Філатэлістычная сумесь

Філатэлісты́чная су́месь — сукупнасць вялікай колькасці несартаваных або часткова сартаваных паштовых марак, іншага філатэлістычнага матэрыялу, якая мае агульную ўпакоўку і выстаўленая для аптовага продажу філатэлістам. Як правіла, прадавец пры гэтым пазначае яе вагу нета[заўв 1] і/або прыблізную колькасць адзінак тавару. У англамоўнай літаратуры пазначаецца кілава́р, кі́ла-тава́р, кілава́рны тава́р, ма́ркі ў сто́ку (англ.: kiloware, kilo ware, boxlot, stamp mixture, bulk mixture, stock of stamps).

Камерцыйны сэнс

правіць
 
Кілавар з румынскіх марак.

Звычайна філатэлістычная сумесь выстаўляецца на продаж філатэлістычнымі дылерамі, маштабы дзейнасці якіх робяць камерцыйна нявыгадным дэталёвы разбор усяго філматэрыялу — пры гэтым яны загадзя могуць даволі дакладна разлічыць кошт для дробнааптовага продажу з улікам свайго інтарэсу на аснове ацэнкі імавернасці знаходжання ў тавары пастаўшчыкоў больш-менш каштоўных аб’ектаў, якія патрабуюць большай увагі.

Крытэрый апошніх — каталожная цана больш за адзін долар ЗША[1] (як правіла, такія маркі складаюць не больш за 3-5 % усёй сумесі). У большасці выпадкаў дылеру выгадней прадаваць тавар максімальна хутка — у тым ліку не разабраным, перакладаючы ўсю або большую частку такой працы на пакупнікоў-калекцыянераў, — бо пераважная большасць марак з часам значна падае ў цане.

Шматгадовы вядучы сайта «Junior Philatelists» Кен Сцюарт (англ.: Ken Stewart) піша пра гэта так:

  Калі Вы шукаеце новыя паштовыя выпускі, чакаючы, што яны падаражаюць, забудзьцеся пра гэта. Велізарная большасць іх згубіць каштоўнасць. Каталожныя цэны на новыя маркі звычайна ўдвая перавышаюць іх намінальны кошт, што дазваляе дылерам прадаваць свой тавар па цэнах ніжэй за ўстаноўленыя і ўсё яшчэ рабіць грошы.  

Для калекцыянераў пакупка марак у філатэлістычных сумесях мае перавагі праз камбінацыю некалькіх фактараў[2]:

  • Вельмі нізкая цана за асобнік, часам адзін-два цэнты ці менш. Па падліках філатэлістычнага выдання «Linn's Stamp News», маркі ў сумесях пераважна прадаюцца за 5 % ад той цаны, якую яны мелі бы ў філатэлістычнай краме, калі б іх прадавалі паасобку. Фактар цаны становіцца асабліва важным, калі калекцыянер — пачатковец, мае вялікую колькасць вольнага часу або від ці тэма яго калекцыі не мае на мэце збіранне поўных серый;
  • Тое, што для дылера з’яўляецца руціннай нявыгаднай працай, — сарціроўка сумесей, — для філатэліста часта поўнае спецыфічных эмоцый;
  • Калекцыянер усё жа мае невялікую імавернасць набыць і знайсці ў сумесях штосьці камерцыйна каштоўнае;
  • Як правіла, калі адваротнае не агаворваецца, калекцыянер атрымлівае самыя свежыя паштовыя маркі, якія прадаюцца толькі ў паштовых аддзяленнях — звычайна такія маркі, пакуль іх наклады яшчэ не вельмі распаўсюдзіліся па альбомах усіх жадаючых, як было ўжо сказана вышэй, каштуюць даражэй, чым, напрыклад, маркі мінулага года;
  • На дадатковым разборы сумесей ды давядзенні матэрыялу да стадыі набораў або аркушаў узгаднення часам таксама можна зарабіць праз перапродаж іншым філатэлістам. У гэтым выпадку такі пакупнік становіцца дэ-факта субпадрадчыкам дылера, хаця апошні можа гэтага і не ведаць.

