Ушацкі раён
Уша́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Шумілінскім, Бешанковіцкім, Лепельскім, Докшыцкім, Глыбоцкім і Полацкім раёнамі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Ушачы.
Ушацкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна |
![]() |
||||
Уваходзіць у | Віцебская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Ушачы | ||||
Дата ўтварэння |
17 ліпеня 1924, 30 ліпеня 1966 |
||||
Дата скасавання | 25 снежня 1962 | ||||
Кіраўнік | Уладзімір Генадзевіч Аўдошка[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 88,2 %, руская 10,46 % Размаўляюць дома: беларуская 76,56 %, руская 18,53 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
15 970 чал.[2] (20-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 10,72 чал./км² (18-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 94,83 %, рускія — 3,99 %, іншыя — 1,18 %[2] |
||||
Плошча |
1 489,38[3] (16-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт • Самы нізкі пункт |
239 м 127 м |
||||
![]() |
|||||
Часавы пояс | UTC+03:00 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
![]() |
ГісторыяПравіць
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Ушачы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Весніцкі, Вялікадолецкі, Гарадзецкі, Жарскі, Завячэльскі, Кубліцкі, Маладолецкі, Мосарскі, Плінскі, Сарочынскі, Ушацкі, Чарапоўшчынскі. 24 верасня 1926 года з Завячэльскага сельсавета выдзелены Вацлавоўскі нацыянальны латышскі сельсавет, Ушацкі сельсавет перайменаваны ў Востраў-Сарочынскі. У 1930 годзе вёска Кублічы аднесена да катэгорыі мястэчак. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Гарбаціцкі, Глыбачанскі, Зарачанскі (Зарэцкі) і Усайскі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Лепельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. 5 ліпеня 1938 года скасаваны Вацлавоўскі нацыянальны латышскі сельсавет. 27 верасня 1938 года мястэчка Ушачы аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў, мястэчка Кублічы — да катэгорыі паселішчаў сельскага тыпу (вёска). З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці. 9 верасня 1946 года Глыбачанскі, Зарачанскі і Усайскі сельсаветы перададзены адноўленаму Ульскаму раёну. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Завячэльскі, Маладолецкі і Чарапоўшчынскі сельсаветы, Гарадзецкі сельсавет перайменаваны ў Старынкаўскі, Востраў-Сарочынскі сельсавет — у Лутаўскі, Плінскі сельсавет — у Селішчанскі. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Глыбачанскі, Дубраўскі, Зарачанскі і Усвейскі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна. 19 лютага 1958 года скасаваны Зарачанскі і Усвейскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Бабыніцкі і Варонецкі сельсаветы скасаванага Ветрынскага раёна. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Ушачы, Весніцкі, Вялікадолецкі, Гарбаціцкі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі, Старынкаўскі сельсаветы перададзены Лепельскаму раёну, Бабыніцкі і Варонецкі сельсаветы — Полацкаму раёну.
30 ліпеня 1966 года Ушацкі раён утвораны зноў, у склад раёна перададзены гарадскі пасёлак Ушачы, Вялікадолецкі, Гарбаціцкі, Глыбачанскі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі сельсаветы і 10 населеных пунктаў Пышнянскага сельсавета (Антунова, Ветча, Казімірова, Лагі, Малыя Дольцы, Мацюшы, Мірны, Новая Жызнь, Пуцілкавічы і Храмёнкі) Лепельскага раёна[4]. 22 красавіка 1980 года Гарбаціцкі сельсавет перайменаваны ў Вяркудскі. 20 кастрычніка 1995 года Ушацкі раён і гарадскі пасёлак Ушачы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Дубраўскі, Мосарскі і Селішчанскі сельсаветы, Лутаўскі сельсавет перайменаваны ва Ушацкі[5].
ПрыродаПравіць
Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Паўночна-ўсходняя частка размешчана ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоскахвалістая, на захадзе — узгорыстая. Характэрны рэзкія ваганні адносных вышынь каля шматлікіх азёрных і балотных катлавін. 50 % тэрыторыі ляжыць на вышыні 150—200 метраў. Каля вёскі Гушчынская Слабодка знаходзіцца самы высокі пункт вышынёй 238 м, найбольш нізкі — 127 м (урэз вады возера Янова).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходняй часткі Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй утварэнні сожскага, дняпроўскага, у ледавіковых лагчынах — бярэзінскага зледзяненняў.
