Усебеларускі народны сход

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў урада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых галін дзяржаўнага сектара. У 1996-2021 гадах адбываўся кожныя пяць гадоў перад або пасля чарговых прэзідэнцкіх кампаній у мінскім Палацы Рэспублікі. На сходы вылучаліся дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складаў каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне сходаў, ажыццяўляў іх фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пачынаючы з другога сходу колькасць удзельнікаў дасягала 2500 чалавек, у тым ліку ад Мінска — 400, ад кожнай вобласці — па 350. Дзеная ўлада ацэньвала сходы як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркавання найзначнейшых пытанняў жыцця дзяржавы, параўноўвала іх з народным вечам.

Памятная пячатка, прымеркаваная да Трэцяга Усебеларускага сходу.

Версія Канстытуцыі Беларусі, устаноўленая праз рэферэндум 2022 года, прадугледжвае рэгулярнае скліканне Усебеларускага народнага сходу (УНС), якому нададзены новыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз на год, памер яго абмежаваны 1200 дэлегатамі (прадстаўнікамі ўсіх галін улады і «грамадзянскай супольнасці»). Першае скліканне УНС паводле новых правіл запланавана на 2024 год.

Гісторыя

правіць

Першы Усебеларускі народны сход

правіць

Адбыўся 19—20 кастрычніка 1996 года ў Мінску ў будынку Палацу спорту. Удзельнічала 4740 дэлегатаў. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Дэлегаты схода адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіў прэзідэнт дзяржавы. Рашэнні сходу мелі рэкамендацыйны характар.

Сёмы Усебеларускі народны сход

правіць

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са зменамі прынятымі на рэферэндуме ў 2022 годзе, УНС стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь. Рашэнні УНС прымаюцца большасцю ад поўнага складу, з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржорганаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі[1].

Першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу адбудзецца 24–25 красавіка 2024 года. Дэлегатамі сходу будуць: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі заканадаўчай улады (дэпутаты Нацыянальнага сходу), прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады, старшыні абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў (350 чал.), прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (400 чал.).

Крытыка

правіць

Пачынаючы з 1996 года актывісты беларускай апазіцыі крытыкавалі сходы як прапагандысцкія мерапрыемствы, арганізаваныя для дэманстрацыі адзінадушнай падтрымкі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі[2]. Членам апазіцыі рэгулярна адмаўлялі ў доступе на сходы або забаранялі выступаць на іх[2]. У 2006 годзе кандыдат у прэзідэнты, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін быў збіты і затрыманы міліцыяй пасля спробы прайсці на Усебеларускі народны сход, Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве[3].

Апазіцыйныя партыі ў 2016 годзе характарызавалі сход як «антыканстытуцыйны орган», мэтай якога была «дэлегітымізацыя інстытута парламента ў Беларусі» і «дэманстрацыя агульнанацыянальнай падтрымкі (Аляксандра Лукашэнкі) напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў»[4].

Паводле доктара юрыдычных навук Міхаіла Пастухова, працэдура адбору дэлегатаў на сходы ў 1990-х — 2010-х гадах была непразрыстая[5]. Недэмакратычная працэдура прызначэння дэлегатаў апазіцыйнымі палітыкамі параўноўваецца з падборам удзельнікаў на з’езды КПСС у савецкія часы, які ажыццяўляўся аналагічна[2]. Пастухоў таксама адзначаў, што сход, сфарміраваны па загадах выканаўчых органаў, не з’яўляўся прадстаўнічым дэмакратычным органам і не мог быць прыняты як законны выказнік волі народу[4].

Увядзенне Усебеларускага народнага сходу ў Канстытуцыю Беларусі выклікала хвалю крытыкі. Большасць заўваг зводзілася да таго, што орган, які наўпрост не выбіраецца народам, набыў велізарныя паўнамоцтвы, а да таго ж цяпер ён дублюе палаты парламента (напрыклад, у тым, што тычыцца заканадаўчай ініцыятывы). «Абмяркоўваць планы яго склікання мае сэнс для таго, каб (паспрабаваць) мінімізаваць магчымую шкоду, у прыватнасці, фінансавую», — заўважыў у лістападзе 2022 года палітолаг Вольф Рубінчык[6].

Зноскі

правіць
  1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 красавіка 2024.
  2. а б в Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады Архівавана 28 студзеня 2021. - TUT.BY, 03.12.2010
  3. Zarakhovich, Yuri (2006-03-25). "Belarus: 'They Knocked My Husband Down and Dragged Him Away'"(англ.). Time. Архівавана з арыгінала 10 сакавіка 2007. Праверана 2008-08-20.
  4. а б Беларусам патрэбны сапраўдны парлямэнт, а не імітацыйны ‘усенародны сход’ Архівавана 7 жніўня 2016. - Партыя БНФ, 18.06.2016
  5. Михаил Пастухов: О легитимности и пользе собрания Архівавана 25 чэрвеня 2021. - Аб’яднаная грамадзянская партыя, 12.07.2016
  6. https://belisrael.info/?p=32061