Фёдар Рыгоравіч Маркаў

Фёдар Рыгоравіч Ма́ркаў (11 (24) снежня 1913, в. Качанішкі, Свянцянскі павет — 27 студзеня 1958, Маладзечна) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, палкоўнік.

Маркаў Фёдар Рыгоравіч
Помнік Ф. Маркаву ў Маладзечне
Помнік Ф. Маркаву ў Маладзечне
Дата нараджэння 11 (24) снежня 1913(1913-12-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 студзеня 1958(1958-01-27) (44 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць  СССР
Род войскаў партызанскі рух
Гады службы 1941—1944
Званне палкоўнік
Бітвы/войны Вялікая Айчынная вайна
Узнагароды і званні
Медаль «Залатая Зорка»
Ордэн Леніна Ордэн Леніна
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў вёсцы Качанішкі Свянцянскага павета.

У 1934 годзе скончыў Свянцянскую настаўніцкую семінарыю. У 1932 годзе ўступіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, у 1934 годзе — у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. З 1934 года — сакратар Свянцянскага, з 1936 года — Свянцянска-Браслаўскага акруговага падпольных камітэтаў КПЗБ. У 1936 годзе быў арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузкі канцлагер, затым у турму ў Вільні (у 1937—1939 гадах).

У верасні 1939 г. вызвалены з турмы Чырвонай Арміяй і прызначаны старшынёй Свянцянскага гарсавета, член Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі. З канца 1940 года — намеснік старшыні Вілейскага аблвыканкама.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце з чэрвеня 1941 года, палітрук роты на Заходнім фронце, удзельнік прыгранічных абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі. У жніўні 1941 года па рашэнні партыі адкліканы з фронту і накіраваны ў тыл ворага. З верасня 1941 года — камандзір спецгрупы.

У навагоднюю ноч 1942 года ў Шэметава Свірскага раёна (цяпер — Мядзельскі раён) савецкімі партызанамі з атрада Фёдара Маркава быў спалены сядзібны дом. Падчас атакі загінулі 19 мірных жыхароў, у тым ліку апошняя гаспадыня сядзібы Габрыела Скірмунт, яе дачка Лідзія Габрыела Карыбут-Дашкевіч, князь Юзэф Друцкі-Любецкі і адміністратар маёнтка Бачкоўскі[1].

Гучную вядомасць набыла дыверсія партызанскага атрада на дарозе Свянцяны — Лынтупы. 20 мая 1942 года савецкія партызаны расстралялі аўтамабіль, які ехаў без аховы. Загінулі высокапастаўленыя нямецкія афіцэры — гебітскамісар Вілейскай акругі генерал Ёзэф фон Бек, начальнік жандармерыі Вальтэр Груль і яшчэ адзін афіцэр вермахта. Немцы ўзялі ў заложнікі 200 жыхароў Лынтупаў і навакольных вёсак. Імі былі распаўсюджаныя ўлёткі з заклікам партызанам здацца, пагражаючы ў адваротным выпадку расстраляць закладнікаў. У выніку закладнікаў расстралялі. Гебітскамісар Вільні загадаў расстраляць яшчэ 400 палякаў са Свянцян. Дадаткова літоўскія паліцыянты расстралялі 1200 чалавек са Свянцянскага раёна. У далейшым па сваёй ініцыятыве расстралялі 150 зняволеных з Лукішскай турмы. За паспяховую дыверсію Маркаў у маі 1942 года быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя А. В. Суворава.

З лістапада 1942 года — камандзір партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава і адначасова з красавіка 1943 года — начальнік ваенна-аператыўнага аддзела партызанскага злучэння Вілейскай вобласці.

Летам 1943 года нямецкі гарнізон пад уплывам ваенных поспехаў Арміі Краёвай пакінуў мястэчка Кабыльнік (цяпер — аграгарадок Нарач; месца масавага знішчэння яўрэяў). Скарыстаўшыся гэтым, паселішча часова захапілі «маркаўцы». Падчас сваёй акцыі партызаны выганялі з дамоў жыхароў мястэчка, а сам Кабыльнік спалілі.

28 жніўня 1943 года савецкія партызаны, узначаленыя Ф. Маркавым, захапілі базу брыгады «Кміціц» польскай Арміі Краёвай каля вёскі Гатавічы (цяпер — Мядзельскі раён). Аднакласнік Маркава, камандзір польскіх «краёўцаў» Антон Чаховіч (канспіратыўныя імёны «Бужынскі», «Нурмо», «Кміцыц») і каля 80 «краёўцаў» былі расстраляныя. Астатнія былі прымусова ўключаны ў партызанскі атрад імя Ванды Васілеўскай («Васількі») і размеркаваны паміж іншымі атрадамі.

З лістапада 1943 года да вызвалення вобласці ў ліпені 1944 года — сакратар Вілейскага падпольнага абкома КП(б)Б.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў у тыле ворага і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі палкоўніку Маркаву Фёдару Рыгоравічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[2].

 
Магіла Фёдара Рыгоравіча Маркава на Старых могілках у Маладзечне

З верасня 1944 года палкоўнік Ф. Р. Маркаў у запасе. З 1944 года працаваў намеснікам старшыні Вілейскага, а пазней — Маладзечанскага аблвыканкамаў. У 1948 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—1958 гадах.

Памёр 27 студзеня 1958 года. Пахаваны ў Маладзечне.

Узнагароды

правіць

Памяць

правіць
  • У горадзе Маладзечна імем Ф. Р. Маркава названы вуліца і парк, устаноўлены бюст.
  • У 1958 годзе на магіле Ф. Р. Маркава на могілках у Маладзечне ўсталявана стэла з барэльефам (скульптар З. Азгур).
  • Імем Ф. Р. Маркава названы вуліцы ў Вілейцы, Паставах, Лынтупах, Мядзелі.

Зноскі

  1. [Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: Сумежжа, 2008. — 64 с. — С. 56]
  2. Указ Президиума Верховного Совета СССР «О присвоении звания Героя Советского Союза белорусским партизанам» от 1 января 1944 года // Ведомости Верховного Совета Союза Советских Социалистических Республик : газета. — 1944. — 6 января (№ 1 (261)). — С. 1

Літаратура

правіць
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кн. 2. / АН БССР; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — 308 с. — 8 000 экз.
  • Руткевіч, С. «Умела і тактоўна» // Наша гісторыя, № 1, 2019, с.24-27. ISBN 2617—2305

Спасылкі

правіць