Віды і паходжанне

правіць

Першасная сарціроўка

правіць

Вялікая частка філатэлістычных сумесей прадаецца ўвогуле без сарціроўкі. Першасная сарціроўка мае пад сабой групоўку аб’ектаў па відзе — гэта могуць быць:

  • Цэлыя рэчымаркі-на-паперы», on-paper) — часта пад on-paper маецца на ўвазе on-piece;
  • Выразкімаркі-на-кавалках», on-piece) — звычайна, але не заўсёды, on-piece прадугледжвае захаванне поўнага адбітка паштовага штэмпеля — калі не, то пішацца аб close-cut, «караткастрыжанай» сумесі;
  • Гашаныя маркі («маркі-без-паперы», off-paper або used stamps);
  • Або, зрэдку, нягашаныя маркі (mint stamps).

У сваю чаргу, сумесі з выразак падзяляюцца на «аднапапяровыя» і «дзвюхпапяровыя» (on single або on double paper). У першым выпадку ад канверта пакідаюць толькі кавалак з аднаго яго, пярэдняга, боку, а ў другім — з абодвух, прыхопліваючы і бок з клапанам. Зразумела, што сумесь другога роду патрабуе менш працы нажніцамі і больш тэхналагічная, але яна пры аднолькавай вазе змяшчае прыкладна ўдвая менш марак, чым сумесь першага, а філатэліст набывае, адпаведна, удвая болей макулатуры. З іншага боку, «дзвюхпапяровая» сумесь паказвае, што яе элементам надавалася менш увагі з боку дылера, а, значыць, у ёй большая імавернасць знаходжання каштоўных асобнікаў.

Набываючы сумесь якогасьці з першых двух варыянтаў (on-paper або on-piece), філатэліст-пакупнік пасля сарціроўкі сумесі адмочвае маркі ад паперы, сушыць іх і змяшчае ў сваю калекцыю і абменны фонд. У некаторых выпадках (напрыклад, пры цікавых гашэннях) ён пакідае падобные аб’екты, як ёсць. Маркі трэцяга і чацвёртага варыянтаў (used stamps або mint stamps) пасля ўважлівага агляду іх стану і адбракоўкі ўжо гатовыя для змяшчэння ў калекцыю. Як правіла, дылеру прасцей заўважыць і адсеяць пашкоджаныя асобнікі, калі ён фарміруе сумесь «без паперы», таму прынята лічыць, што ў такой сумесі іх працэнт ніжэйшы.

Звычайна сам характар крыніцы ўжо мае пад сабой тую ці іншую першасную сарціроўку сумесей і даводзіцца дылерам да ведама патэнцыйных пакупнікоў. Так, вылучаюць[3]:

