Фёдар Іванавіч Яраславіч

князь пінскі
(Пасля перасылкі з Ф. І. Яраславіч)

Фёдар Іванавіч Яраславіч (1463—1471[1], Клецк — лістапад 1521—люты 1522, Пінск) — рускі арыстакрат, вялікалітоўскі магнат, князь пінскі (1501—1522).

Фёдар Іванавіч Яраславіч
Нараджэнне не раней за 1463 і не пазней за 1471
Смерць не раней за лістапад 1521 і не пазней за люты 1522
Род Рурыкавічы
Бацька Іван Васілевіч Яраславіч[d]
Маці Еўдакія з Варатынскіх[d]
Дзейнасць арыстакрат

Біяграфія правіць

Сын серпухаўскага княжыча Івана Васілевіча Яраславіча (пам. 1507), уцекача з Вялікага Княства Маскоўскага,[2] і Еўдакіі з Варатынскіх.

 
Аляксандра (Алена) Алелькавіч (гравюра з працы Барташа Папроцкага «Гняздо цноты», 1579)

У 1498 годзе ажаніўся з Аляксандрай (звалася Аленай, нар. да 1471), дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча і Марыі Янаўны з Гаштольдаў, тым часам адзінай спадчанніцай бацькоў.[1]

Пасля смерці ў сакавіку-маі 1501 года цёшчы, княгіні Марыі, праз жончыну спадчыну і прывілей караля атрымаў Пінскае княства з правамі паўсуверэна, отчыннага гаспадара. Пасля смерці бацькі ў 1507 годзе атрымаў Клецк, Гарадок Давыдаў і Рагачоўскую воласць. У 1508 годзе атрымаў ад гаспадара Вядскую воласць, уладанне збеглага князя Міхаіла Глінскага. Такім чынам стаў адным з найзаможнейшых магнатаў Княства.[1]

У канцы XV — пачатку XVI ст. уладанні князёў Івана Васілевіча і Фёдара Іванавіча цярпелі ад частых наездаў крымскіх татараў, яны нават спалілі Клецк у 1503 годзе. Напэўна таму князі звярнуліся па заступніцтва святога-воіна Дзмітрыя Салунскага, пабудавалі ў яго імя саборы ў Пінску (1502) і Гарадку Давыдавым (1507). Усе дакументы звязаныя з гэтым князь Фёдар пісаў уласнаручна, што сведчыць пра надаваную ім значнасць.[3] У 1503 годзе на Ужы, за 7 міляў ад Оўруча, войскі князёў Фёдара Іванавіча, Юрыя Дубравіцкага і Рыгора Глінскага сутыкнуліся з крымскімі татарамі і пацярпелі паразу, Глінскі ў тым баі загінуў.[4] Не вядома ці браў князь Фёдар удзел у бітве пад Клецкам (1506) і падаўленні мяцяжа Глінскіх (1508).

Станам на 2021 год вядома болей за 80 дакументаў выданых князем Фёдарам Іванавічам, частка разам з жонкай княгіняй Аленай, яшчэ калі 50 вядома з пазнейшых згадак. Дакументаў, дзе князь выступае суб’ектам вядома болей за 20, яшчэ каля 20 вядома са згадак.[5]

Жыў яшчэ ў лістападзе 1521 года, у лютым 1522 года ў Пінскім княстве распараджалася ўжо каралева Бона, а ў маі 1522 года князь Фёдар названы нябожчыкам.[1]

Князь Фёдар быў не падобны большасці маладых арыстакратаў свайго часу і ўзроўню, не праяўляў амбіцый, не імкнуўся да ўрадаў, удзелу ў радзе, блізкасці да двара і міласці гаспадара. Быццам трымаўся асабняком ад вялікалітоўскай эліты. Засяродзіў дзейнасць на сваіх уладаннях, вызначаўся шчодрасцю і вялікадушшам да сваіх баяраў, слугаў, мяшчан, царквы і касцёла, нават да яўрэяў і сялян, часта не суадносіў выдаткі з выгодамі, не дбаў пра багацце. На думку Аляксандра Грушы, такія паводзіны выходзілі за межы нормы для 1-й траціны XVI ст.[5]

Напэўна, уплывалі абвостраныя рэлігійныя пачуцці князя Фёдара, звязаныя з лёсам яго дзеда князя Васіля Яраславіча і чаканнем дзяцей, што прычынялася развіццю асаблівага светапогляду, узмацняла спадзяванні і набожнасць. На думку А. Грушы, князь быў перакананы, што бог бярэ ўдзел у зямным жыцці, мілуе праведных і карае грэшных.[6]

 
Створкі абразка-складня (з сюжэтамі «Прамудрасць стварыла сабе храм» і «Святы») з імянным надпісам, падоранага кн. Фёдарам аднаму са сваіх баяраў у 1517—1525 гадах (Дзяржаўны Рускі музей, Санкт-Пецярбург)

Глыбокая набожнасць князя Фёдара і яго жонкі княгіні Алены выяўлялася ў клопаце пра памяць па сваіх душах, душах бацькоў, слугаў, матэрыяльную забяспечанасць цэркваў. Сужэнцы былі дабрадзеямі не меней за 10 цэркваў і 1 касцёла ў Пінску і княстве. Уласна князь Фёдар актыўна і арыгінальна выяўляў набожнаць, уласнаручна пісаў наданні царкве, вядома не меней за 10 такіх актаў. Таксама ўласнаручна пісаў ён наданні сваім баярам, выказваючы і пакору богу, і асабліва добрае стаўленне да атрымальнікаў наданняў, вышэй уганароўваў іх. Вядомы і асаблівыя яго наданні — імянныя абразкі-складні з надаўчымі надпісамі (прынамсі два асобнікі захоўваюцца ў Парыжы і Санкт-Пецярбургу). Свае дзеянні князь суадносіў з рэлігійнымі святамі, напрыклад Вялікаднём, або імянінамі, сваімі ці атрымальнікаў наданняў, такім чынам сакралізаваў звычайныя акты.[6]

Зноскі

  1. а б в г Груша 2021, с. 55.
  2. Груша 2021, с. 54.
  3. Груша 2021, с. 60.
  4. Груша 2021, с. 61.
  5. а б Груша 2021, с. 56.
  6. а б Груша 2021, с. 57.

Літаратура правіць