнамент, букеты кветак, вінаградная лаза, сельскія і архітэктурныя пейзажы, выявы жывёл, міфалагічных і жанрава-бытавых сцэн. Кіравалі мануфактурай Т. Шэрбер (1741—1765), які ўкараніў у вытворчасць узоры французскіх, багемскіх і англійскіх люстэркаў, І. Малевіч (1804—1809). Працавалі дынастыі мясцовых майстроў Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў.
Вырабы мануфактуры зберагаюцца ў Дзяржаўным Эрмітажы (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква), Музеі этнаграфіі і мастацкага промыслу (Львоў), Нацыянальных музеях Кракава, Варшавы і Кельцаў, Любліна, Небарава, Ланьцута, Тарнава (Польшча) і іншых.
Людвісарня
правіцьУ інвентары Урэцкай шкляной гуты за 1774 год згаданы старыя людвісарня і гізарня на яе тэрыторыі, якія заснаваў да 1747 года Геранім Фларыян Радзівіл. У дакуменце 1775 года пералічаны інструменты Урэцкай людвісарні: жалезныя пруты, абручы і краты, формы з жалезнымі абручамі для адліўкі малых гармат, «штукі» жалеза з адтулінамі для адліўкі званоў, жалезныя таўкачы для ўтрамбоўкі зямлі, абложаныя жалезам гліняныя заслоны, свердлы для свідравання адтулін у гарматах і іншыя. Меркавалася ў 1775 годзе аднавіць дзейнасць людвісарні, але гэтага не адбылося. Вырабы людвісарні не вядомы.
Літаратура
правіць- Kamieńska, Z. Manufaktura szklana w Urzeczu 1737—1846 / Zofia Kamieńska; Instytut Historii Kultury Materialnej Polskiej Akademii Nauk. — Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1964. — 238, [2] s., [12] k. tabl.: il. —
- Яніцкая, М. М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.) / М. М. Яніцкая; Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977. — 87, [1] c., [16] л. іл.
- Яніцкая, М. М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. / М. М. Яніцкая. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — 141, [2] с., [4] л. каляр. іл.
- Яніцкая, М. Урэцкая шкляная мануфактура / Мая Яніцкая // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузелі — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с. — С. 590. — ISBN 985-11-0214-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.