  • Місіянерскія сумесі (mission kiloware, mission mixtures, charity mixtures). Крыніца іх паходжання — розныя царкоўныя, рэлігійныя, місіянерскія, дабрачынныя, грамадскія арганізацыі, таварыствы, секты. Іх члены і валанцёры абходзяць дзясяткі і сотні офісаў кампаній і фірмаў, збіраючы ў якасці ахвяравання ў іх персаналу выкарыстаныя падчас дзелавой перапіскі канверты, паштоўкі, спам з маркамі. Некаторыя падобныя некамерцыйныя арганізацыі (НКА) вядуць і актыўнае ўласнае ліставанне, вынікам якога становяцца такія жа цэлыя рэчы. Валанцёры робяць з іх выразкі або аддзяляюць ад іх маркі, фарміруюць філатэлістычную сумесь і прадаюць яе дылерам;
  • Банкаўскія сумесі (bank kiloware, bank mixtures, office mixtures). Фарміруюцца падобным чынам, але без пасрэдніцтва некамерцыйных арганізацый-збіральнікаў. Як правіла, банкі ды іншыя фінансавыя ўстановы маюць настолькі вялікі аб’ём перапіскі, што для філатэлістычных дылераў з’яўляецца сэнс дамаўляцца аб аптовым выкупе цэлых рэчаў непасрэдна і на рэгулярнай аснове. На філатэлістычным рынку банкаўскія сумесі каштуюць больш, чым місіянерскія, з прычыны большай аднароднасці матэрыялу, значнай колькасці марак высокіх наміналаў (high face values), характэрных для бізнес-перапіскі, і значнай долі цэлых рэчаў замежнага паходжання. Варта ўлічваць, што, паколькі ў наш час банкі ды падобныя бізнес-структуры амаль цалкам перайшлі на франкіроўку карэспандэнцыі з дапамогай франкатыпаў, назва сумесі цяпер не больш, чым метафара, даніна традыцыі;
  • «Дамашнія» сумесі (homemade kiloware, homemade mixtures). Вынік падобнай жа дзейнасці, якая ажыццяўляецца прыватнай асобай, найчасцей падлеткам ці пенсіянерам, які мае шмат свабоднага часу для такой падпрацоўкі. Звычайна праца па зборы сумесей адбываецца без утварэння юрыдычнай асобы, часам толькі зрэдку, а фарміраваннем тавару чалавек займаецца наўпрост дома. «Дамашнія» сумесі па змоўчванні прадугледжваюць крыху большую ўвагу вытворцы да сваёй прадукцыі і, адпаведна, меншую колькасць браку — марак з заломамі, надрывамі, наліплым брудам і інш.;
  • Выпадковыя сумесі (loose kiloware, loose stamps, space filler mixture)[4] — неразабраныя сумесі вельмі вялікай колькасці заведама трэцясортнага не новага філматэрыялу агульнай вагой у некалькі кілаграмаў. Яны з’яўляюцца вынікам змешвання марак ад розных пастаўшчыкоў, а іх прывабнасць для калекцыянераў як раз у вазе — яна з’яўляецца пэўнай гарантыяй таго, што дылер не праглядзеў змесціва нават бегла, і, значыць, мог пакінуць у такой сумесі дзясятак-іншы каштоўных экспанатаў. Зрэшты, часта дылеры фарміруюць падобныя сумесі як раз з «адвалаў» пасля першаснага прагляду матэрыялу ад кожнага свайго пастаўшчыка, аб чым шчыра і папярэджваюць. Фактычна філатэлістычныя дылеры такім чынам гарантуюць толькі адно: што на кожным кавалку чагосьці прысутнічае нейкая марка, не абавязкова паштовая і не абавязкова ў цэлым стане.

Думка аб тым, што для арганізацый-ахвярадаўцаў у падобнай дзейнасці адсутнічае камерцыйны разлік, з’яўляецца памылковай. Як правіла, дарэнне адбываецца ў абмен на дакументальнае пасведчанне, якое завяраецца прадстаўніком НКА, аб характары і, галоўнае, ацэначнай суме ахвяраванага. Падобныя пасведчанні ў далейшым дазваляюць кампаніі зменшыць падатковую нагрузку, бо дабрачыннасць у многіх дзяржавах не абкладаецца падаткамі. Таму даручэнне сакратару не выкідаць непатрэбную карэспандэнцыю, а назапашваць яе ў вялікіх мяхах ці каробках і перыядычна перадаваць іх у дар валанцёрам з НКА, нясе карысць[5].

Другасная сарціроўка

правіць

Як правіла, пры продажы філатэлістычнай сумесі дылер пазначае, праглядзеў ён яе ці не. Першае значыць, што ён, хутчэй за ўсё, адабраў з сумесі большую частку асобнікаў, якія падаліся яму каштоўнымі (такую сумесь часта называюць checked або picked mixture). У другім выпадку дылер кваліфікуе тавар як unchecked/unpicked — г. зн. без адбору, «як ёсць».

Другасная сарціроўка значыць, што значная частка працы ўжо зроблена. Такія сумесі ў цэлым называюцца «прагледжанымі ўручную» (handchecked або handpicked mixture). Іх перавагі:

  • Адлоў амаль усіх дублікатаў і моцна пашкоджаных асобнікаў;
  • Сарціроўка па памеры і паўнаколернасці — як правіла, стандартныя маркі, у адрозненне ад камемарацыйных, друкуюцца ў адну фарбу і маюць меншы памер. Камемаратыў цэніцца вышэй;
  • Адбор марак па краінах або групах краін.

Такія сумесі, хаця таксама прадаюцца на вагу, каштуюць значна даражэй за папярэднія. Звычайна яны маюць больш дробную расфасоўку, да паловы кілаграма. У іх знаходзіцца матэрыял больш высокай якасці, але «неспадзяванак» ва ўручную адабраных сумесях ужо не знайсці.

