Фрыгійцы (стар.-грэч.: Φρύγες) — старажытны індаеўрапейскі народ, насельнікі Малой Азіі ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. - сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э.

Фрыгійцы
Фрыгіец, III - IV стст. да н. э.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Фрыгія
Мова фрыгійская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы фракійцы, магчыма армяне

Паходжанне правіць

У адрозненні ад іншых індаеўрапейскіх народаў цэнтральных раёнаў Малой Азіі, вядомых у 1 тысячагоддзі да н. э., фрыгійцы не належалі да анаталійскай групы. Старажытнагрэчаскі гісторык Герадот паведамляў, што фрыгійцы ў ранейшыя часы зваліся брыгамі і насялялі Македонію, аднак потым перасяліліся ў Малую Азію. Сярод малаазіяцкіх сваякоў фрыгійцаў ён называў армян[1]. Цікава, што Герадот ўзгадваў брыгаў яшчэ і як ваяўнічае фракійскае племя, якое працягвала жыць на поўначы Балканскага паўвострава і нават стрымлівала экспансію персаў[2]. Большасць сучасных даследчыкаў таксама прытрымліваецца думкі, што фрыгійцы былі выхадцамі з Еўропы і трапілі ў Малую Азію каля 1200 г. да н. э. сярод народаў мора. У гэтым выпадку, яны могуць лічыцца разбуральнікамі імперыі хетаў.

У "Іліядзе" Гамера фрыгійцы падобна іншым малаазіяцкім народам выступаюць саюзнікамі траянцаў[3]. Але, калі прытрымлівацца сучасных ведаў, то хутчэй фрыгійцы як раз былі тымі, хто ўдзельнічаў у аблозе і разбурэнні Троі. Магчыма, што іх эпічныя паданні трапілі да грэкаў і стварылі аснову легендарнага траянскага цыкла.

Гісторыя правіць

Ранняя гісторыя фрыгійцаў практычна невядома. Мяркуецца, што ваяўнічы народ, які разбурыў дзяржаву хетаў, і які асірыйскія крыніцы ідэнтыфікуюць як мушкі, былі продкамі фрыгійцаў і армян. Пазней яны падзяліліся на заходніх (Фрыгія) і ўсходніх (Арменія)[4]. У апошняй трэці VIII ст. да н. э. фрыгійская дзяржава набыла вялікі ўплыў. Найбольш вядомым фрыгійскім валадаром быў Мідас. Магчыма, што гэта імя маглі насіць некалькі манархаў адной дынастыі. У VII ст. да н. э. Фрыгія саслабла ў барацьбе з кімерыйцамі. Каля 620 г. да н. э. яна была далучана да Лідыі, хаця працягвала захоўваць пэўную аўтаномію.

У 546 г. да н. э. Фрыгія ўвайшла ў склад дзяржавы Ахеменідаў. У 334 г. да н. э. яна была заваявана Аляксандрам Македонскім. У 133 г. да н. э. была далучана да Рымскай дзяржавы. З 395 г. н. э. у складзе Візантыі. Насельніцтва Малой Азіі, якое размаўляла на фрыгійскай мове, узгадвалася да V ст. н. э. Мяркуецца, што фрыгійцы былі асіміляваны суседзямі не раней за VII ст.

Культура правіць

 
Рэканструкцыя фрыгійскай вопраткі

Фрыгійцы былі земляробчым народам, таксама займаліся здабычай металаў, гандлявалі лесам і г. д. Даследаванне памінальнага посуду паказала, што фрыгійцы ўжывалі алкагольныя напоі накшталт піва і віна, аліўкавы алей, смажанае на агні мяса, бабовыя, мёд, розныя травы і спецыі[5].

Археолагі таксама высветлілі, што большасць гарадскіх будынкаў фрыгійцы ўзводзілі з неабпаленай цэглы, крылі чарапічнымі дахамі[6], упрыгожвалі іх мазаікай[7]. Акрамя таго яны рабілі курганныя магільні і пячорныя пахаванні[8][9]. Цікава, што падобныя па структуры памінальныя пячорныя храмы таксама знаходзяць у Індыі[10].

Старажытная фрыгійская вопратка выразна адрознівалася так званымі фрыгійскімі каўпакамі, якія шырока выкарыстоўваліся ва ўсім Міжземнамор'і і захаваліся ў нацыянальнай вопратцы каталонцаў.

Старажытныя грэкі лічылі фрыгійцаў надзвычай мудрымі. У Грэцыі карысталіся папулярнасцю міфы, прысвечаныя розным фрыгійскім героям. Фрыгійскае паходжанне прыпісвалася Эзопу. Герадот апавядаў, што адзін з егіпецкіх фараонаў вырашыў высветліць, які народ самы старажытны на свеце. Ён быццам бы перадаў двух немаўлят для выхавання пастуху, якому было забаронена размаўляць з імі. Першае слова, пачутае пастухом ад падапечных было "бекас", што па-фрыгійску значыла хлеб. Такім чынам, фараон прыйшоў да высновы, што фрыгійцы — найстаражытнейшы народ на свеце.

Асабліва заўважны ўплыў на антычны свет фрыгійцы аказалі праз рэлігію. З Фрыгіі паходзіць культ багіні-маці Кібелы.

Зноскі

  1. Герадот, VII:73
  2. Герадот, VI:45
  3. Гамер, "Іліяда", 860
  4. I. M. Diakonoff, The Pre-history of the Armenian People
  5. From the kitchen of Midas...
  6. Recovering the Lost Art of Roof Tiling(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2013. Праверана 9 мая 2013.
  7. Rodney S. Young, Early Mosaics at Gordion(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2015. Праверана 9 мая 2013.
  8. Rodney S. Young, Phrygian Construction and Architecture(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2013. Праверана 9 мая 2013.
  9. Rodney S. Young, The Gordion Tomb(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2013. Праверана 9 мая 2013.
  10. Takeo Kamiya, MYSTERY of CAVE TEMPLES

Спасылкі правіць