З карысных выкапняў ёсць пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны, сапрапель, торф. Вядомы 40 невялікіх радовішчаў торфу (найбольшае Выдрыца); 2 радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу (найбольшае Наташына); 2 радовішчы пяскоў (найбольшае Кавалеўшчынскае радовішча пяскоў); 2 радовішчы глін. Раён мае значныя запасы сапрапелю. Аб’ём азёрнага сапрапелю ў першачарговых для здабычы аб’ектах складае каля 7 тыс. кубічных метраў. Раён характарызуецца вялікай забяспечанасцю разведанымі радовішчамі ўсіх катэгорый гравійна-пясчанага матэрыялу.
Важнейшы прыродны рэсурс — зямельныя ўгоддзі. Агульная плошча складае 83,1 тыс. га, з якіх сельскагаспадарчых угоддзяў — 65,9 тыс. га (79,3 %), раллі — 32,4 тыс. га (38,9 %).
Глебы сельгасугоддзяў дзярновыя і дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя (85 %), поймавыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Глебы сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя, тарфяныя.
Ушацкі раён характарызуецца добрай забяспечанасцю воднымі рэсурсамі. Найбольшымі рэкамі з’яўляюцца Заходняя Дзвіна, яе прыток Ушача і рака Дзіва. Усяго ў раёне налічваецца 18 малых і сярэдніх рэк, у тым ліку Бельская, Выдрыца.
Па колькасці азёр Ушацкі раён займае адно з вядучых месцаў у краіне. Тут налічваецца звыш 200 азёр, вялікіх і маленькіх. Яны займаюць каля 10 % плошчы раёна. Асабліва выдзяляецца Ушацкая група азёр. Сярод іншых азёр — Вечалле, Ваўчо, Дземінец, Доўгі Дземінец, Доўжына, Плесна, Астравіта, возера Глыбач, Бярозаўскае, Адворанскае, Акунь, Арэхаўна, Ашыцік, Гародна, Глыбачка, Дубраўскае, Лешва, Лешна, Лутава, Лінка, Пліна, Полазна, Рукшанскае, Салонец, Трошча, Усвея, Глыбокае. Іншыя азёры: Сверзна, Колпіна.
Мінеральныя воды Ушаччыны былі вядомы ўжо ў XVI ст., пры дапамозе іх вылечвалі захворванні апорна-рухальнага апарату.
Лясы раёна займаюць 41 % тэрыторыі раёна. Структура лясоў раёна прадстаўлена рознымі дравеснымі пародамі: елка, сасна, асіна, бяроза, дуб, рабіна, арэшнік, вольха, крушына і інш. Хваёвыя лясы займаюць 50,6 % лясной плошчы, дамінуе сасна.
На тэрыторыі Ушацкага раёна ёсць біялагічныя мікразаказнікі мясцовага значэння — Глыбачанскі, Чарсцвяцкі, гідралагічны заказнік — Крывое.
НасельніцтваПравіць
На першае студзеня 2007 г. ва Ушацкім раёне пражывала 17800 чалавек. Па колькасці насельніцтва Ушацкі раён займае адно з апошніх месц у Віцебскай вобласці.
Дынаміка змянення колькасці насельніцтва раёна:
- 2005 — 19,1 тыс. чал.
- 2006 — 18,6 тыс. чал.
- 2007 — 17,8 тыс. чал.
Гарадское насельніцтва раёна складае 31%.
Нацыянальны склад:
На тэрыторыі раёна налічваецца 256 населеных пунктаў, найбуйнейшыя вёскі: Вялікія Дольцы, Кублічы, Сарочына, Селішча.
Адміністрацыйны падзелПравіць
Падзяляецца на 7 сельскіх саветаў: Вялікадолецкі, Вяркудскі, Глыбачанскі, Жарскі, Кубліцкі, Сарочынскі, Ушацкі.