Канчатковая сарціроўка

правіць
 
Набор са ста розных гашаных паштовых марак Мальты ў папяровым канверце (Валета, Мальта, 2001 г., цана — 2,5 мальтыйскія ліры).

На гэтым этапе адбываецца ператварэнне кілавару ў наборы марак (selection, selected stamps, sorted stamp selection, stamp packets). Пасля тонкай сарціроўкі (fine sorting) філатэлістычны матэрыял практычна заўсёды прадаецца меншымі порцыямі (≈2—3 унцыі) і ўжо не на вагу, а па дакладнай колькасці асобнікаў у тым ці іншым наборы — бо колькасць становіцца вядомай у выніку разбору і менавіта яна цікавіць філатэлістаў-пакупнікоў.

Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца наборы па 50, 100, 200, 300 і 500 марак. Часам яны бываюць меншымі (ад 5—10), ёсць і большыя мега-ўпакоўкі (іх калі-нікалі называюць king-size pack) — 1, 3, 5 і нават 10 тысяч штук. Агульная прыкмета ўсіх набораў — вытворца падбірае маркі па пэўнай прыкмеце і гарантуе пэўны стан тавару. Найчасцей пры продажы дылеры звяртаюць увагу пакупнікоў на наступныя характарыстыкі набораў:

У залежнасці ад віду філатэлістычнай калекцыі, для яе ўласніка будзе мець перавагу той ці іншы тып набораў.

Упакоўка і гандаль

правіць
 
Перавязаныя папяровымі стужкамі паштовыя маркі Трэцяга рэйха і Аўстрыі.

Упакоўка

правіць

Калі філатэлістычныя сумесі, якія прайшлі першыя апісаныя стадыі апрацоўкі, прадаюцца на вагу ў мяхах ці каробках, то наборы марак, як правіла, упакоўваюцца ў запячатаныя канверты ці пакеты з паперы або калькі (glassine) рознага памеру, у залежнасці ад колькасці марак. У большасці выпадкаў такія пакеты маюць празрыстае акенца з плёнкі або цалкам вырабляюцца з празрыстага матэрыялу — каб пакупнік мог бачыць змесціва.

Менш распаўсюджаным, але ўсё яшчэ папулярным варыянтам, з’яўляецца продаж сумесей і набораў звязкамі (bundle kiloware, bundleware). Часта такімі перавязанымі папяровымі ці шаўковымі стужкамі пачкамі прадаюць аднолькавыя маркі ці серыі, што маюць аднолькавы фармат. Звязкі часам дасягаюць 50—300 асобнікаў і, як правіла, яны зручныя для дробных філатэлістычных дылераў, якія імкнуцца напоўніць свае крамы асартыментам.

 
Звязкі паштовых марак Брытанскай Індыі.

Спосаб захоўвання і продажу марак звязкамі быў асабліва папулярны ў класічны перыяд развіцця філатэліі (г. зн. да XX ст.), калі большасць марак была беззубцовай, а альбомы для марак і клясеры яшчэ не былі распаўсюджаныя. Вядома, напрыклад, што Імператар Усерасійскі Аляксандр III і пісьменнік Антон Чэхаў захоўвалі свае вялікія калекцыі паштовых марак менавіта ў такім выглядзе — перавязанымі стужкамі пачкамі, складзенымі ў каробкі[6]. У далейшым гэты спосаб страціў папулярнасць, бо стужкі часта пашкоджваюць зубцы марак, маркі датыкаюцца адна да адной, што цягне за сабой пэўную рызыку іх псавання. Таксама разглядаць калекцыю ў такім выглядзе не вельмі зручна: прыходзіцца кожны раз развязваць пачкі, а потым нанова іх фарміраваць.

Яшчэ адзін спосаб упакоўкі набораў марак — аркушы ўзгаднення. Аб’екты, як правіла, групуюцца па краінах, тэматыцы, матывах, храналогіі ці любой іншай прыкмеце і раўнамерна размяркоўваюцца па аркушы — так, каб можна было ўважліва разглядзець кожны. Від аркушаў узгаднення звычайна альбомны, фарматам A4, A3 або прамежкавым між імі. Матэрыял — шчыльная папера, кардон ці пластык, колер фону — роўны, найчасцей чорны, але бывае і светлы. Філатэлістычныя аб’екты запіхваюцца ў празрыстыя кішэнькі або (асабліва да 1970-х — 1980-х гадоў) прымацоўваюцца да аркуша з дапамогай асаблівых налепак.

