Філы
Філы, або Філе, або Філэ (араб. فيله, лац.: Philae, грэч. Φιλαί або Φίλαι, ад егіп. П-і-лак, што азначае «востраў Лак» або, магчыма, «востраў Канца»[1]) — востраў пасярод Ніла, на якім, па старажытнаегіпецкіх павер'ях, быў пахаваны Асірыс. У антычнасці да яго ўжываўся эпітэт «недаступны»: на свяшчэннай зямлі маглі жыць толькі жрацы, нават птушкі і рыба нібыта пазбягалі яго берагоў. Яшчэ раней востраў служыў перавалачным пунктам для гандлю фараонаў з Нубіяй. Знаходзіцца пад аховай ЮНЭСКА як помнік Сусветнай спадчыны.
Помнікі Нубіі ад Абу-Сімбел да Філэ* | |
---|---|
Nubian Monuments from Abu Simbel to Philae** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Егіпет |
Тып | Культура |
Крытэрыі | i, iii, vi |
Спасылка | 88 |
Рэгіён*** | Афрыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1979 (3 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Старажытныя аўтары называлі Філамі два невялікія астравы ля першага парога Ніла. Уласна Філе з іх меншы (да затаплення — 380 метраў у даўжыню і 120 метраў у шырыню), але цікавейшы для гісторыкаў і археолагаў. Пры Пталамеях востраў быў шчыльна забудаваны будынкамі, пры ўзвядзенні якіх выкарыстоўваўся граніт з мясцовых кар'ераў, і многія з пабудоў захаваліся да нашага часу.
Нектанеб I узвёў на паўднёвым ускрайку вострава храм у гонар багіні Хатхор. Яго справу падтрымалі Пталамеі і першыя рымскія кіраўнікі Егіпта. За падвойнымі прапілеямі высіліся гранітныя львы, каменныя клеткі для свяшчэнных ястрабаў[2] і два трынаццаціметровыя абеліскі. На сценах храма былі высечаны рэльефы са сцэнамі з жыцця Асірыса. Храм у Філе — выключнае па паўнаце сведчанне эвалюцыі традыцый старажытнаегіпецкага мастацтва ў перыяд элінізму.
Храм у Філах праіснаваў да часоў Юстыніяна — ледзь не апошняе язычніцкае свяцілішча на землях Візантыі. Звязана гэта было з тым, што яго лічылі прысвечаным Ісідзе, якая ў позняй антычнасці атаясамлялася з Кіпрыдай і збліжалася з Багародзіцай. Пры Юстыніяне храм быў пераасвечаны як Багародзічная царква; яго рэльефы сістэматычна знішчаліся хрысціянскімі манахамі і радыкальнымі іканаборцамі.
У XX стагоддзі перад навуковай супольнасцю паўстала праблема захавання эліністычнай спадчыны Філе з прычыны пагрозы затаплення вострава водамі вадасховішча Насер пасля ўзвядзення Асуанскай плаціны. Ужо першая дамба, збудаваная ў 1902 годзе англічанамі, падтапіла частку вострава, што нанесла вялікую шкоду помніку — была страчана паліхромія рэльефаў, разбураны некаторыя часткі збудаванняў. Пры збудаванні Асуанскага вадасховішча (1960) ЮНЕСКА выступіла з ініцыятывай пераносу храма на Элефантыну. Помнік быў старанна абмераны і сфатаграфаваны, пасля чаго каменныя блокі былі перавезены і зноў сабраны на востраве Агіліка, размешчаным у 500 метрах уверх па цячэнні.
Храм, перанесены на востраў Агіліка | Кіёск Траяна | Інтэр'ер храма. Ілюстрацыя з кнігі Description de l'Égypte, ou Recueil des observations et des recherches qui ont été faites en Égypte pendant l’expédition de l’armée française (1809—1822) |
Зноскі
- ↑ Востраў знаходзіўся на паўднёвай граніцы Егіпта, горад на ім быў самым паўднёвым пунктам Егіпта — гл. Реальный словарь классических древностей — Филы(недаступная спасылка)
- ↑ Клеткі ў наш час знаходзяцца ў Луўры і ў Фларэнцыі
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Філы