Флорэс (востраў)

Флорэс (індан.: Flores) — буйны востраў у складзе архіпелага Малыя Зондскія астравы. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 13 540 км². Насельніцтва (2021 г.) — 1 897 550 чалавек.

Флорэс
індан. Flores
20160402090813 - Interesting coastal topography on the road between Moni and Maumere (25583109883).jpg
Горны пейзаж на паўночным узбярэжжы
Характарыстыкі
Плошча13 540 км²
Насельніцтва1 897 550 чал.
Шчыльнасць насельніцтва140,14 чал./км²
Размяшчэнне
8°41′09″ пд. ш. 121°30′29″ у. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Зондскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Флорэс (востраў) (Інданезія)
Флорэс
Флорэс
Лагатып Вікісховішча Аўдыё, фота і відэа на Вікісховішчы

ГеаграфіяПравіць

 
Тапаграфія Флорэса

Востраў Флорэс месціцца за 1450 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Ён выцягнуты з захаду на ўсход на 388 км. На поўначы абмежаваны морам Флорэс, на поўдні — морам Саву. На захадзе ад Флорэса знаходзяцца астравы Рынча, Падар, Гілі-Матанг і Камода, што ўваходзяць у склад нацыянальнага парку Камода, дзе захоўваецца апошняя ў свеце дзікая папуляцыя камодскага варана. На ўсходзе мяжуе з астравамі архіпелага Салор.

Флорэс — востраў вулканічнага паходжання, сфарміраваны ў выніку сутыкнення Еўразійскай і Інда-Аўстралійскай тэктанічных пліт. Першы этап магматычнай актыўнасці прыпадае на алігацэн — позні міяцэн. Ужо ў сярэдзіне алігацэну існаваў падводны вулканічны хрыбет, дзе адкладаліся пясчанікі і вапнякі. Другі этап прыпадае на пліяцэн — плейстацэн, калі ўтварыліся шматлікія кальдэры[1][2]. Найбольш інтэнсіўная вулканічная дзейнасць спынілася каля 1,66 млн гадоў таму, у перыяд існавання паверхневай сушы, яе сляды часткова перакрыты азёрнымі і рачнымі адкладаннямі.

Для большай часткі Флорэса характэрна гарыстая паверхня. Адна з вяршынь вулкана Ранака́ на захадзе вострава дасягае 2 370 м. Вулкан Келіміту на поўдні цэнтральнага Флорэса адносна невысокі (1690 м), але славіцца 3 кратарнымі азёрамі, вада ў якіх стала змяняе колер[3]. На востраве сустракаюцца геатэрмальныя крыніцы. Найбуйнейшая рака Сіса пачынаецца на вышыні 1400 м, яе даўжыня складае 87 км. Востраў знаходзіцца ў зоне высокай тэктанічнай актыўнасці. Падчас землятрусу і цунамі 12 снежня 1992 г.[4] загінула каля 250 чалавек.

Клімат трапічны з выразным падзелам на вільготны і сухі сезоны[5]. Вільготны сезон доўжыцца са снежня да сакавіка. У студзені колькасць ападкаў дасягае 290 мм. Гадавая колькасць ападкаў — 1590 мм. Але ападкі размеркаваны нераўнамерна. У гарах дажджы здараюцца часцей, чым на раўнінах, а на паўднёвым узбярэжжы часцей, чым на паўночным. У жніўні колькасць ападкаў зніжаецца да 15 мм. У гэты перыяд некаторыя часткі вострава пакутваюць ад засухі. Сярэднегадавая тэмпература — +27,9 °C.

ПрыродаПравіць

Прырода вострава Флорэс вызначаецца яго геаграфічнымі асаблівасцямі. Ён месціцца на ўсход ад лініі Уолеса[6]. На нізінах і раўнінах, не залучаных сельскагаспадарчай вытворчасцю, з-за працяглага сухога сезона дамінуе саванна, пакрытая метлюжковай травою аланг-аланг. У гарах дзе-нідзе захаваліся мусонныя трапічныя лясы. Тыповыя расліны: капусная пальма[en], цукровая пальма[en], какосавая пальма, спініфекс[en], фікусы, бамбук, розныя эпіфіты. На Флорэсе выдатна акліматызаваліся апунцыя, батат, акацыя.

Археалагічныя і палеанталагічныя даследаванні паказалі, што яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч гадоў таму жывёльны свет Флорэса быў надзвычай разнастайным. Тут былі знойдзены рэшткі карлікавых сцегадонаў, камодскіх варанаў, гіганцкіх пацукоў, чарапах і птушак[7]. У нашы дні дзікія сысуны прадстаўлены кажанамі, даўгахвостымі макакамі і дзікабразамі. Затое востраў насяляюць амаль 30 відаў паўзуноў і болей за 100 відаў птушак, у тым ліку галубы, папугаі, чаплі, сапсан, мясцовы від крумкача і г. д. Навакольныя воды багаты рэдкімі відамі рыб, каралаў, каля вострава адбываецца сезонная міграцыя кітоў.

