Уладзімір Яўгенавіч Солтан

беларускі кампазітар
(Пасля перасылкі з У. Солтан)

Уладзімір Яўгенавіч Солтан (9 студзеня 1953, Баранавічы — 1 чэрвеня 1997) — беларускі кампазітар.

Уладзімір Яўгенавіч Солтан
Дата нараджэння 9 студзеня 1953(1953-01-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 чэрвеня 1997(1997-06-01) (44 гады)
Месца смерці
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Біяграфія правіць

 
Уладзімір Солтан

Скончыў Брэсцкае музычнае вучылішча (1974), Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1979) і асістэнтуру-стажыроўку (1983) пад яго ж кіраўніцтвам. Член Саюза кампазітараў Беларусі (1980). З 1983 года выкладчык Беларускай акадэміі музыкі. Працаваў на кафедры інструментоўкі, аранжыроўкі і чытання партытур, якую тады ўзначальваў Уладзімір Дарохін.

Творчасць правіць

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Музыка У. Солтана вызначаецца інтанацыйнай выразнасцю, насычанай эмацыянальнасцю, выкарыстаннем нацыянальных і фальклорных элементаў. Найзначнейшае творчае дасягненне — опера «Дзікае паляванне караля Стаха» (1988), найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі[1].

На пачатку творчага шляху У. Солтан захапляўся вакальнымі жанрамі, але яго цікавілі і аркестравая, і камерна-інструментальная музыка. З ліку найбольш вядомых твораў гэтага часу — сюіта для камернага аркестра «Думкі і настроі», якая кранае шчырасцю, эмацыянальнасцю, меладыйнай выразнасцю. Наступным творчым крокам У. Солтана сталі дзве сімфоніі. Змест Сімфоніі № 2 абумоўлены героіка-драматычнай вобразнасцю. Суровы, напружаны каларыт гучання толькі зрэдку перарываецца лірычнымі інтанацыямі распеўных мелодый ці, як у фінале, танцавальнымі тэмамі. Сімфонія выяўляе характэрныя рысы творчасці кампазітара: адзінства цэлага, меладычны, распеўны тэматызм, частае і працяглае выкарыстанне поліфанічнай тэхнікі і асцінатных рытмавых формул, насычанае гучанне сімфанічнага аркестра. Адначасова з сімфоніяй кампазітар стварыў Канцэрт для аркестра, шмат мініяцюр для розных інструментаў. У 1987 г. ён напісаў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам — твор маштабны, экспрэсіўны, з пераканаўчай музычнай драматургіяй. Развіты тэматызм, насычаная фактура, віртуозная партыя саліруючага інструмента — усе гэтыя асаблівасці Канцэрта сведчаць пра яскравы талент і інтэнсіўны творчы рост аўтара.

У канцы 1980-х гадоў У. Солтан скончыў працу над операй «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча. Ініцыятарам стварэння і пастаноўкі гэтай оперы выступіў оперны спявак Віктар Скорабагатаў, лібрэта напісала літаратарка і перакладчыца Святлана Клімковіч, якая асабіста ведала У. Караткевіча[1]. Асноўны канцэптуальны сэнс і пафас оперы сканцэнтраваны на паказе трагічнай барацьбы супраць цемры і зла, увасабляемых праз «дзікае паляванне». Музычная мова оперы мае розныя стылявыя вытокі: з аднаго боку фальклор, які набывае арыгінальную трактоўку, а з другога — прыёмы стылізацыі, традыцыі «вялікай оперы». Прэм’ера оперы з вялікім поспехам прайшла ў 1989 годзе у Тэатры оперы і балета Беларусі. У 1990 годзе опера атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана — оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці Кастуся Тарасава «Чорны шлях»; лібрэта зноў напісала Святлана Клімковіч), «Мілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, хары на вершы Я. Купалы, Ф. Цютчава, песні і музыка да кінафільмаў «Жил-был Пётр» (1983), «Юрка – сын командира» (1984), тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (1998; 34 серыі).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

Творы правіць

Оперы правіць

  • «Дзікае паляванне караля Стаха» (лібр. С. Клімковіч, паводле рамана У. Караткевіча, 1988; паст. ДАВТам РБ, 1989)
  • «Пані Ядвіга» (лібр. С. Клімковіч, паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях», 1990)
  • «Мілавіца» (лібр. С. Клімковіч, 1991)

Вакальна-інструментальная музыка правіць

  • «Лірычная кантата» для барытона, камернага хору і аркестра (сл. народныя і беларускіх паэтаў, 1981).

