Усходне-Беларуская ландшафтная правінцыя
Усходне-Беларуская ландшафтная правінцыя — адна з пяці правінцый фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі.

Знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці і ва ўсходняй палове Магілёўскай вобласці. Працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на захад да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11 % тэрыторыі краіны.
Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на ўсходзе менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў.
Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ускладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй поўначы размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на паўночным усходзе з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы, умерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Сярэдняя температура студзеня ад −7,5 да −8,2 °C, ліпеня 17,8…18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сутак, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °C. Ападкаў выпадае 600—650 мм.

Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найбольш выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57 %). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20 %, алювіяльных — 10 %, тарфяна-балотных — 7 %. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы сельгасугоддзяў уздзейнічае водная эрозія.
Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25 %). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5 %) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5 %), доля вытворных драбналістых лясоў 19 %. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5 %) у параўнанні з астатнімі правінцыямі.
У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70 % тэрыторыі.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Марцінкевіч Г. І. Фізіка-геаграфічнае раянаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2).