Фрыц (карная аперацыя)
Аперацыя «Фрыц» (ням.: Fritz) — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войск супраць партызанскіх брыгад «Спартак», «За Радзіму», Ф. С. Шляхтунова (пазней імя Даватара), імя Варашылава, імя Гастэлы, імя Жукава, імя Ракасоўскага, асобных атрадаў партызанскіх брыгад «Жалязняк», «Народныя мсціўцы», імя С. М. Кароткіна, спецыяльнага партызанскага атрада «Сокал» і мясцовага насельніцтва ў Браслаўскім, Відзаўскім, Глыбоцкім, Міёрскім, Пастаўскім, Шаркоўшчынскім, Дунілавіцкім раёнах у верасні — кастрычніку 1943 года.
Аперацыя «Фрыц» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | верасень — кастрычнік 1943 | ||
Месца | Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі, Дунілавіцкі раёны | ||
Прычына | Прысутнасць узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр» | ||
Статус | аперацыя завершана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Ход аперацыі
правіцьАперацыя праводзілася сіламі ўсходняй баявой групы брыгадэнфюрэра СС Гарма, паўднёвай групы обергрупенфюрэра СС Мюлера, заходняй групы начальніка пагранічнай аховы так званай генеральнай акругі «Літва» Гахтэля, паўночнай групы брыгадэнфюрэра СС Шрэдэра. Баявыя групы былі сфармірованы з нямецкіх паліцэйскіх палкоў і батальёнаў спецыяльных танкавых, артылерыйскіх, авіяцыйных падраздзяленняў, часцей пагранічнай аховы так званых генеральных акруг «Беларусь», «Літва», «Латвія». Усходняя група складалася з 2 паліцэйскіх палкоў, 254-га матарызаванага батальёна, 2 артылерыйскіх дывізіёнаў, 11-й роты сувязі, нямецкай жандармерыі і паліцыі. Паўночнай групе, акрамя 16-га паліцэйскага палка былі прыдадзены 2-я авіягрупа, і танкавая егерская рота. 24 верасня карнікі пачалі акружаць вялікую тэрыторыю па лініі: возера Дрысвяты — усходні бераг возера Аболе — заходні бераг возера Богінскае — вёска Казяны — усходні бераг возера Вялікія Швакшты — вёскі Занарач — Чарэмшыцы — Крывічы — Параф’янава — горад Глыбокае — вёскі Ручай — Наўгароды — Міёры — гарадскі пасёлак Друя — возера Дрысвяты. Намнога большыя сілы праціўніка вымусілі партызан адысці з блакіраваных масіваў. Пры адступленні партызаны мініравалі дарогі, вялі засадныя баі, у некалькіх месцах прарвалі акружэнне і выйшлі ў суседнія раёны Віцебскай вобласці за чыгунку Полацк — Маладзечна. У канцы кастрычніка — пачатку лістапада партызаны вярнуліся на ранейшыя месцы дыслакацыі.
За час аперацыі паводле няпоўных звестак карнікі загубілі 590 мясцовых жыхароў, вывезлі ў Германію 12 тысяч чалавек, у тым ліку 1708 дзяцей, спалілі 87 вёсак, у тым ліку Бабылі (загубілі 25 чалавек), Браслаўская Лука (17 чалавек), Быкоўшчына (29 чалавек), Гайлешы (24 чалавека), Гробішкі (11 чалавек), Дзегцяры (12 чалавек), Забор’е (12 чалавек), Рудава (12 чалавек), Стайкі (59 чалавек) Браслаўскага раёна, Кеўлічы (28 чалавек), Стахоўскія (49 чалавек) Пастаўскага раёна, Сухавежа (60 чалавек) Міёрскага раёна, Ёды (510 чалавек) Шаркоўшчынскага раёна і іншыя. Карнікі захапілі 36 тысяч галоў жывёлы, 1608 цэнтнераў збожжа, 4104 цэнтнеры бульбы, 1111 цэнтнераў сена, саломы, гародніны.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. Фрыц // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 608-609. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.