Аркестравая музыка правіць

  • Сімфоніі: № 1 (1981), № 2 (1983). Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам (1987). Камерная сюіта «Думкі і настроі» (1978). Канцэрт для камернага аркестра (1983).

Камерна-інструментальная музыка правіць

  • Для віяланчэлі і фартэпіяна: Элегія (1983), Мелодыя і харал (1991).
  • Для балалайкі і фартэпіяна: П’еса (1982), канцэртная п’еса «Думка» (1987), Канцэртная п’еса (1990).
  • Для фартэпіяна: Тры п’есы (1981), Саната (1984). Раманс для валторны і фартэпіянана (1981).
  • Пяць прэлюдый для скрыпкі, віяланчэлі і валторны (1982), Практыкаванне для дзвюх скрыпак (1983).

Вакальная музыка правіць

  • Для хору без суправаджэння: «Дожджык» (сл. І. Мельнічука, 1984), «Снег», «Паліліся мае слёзы» (сл. Я. Купалы, 1983).

Узнагароды правіць

  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990).

Заўвагі правіць

  1. а б Яноўская, А. Віктар Скарабагатаў: Ні адна беларуская опера не ўтрымалася ў рэпертуары даўжэй, чым «Дзікае паляванне караля Стаха» // Звязда. 2021. 9 ліп. https://zviazda.by/be/news/20210709/1625833870-viktar-skarabagatau-ni-adna-belaruskaya-opera-ne-utrymalasya-u-repertuary Архівавана 27 ліпеня 2021..

Літаратура правіць

  • Аладава Р. М. Со́лтан Уладзімір Яўгенавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 80. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Солтан, У. Дзікае паляванне караля Стаха : опера ў 2 дзеях : лібрэта / Уладзімір Солтан ; Акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета БССР ; лібрэта Святлана Клімковіч. — Мінск, 1989. 60 с.
  • Аладава Р. М. Со́лтан Уладзімір Яўгенавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 679. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Солтан Владимир Евгеньевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Минск, 2008. — Т. 7. — С. 35.
  • Солтан Владимир Евгеньевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск, 2009. — Т. 1, кн. 2. — С. 361.
  • Солтан Владимир Евгеньевич // Большой белорусский энциклопедический словарь / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск, 2011. — С. 336.
  • Солтан Уладзімір Яўгенавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна -/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мінск, 2000. — С. 616—617.
  • Солтан Уладзімір Яўгенавіч // Кампазітары Беларусі / Т. Г. Мдзівані, Р. І. Сергіенка. — Мінск, 1997. — С. 267—270. — Бібліягр.: 16 назв.
  • Скарабагатаў, В. «Дзікае паляванне…» на опернай сцэне // Роднае слова. 2006. № 6. — С. 86—89.
  • Корсаков, А. Если музыка звучит, живет Владимир Солтан : [о вечере-концерте памяти композитора В. Е. Солтана в Брестском театре драмы и музыки] / Андрей Корсаков // Брестский курьер. 2004. — № 27. — С. 27. (руск.)
  • Уладзімір Солтан : [некралог] // ЛіМ. 1997. 6 чэрв. (№ 23). — С. 4.
  • Песнякевіч, Т. Калі ты шчыры ў творчасці : гутарка з кампазітарам Уладзімірам Солтанам / Таццяна Песнякевіч // ЛіМ. 1989. 10 лістап. (№ 45). — С. 10—11.
  • Яноўская, А. Віктар Скарабагатаў: Ні адна беларуская опера не ўтрымалася ў рэпертуары даўжэй, чым «Дзікае паляванне караля Стаха» // Звязда. 2021. 9 ліп. https://zviazda.by/be/news/20210709/1625833870-viktar-skarabagatau-ni-adna-belaruskaya-opera-ne-utrymalasya-u-repertuary Архівавана 27 ліпеня 2021..

Спасылкі правіць