ТранспартПравіць
Праз Ушацкі раён праходзяць аўтадарогі: Полацк — Ушачы — Лепель — Мінск, Полацк — Лепель — Мінск, Ушачы — Віцебск і інш. Аддаленасць г. п. Ушачы ад г. Мінска — 210 км, ад Віцебска — 150 км. Чыгункі раён не мае.
Сацыяльная сфераПравіць
АдукацыяПравіць
Ва Ушацкім раёне працуюць 12 сярэдніх школ, некаторыя з іх называюцца школы-дзіцячыя сады, адна з іх — школа-інтэрнат (Вяркудская). Самая значная, вялікая па колькасці вучняў — Ушацкая СШ, дзе налічваецца 1135 вучняў.
У 1998 годзе была адкрыта новая сярэдняя школа ў вёсцы Арэхаўна, якая на сённяшні дзень з’яўляецца «школай — эталонам». У Арэхаўскай СШ з першага дня яе існавання працуе добра ўкамплектаваны камп’ютэрны клас. Праводзіцца значная работа з вучнямі па ахове навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў; у школе створаны цудоўны «зялёны куток», дзе растуць рэдкія расліны; ёсць свая цяпліца, дзе вырошчваецца расада розных культур, свой школьны агарод; наладжана цесная сувязь з мясцовым лясніцтвам.[6].
Ахова здароўяПравіць
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Ушацкім раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Ушацкая цэнтральная раённая бальніца».
На тэрыторыі раёна паміж азёрамі Баркоўшчына і Доўжына знаходзіцца санаторый "Лясныя азёры.
Вядомыя асобыПравіць
- Генадзь Аўласенка (нар. 1955) — беларускі пісьменнік, паэт, драматург (нарадзіўся ў в. Ліпавец).
- Рыгор Барадулін (1935—2014) — народны паэт Беларусі (1992), перакладчык (нарадзіўся на хутары Верасоўка паблізу в. Гарадок).
- Пятрусь Броўка (1905—1980) — беларускі паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч (нарадзіўся ў в. Пуцілкавічы).
- Васіль Быкаў (1924—2003) — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч (нарадзіўся ў в. Бычкі).
- Марыя Вератнёва (нар. 1927) — даярка і свінарка, Герой Сацыялістычнай Працы (нарадзілася ў в. Скачыхі).
- Францішак Вярэнька (1862—1892) — беларускі археолаг і краязнавец (нарадзіўся ў маёнтку Пуцілкавічы)
- Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816, мяст Кублічы — 1884) — беларускі паэт, драматург, публіцыст і даследчык фальклору, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
- Сяргей Знаёмы (1909—1944) — беларускі журналіст, празаік, паэт (нарадзіўся ў в. Звонь).
- Еўдакія Лось (1929—1977) — беларуская паэтэса (нарадзілася ў в. Старына).
- Сямён Мацвеевіч Місуноў (1923—1989) — Герой Сацыялістычнай Працы (1958).
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ http://www.belpatriot.by/?p=23552
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб утварэнні новых раёнаў Беларускай ССР ад 30 ліпеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 23 (1143).
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Асвета.
ЛітаратураПравіць
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — 640 с.: іл.
- Урбан, І. Я. Мая Ушаччына святая, мой край зацішкаў і грамоў : краязнаўчыя матэрыялы / І. Я. Урбан. — Ушачы, 2006. — 33 с. : іл.
- Ушацкі раён // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 166—169.
- Цяцерка, Л. М. Геаграфія Ушацкага раёна / Л. М. Цяцерка. — Ушачы, 2006. — 110 с. : іл.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
СпасылкіПравіць
- Ушацкі раённы выканаўчы камітэт
- Спіс населенных пунктаў Ушацкага раёна па сельсаветах
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі "Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць"
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online (руск.)
- Навіны Ушацкага раёна на сайце Westki.info Архівавана 2 сакавіка 2013.
- Фотаздымкі адметных мясцін на сайце Radzima.org
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Азёры Ушацкага раёна на сайце poseidon.by Архівавана 21 ліпеня 2010. (руск.)