З адзіночных аркушаў могуць рабіцца брашуры для зручнасці іх транспарціроўкі (перасылкі) і вывучэння змесціва пакупніком. Звычайна сукупнасць такіх аркушаў называюць «сшыткам». Асаблівы від такіх брашур з аркушаў з маркамі (як правіла, загадзя пагашанымі) быў распаўсюджаны ў былым Савецкім Саюзе: Цэнтральнае філатэлістычнае агенцтва «Саюздрук» увяло ў практыку выпуск тэматычных падборак марак на аркушах-брашурах фарматам, блізкім да A4. Такія сшыткі выпускаліся накладамі па 10—50 тысяч асобнікаў. Невялікія жа тэматычныя наборы паштовых марак (па 7—15 штук), як правіла, распаўсюджваліся ў празрыстых або непразрыстых пакеціках з мастацкім чынам аформленымі ўкладышамі.

Некаторыя дылеры, якія маюць дастатковы аб’ём продажу, вырабляюць аркушы прамысловым чынам, звычайна з пластыку ці пластмасы. Калі-нікалі такія ці да іх падобныя аркушы называюць планшэтамі для марак[7] або штат-картамі[8]. Як правіла, у іх прадугледжваецца і другі элемент: празрысты з аднаго боку абарончы кажух, куды змяшчаецца ўласна аркуш з празрыстымі жа кішэнькамі. Нягледзячы на тое, што такія аркушы па сутнасці шматразовыя, яны перадаюцца пакупніку разам з таварам. У гэтым выпадку адначасова вырашаецца і праблема наяўнасці ў яго канверта для змяшчэння і транспарціроўкі пакупак.

Продаж

правіць

Найбольш тыповы прадавец філатэлістычных сумесей — небуйны дылер, уладальнік крамы карысных дробязей (dime store). У той час, як большасць такіх абслугоўвае кліентаў свайго раёна ці горада, буйнейшыя дылеры пашыраюць продаж, ствараюць сеткі профільных крам, выходзячы за межы роднага рэгіёна. Часам дылеры для прываблівання пакупнікоў фарміруюць спецыяльныя ўзоры сумесей (samples), каб іх якасць магчыма было вызначыць, не рызыкуючы вялікімі грашыма.

Прадаўцы, якія адаптаваліся да інтэрнэту, ствараюць вэб-сайты, на якіх філатэлістычны матэрыял прапаноўваецца рэзідэнтам любой краіны свету, а таксама выстаўляюць тавар на інтэрнэт-аўкцыёнах (напрыклад, на EBay) у якасці лотаў (і ў гэтым выпадку філсумесь звычайна называецца бокслот).

Фунт ці палову кілаграма марак «місіянерскай сумесі» звычайна можна прадаць дылеру за 0,5—1,5 долара. Сам ён выстаўляе гэта на рынак па 3—5 долараў. Дзесяць фунтаў марак «на паперы» — 35—40 долараў. Праходжанне кожнага з апісаных этапаў сарціроўкі павялічвае цану прадукту ў 2—5 разоў. Цана адсартаваных набораў моцна залежыць ад параметраў, па якіх маркі, што ўваходзяць у іх, былі адабраныя, і можа адрознівацца ад аналагічных у разы і нават дзясяткі разоў. Напрыклад, фунт гашаных марак Германіі звычайна каштуе каля 15 долараў, а Люксембурга — каля 40[5].

Пакупка

правіць

Некаторыя філатэлістычныя выданні на рэгулярнай аснове праводзяць кантрольныя закупкі і разбор сумесей ад розных дылераў і публікуюць вынікі з параўнаннем патрачаных на пакупку сумесей грошай з патэнцыяльным коштам марак, якія былі ў сумесях, уключаючы працэнт дублікатаў, пашкоджаных асобнікаў і інш. Напрыклад, «Linn's Stamp News» шмат гадоў вядзе спецыяльную рубрыку «Філатэлія на кухонным стале» («Kitchen Table Philately»). Аднак, напрыклад, Кен Сцюарт (Ken Stewart) папярэджвае:

Калонка ў Linn’s па сумесях — добрае месца для пачатку [знаёмства з гэтым рынкам]. Але памятайце, што Linn’s не збіраецца выходзіць і гаварыць, што Вам не варта набываць сумесі ў дылера Х, бо гэта рабаванне. Чаму? Таму што дылер Х — рэкламадавец Linn’s.