ГісторыяПравіць

 
Горная вёска, фота каля 1915 г.

У цэнтральным Флорэсе ў 1950-я гг. і 1990-я гг. былі знойдзены прылады працы з пясчаніку і базальту ўзростам каля 730 тысяч гадоў[8]. Мяркуецца, што іх маглі пакінуць прадстаўнікі Homo erectus, якія здолелі перабрацца праз глыбокі праліў, які ў той час аддзяляў Флорэс ад мацерыка. Аднак найбольш знакамітая знаходка была зроблена антраполагамі ў 2003 г. у пячоры Ліанг-Буа. Яны выявілі адносна добра захаваныя шкілеты карлікавага віду людзей Homo floresiensis, якія жылі 100 тысяч — 50 тысяч гадоў таму[9]. Homo floresiensis маглі быць нашчадкамі Homo erectus, што паменшыліся ў памерах у выніку працяглага ізаляванага жыцця на востраве. Нягледзячы на малы аб’ём мозгу (420 см³) у параўнанні з сучасным чалавекам, яны выраблялі прылады працы і карысталіся агнём.

Людзі сучаснага тыпу з’явіліся на Флорэсе не раней за 50 тысяч гадоў таму[10], што прыкладна супадае з перыядам знікнення Homo floresiensis і незвычайнай багатай астраўной фаўны. Яны маглі размаўляць на папуаскіх мовах, якія доўга захоўваліся на суседнім востраве Сумбава (гл. культура Тамбора)[11] і працягваюць існаваць на астравах Алор на ўсходзе ад Флорэса[12]. Каля 3200 — 2600 гадоў таму сюды мігравалі аўстранезійцы, якія выраблялі кераміку і займаліся сельскай гаспадаркай[13]. Усе сучасныя народы Флорэса размаўляюць на аўстранезійскіх мовах. Адносная ізаляванасць розных частак вострава спрыяла іх разнастайнасці. Для моў цэнтральнага Флорэса характэрна адсутнасць афіксацыі[14], што можа сведчыць пра асаблівасці ізаляванага развіцця або ўплыў папярэдніх папуаскіх моў.

Пісьмовыя звесткі пра Флорэс упершыню з’явіліся ў XIV ст. у яванскай імперыі Маджапахіт, дзе востраў быў вядомы як Ніпазмяя»). Міфы пра паходжанне мясцовых кіруючых дынастый з Маджапахіта былі зафіксаваны ў Эндэ і ў раёне Маўмерэ[15].

У канцы 1511 г. або ў 1512 г. Флорэс быў адкрыты партугальскімі мараплаўцамі, пасланымі Афонсу ды Албукеркі з Малакі на Малукскія астравы. Першапачаткова яны пазнаёміліся з усходнім ускрайкам вострава, які атрымаў назву парт.: Cabo das Flores («мыс кветак»). Канчаткова назва Флорэс замацавалася за ўсім востравам толькі з 1636 г., калі была афіцыйна прынята Галандскай Ост-Індскай кампаніяй[16]. У 1561 г. партугальскія дамініканскія манахі заснавалі на суседнім востраве Салор хрысціянскую місію. Яна вяла сваю дзейнасць і на Флорэсе. Так, у 1599 г. было ўзгадана 8 каталіцкіх парафій, што існавалі на ўсходнім і паўночным узбярэжжах[17]. Місія на Салоры спыніла сваё існаванне ў 1613 г. з-за нападу галандцаў. Дамініканцы перасяліліся ў Ларантуку[en] на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Флорэса. У гэтым месцы таксама асядалі партугальцы, што ратаваліся ад галандскіх нападаў на Малаку і Макасар. Звычайна яны жаніліся з мясцовымі жанчынамі. Іх нашчадкі ларантукейрас актыўна займаліся гандлем, удзельнічалі ў каланізацыі Тымора. Фармальна ўсходні Флорэс быў прызнаны часткай партугальскіх валоданняў толькі ў канцы XVII ст.

У 1613—1640 гг. мангарай з заходняга Флорэса былі падпарадкаваны макасарцамі з дзяржавы Гова[18], але ў рэшце рэшт супраціўленне тубыльцаў вымусіла макасарцаў пакінуць востраў. У канцы XVII ст. землі мангарай трапілі пад уплыў султанаў дзяржавы Біма з суседняга вострава Сумбава. Вывяржэнне вулкана Тамбора ў 1815 г. саслабіла султанат, і мангарай пры падтрымцы галандцаў пазбавіліся ад яго ўлады. У 1851 г. партугальскі губернатар Тымора, заклапочаны выдаткамі, перадаў усходні Флорэс пад кіраванне Галандскай Ост-Індскай кампаніі з умовай выплаты 200 000 гульдэнаў і захавання каталіцкага веравызнання мясцовых жыхароў[19]. Дагавор быў падцверджаны партугальскім урадам толькі ў 1854 г. У 1907 г. галандская адміністрацыя распаўсюдзіла сваю ўладу на заходні Флорэс.

