Ушацка-Лепельскае ўзвышша

Ушацка-Лепельскае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён, узвышша на поўначы Беларусі, у цэнтральнай частцы Беларускага Паазер’я.

Ушацка-Лепельскае ўзвышша (2001)
Ушацка-Лепельскае ўзвышша (1977)
Від на возера Крывое, Ушацкі раён

Займае частку Глыбоцкага, Лепельскага, Мёрскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці. Мяжуе з Полацкай нізінай на паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе, Чашніцкай раўнінай на паўднёвым усходзе, Верхнебярэзінскай нізінай на поўдні і захадзе, Свянцянскімі градамі на захадзе. Працягласць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход 115 км, з захаду на ўсход ад 22 да 45 км, плошча 3,4 тыс. км². Максімальная вышыня 279 м.

Прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў пратэразою, кембрыю, дэвону і антрапагену. Найбольш пашыраны адклады жывецкага і эйфельскага ярусаў дэвону (гліны, пяскі, мергелі, алеўрыты). У фарміраванні Ушацка-Лепельскага ўзвышша вялікае значэнне маюць антрапагенавыя адклады (магутнасць да 120 м) усіх ледавіковых эпох і міжледавікоўяў. Марэнныя ўзвышшы і раўнінныя ўчасткі складзены з чырвона-бурых валунных суглінкаў паазерскага ледавіка; у паніжэннях, паблізу азёр, у будове камаў і озаў пашыраны пяскі і пясчана-жвіровыя сумесі.

У сучасным рэльефе ўзвышша вылучаюць: Кубліцкае ўзвышша і Пышнагорскае ўзвышша на захадзе і Лукомскае ўзвышша на крайнім паўднёвым усходзе з вышынямі больш за 200 м. Большую частку тэрыторыі з вышынямі 150—200 м займае пласкахвалісты рэльеф з адноснымі перавышэннямі 8-10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найбольш парэзаны і кантрасны, дзе паміж азёрнымі і балотнымі катлавінамі ўзвышаюцца озы і камы з адносным перавышэннем 30-40 м.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель.

Найбольшыя рэкі Ушача, Дзіва (Тураўлянка), Нача, вытокі Улы. Шмат азёр, якія злучаюцца пратокамі і невялікімі рэкамі, у т.л. Лепельскае возера, Ушацкая група азёр. Гідралагічны заказнік Крывое.

Характэрна драбнаконтурнасць глеб, расліннасці, сельгасугоддзяў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы, у нізінах — тарфяніста-глеістыя. Пад лесам да 30 % тэрыторыі. Найбольш захаваліся лясы на вяршынях узгоркаў, озавых градах, стромкіх схілах азёрных катлавін. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы пераважна заменены другаснымі — бярозавымі, асінавымі, чорнаальховымі, ёсць невялікія масівы хваёвых лясоў. У шматлікіх паніжэннях лугі і балоты. Пад ворывам да 60 % тэрыторыі.

Літаратура правіць