Увогуле рэкамендацыі пакупніку сумесей мала адрозніваюцца ад звычайных парад спажыўцу, які ўступае ў рыначныя адносіны з прадаўцом. Важна разумець, часам дылер не паведамляе поўную інфармацыю аб тавары з мэтай больш простага і хуткага продажу.

Акрамя гэтага, трэба разумець, што ў шэрагу выпадкаў дылеры працягваюць называць наборы, якія прайшлі сарціроўку, «кілаварам» ці «мікстурамі», таму перад пакупкай варта ўдакладняць, што менавіта мае на ўвазе прадавец і ці адпавядаюць параметры набораў заяўленаму. Варта звярнуць увагу і на тое, што дылеры ў сваіх рэкламных інтэрнэт-аб’явах часта выкарыстоўваюць для ілюстрацыі тыповыя выявы з фотабанкаў, таму атрыманы ад іх па пошце заказ можа моцна адрознівацца ад створанага ў рэкламе вобраза[9].

Пры разборы філатэлістычных сумесей і высвятленні цэн на набытыя маркі па каталогах не варта ўспрымаць апошнія як аферту — гэта ўсяго толькі ацэнка, якая фарміруецца кампаніямі-мейджарамі. Рэальная цана рынку, даступнага радавому філатэлісту, можа аказацца і, хутчэй за ўсё, акажацца значна ніжэйшай (у сярэднім 10—15 %, максімум 20 % ад пазначанай у каталогах цаны). Гэта звязана з нізкай ліквіднасцю філатэлістычнага рынку і невялікай колькасцю яго ўдзельнікаў, асабліва па-за буйнымі гарадамі і развітымі краінамі.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Першапачаткова ў краінах Еўропы, у кілаграмах, адсюль тэрмін kiloware — кілавар. У наш час большая частка сумесей прадаецца таксама на вагу — у фунтах і унцыях (ЗША, Вялікабрытанія, іх былыя калоніі) або ў кілаграмах і сотнях грамаў (Еўропа, астатні свет).

Крыніцы

правіць
  1. Сцюарт, К. Buying Stamps — Kiloware and Mixtures Архівавана 11 верасня 2017. — артыкул на junior-philatelists.com. (англ.) (Праверана 17 снежня 2008)
  2. Miller, R. Mixtures, packets, lots: what’s the difference? Архівавана 15 снежня 2008. — Linn's Stamp News, 10 мая 2004 года. (Праверана 17 снежня 2008)
  3. Клуг, Дж. «What stamps to buy and where to buy them» Архівавана 24 чэрвеня 2008. — Linn’s Stamp News, 3 верасня 2001 года. (Праверана 17 снежня 2008)
  4. Miller, R. Mixtures, packets, lots: what’s the difference? Архівавана 15 снежня 2008. — Linn’s Stamp News, 10 мая 2004 года. (Праверана 17 снежня 2008)
  5. а б Кірылава, А. «Филателия» (ч. I) — артыкул на сайце «Lib.Ru: Сервер „Заграница“». (руск.) (Праверана 17 снежня 2008)
  6. З артыкула Архівавана 14 кастрычніка 2008. Арлова на сайце Цэнтральнай гарадской публічнай бібліятэкі Таганрога. Архівавана 14 кастрычніка 2008. (Праверана 17 снежня 2008)
  7. Гл. прыклад(недаступная спасылка) планшэта для марак на сайце філатэлістычнага дылера «Стандарт-коллекция». (Праверана 17 снежня 2008)
  8. Гл. узор Архівавана 16 студзеня 2008. штат-карты на сайце «Немецкая марка». Архівавана 20 красавіка 2008. (Праверана 17 снежня 2008)
  9. «Things to look for when buying stamp kiloware»(недаступная спасылка) — артыкул карыстальніка fanfreluche на сайце «Qassia» Архівавана 3 лістапада 2008. (англ.) (Праверана 17 снежня 2008)

Літаратура

правіць
Кнігі
Перыёдыка

Спасылкі

правіць