У 19421945 гг. Флорэс быў акупаваны японскай арміяй. У жніўні 1945 г. быў уключаны ў склад незалежнай Інданезіі. Канчаткова інданезійскае кіраванне было ўсталявана пасля 1950 г.

НасельніцтваПравіць

Карэннымі насельнікамі вострава Флорэс з’яўляюцца такія аўстранезійскія народы, як сіка, мангарай, баджа, ламахолат, палуэ, нгада, эндэ, ліё, рыунг, нагэ-кеа і інш. Асаблівасцю Флорэса з’яўляецца тое, што асноўнае веравызнанне мясцовага насельніцтва — каталіцызм (каля 60 % вернікаў), хаця колькасць мусульманскага насельніцтва таксама значная[20].

Найбуйнейшыя гарады: Маўмерэ, Эндэ, Лабуан-Баджа.

ЭканомікаПравіць

Болей за 70 % эканомікі Флорэса[21] ў той ці іншай ступені злучана з сельскай гаспадаркай (вытворчасцю і перапрацоўкай), так што будаўніцтва і прамысловасць разглядаюцца як другасныя галіны, а гандаль і паслугі — як троесныя. Асноўныя камерцыйныя прадукты сельскай гаспадаркі — арэхі (47,2 %) і кава (28,1 %). Вытворчасць кавы працягвае расці дзякуючы сусветнаму попыту і праграмам развіцця кававага турызму. Для ўнутранага спажывання вырошчваюць рыс, кукурузу і батат.

Сектар турызму не вельмі вялікі (1 %)[22], але турызм актыўна ўплывае на іншыя галіны, у тым ліку будаўніцтва і транспарт. Характэрна, што раён Лабуан-Баджа, дзе спыняецца большасць турыстаў, якія накіроўваюцца ў Нацыянальны парк Камода, дае 44 % рэгіянальнага ўнутранага прадукту.

Улады Інданезіі разглядаюць магчымасць развіцця вытворчасці геатэрмальнай энергіі[23].

Зноскі

  1. Ahmad Fauzi Purwandono, Damien Bonté, Pri Utami, Agung Harijoko, Fiorenza Deon, Fred Beekman, Subagyo Pramumijoyo, Jan-diederik van Wees Evolution of the volcanic arc on Flores Island, Indonesia, and its implication to geothermal resources
  2. Suminto, M & Morwood, I & Kurniawan, Faizal & Aziz, G & Van den Bergh, Gert & Hobbs,. (2009). 2. Geology and fossil sites of the Soa Basin, Flores, Indonesia
  3. Lake Kelimutu, A Perfect Place for Exploring the Extraordinary
  4. Indonesia Earthquake Dec 1992 UN DHA Situation Reports 1 — 9
  5. Climate — Flores (Indonesia)
  6. Reilly, Sean Bryant. Historical Biogeography of Reptiles and Amphibians from the Lesser Sunda Islands of Indonesia
  7. Bones at last: the long search for the earliest inhabitants of Flores
  8. Van den Bergh, Gert & Mubroto, Bondan & Aziz, Fachroel & Sondaar, Paul & Vos, John. (1996). Did Homo erectus reach the Island of Flores?. Bulletin of the Indo-Pacific Prehistory Association. 14
  9. Homo floresiensis: the real-life 'hobbit'?
  10. Sutikna, T., Tocheri, M., Morwood, M. et al. Revised stratigraphy and chronology for Homo floresiensis at Liang Bua in Indonesia. Nature 532, 366—369 (2016)
  11. Tambora: Mysteries of a Lost Civilization
  12. Marian Klamer Papuan-Austronesian language contact: Alorese from an areal perspective
  13. Cochrane EE, Rieth TM, Filimoehala D (2021) The first quantitative assessment of radiocarbon chronologies for initial pottery in Island Southeast Asia supports multi-directional Neolithic dispersal. PLoS ONE 16(6): e0251407
  14. Alexander Elias Are the Central Flores languages really typologically unusual?
  15. Majapahit Ancestors in the Eastern Archipelago
  16. The History of Flores, Indonesia
  17. The Portuguese on Solor and in the Lesser Sunda Islands
  18. The History of Flores, Indonesia
  19. Douglas Kammen Three Centuries of Conflict in East Timor
  20. ASIA/INDONESIA — «Flores, happy island of Muslim-Christian harmony among families, in schools and in society»: testimony from Sr Daniela Martinello, 13 years on mission in Indonesia
  21. PULAU FLORES INDAH ALAM DAN KAYA SUMBER DAYA
  22. PULAU FLORES INDAH ALAM DAN KAYA SUMBER DAYA
  23. 3 Sumber Daya Alam Di Flores

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць

  Flores (Indonesia) даведнік на сайце Wikivoyage