Францішак Градоўскі

(Пасля перасылкі з Ф. Градоўскі)

Францішак Градоўскі (каля 1545 — 1591) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст.

Францішак Градоўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1545
Дата смерці 1591
Грамадзянства
Альма-матар
  • Вітэнбергскі ўніверсітэт[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт-лацініст, дзяржаўны дзеяч
Мова твораў лацінская мова

Біяграфічныя звесткі правіць

Паходзіў са шляхецкай сям’і герба «Паўкозіч». Продкі яго ў пачатку XVI ст. перасялілася з Малой Польшчы ў Жамойць. Па веравызнанні Ф. Градоўскі быў кальвініст. З 1565 вучыўся ў Вітэнбергскім універсітэце, атрымаў гуманістычную адукацыю.

У 1578 і 1580 прызначаўся Соймам паборцам падаткаў у Ковенскім павеце. Служыў сакратаром каралёў Стэфана Баторыя і Жыгімонта III Вазы, з 1588 маршалак гаспадарскі. У 1588 дэпутат ад шляхты ў пасольстве саслоўяў ВКЛ да новаабранага караля Жыгімонта III Вазы, што засведчыла прызнанне ў Вялікім Княстве яго абрання. У 1589 пасол на Сойме ад Троцкага ваяводства. Напэўна, удзельнічаў у Інфлянцкай вайне, у рэйдзе 1581 польнага гетмана Крыштафа Радзівіла Перуна з-пад Пскова ў глыб Расіі.

Літаратурная творчасць правіць

Напісаў на лацінскай мове паэму «Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла» (Вільня, 1582), у якой услаўлялася выправа 1581 года, ваенныя подзвігі Крыштафа Радзівіла Перуна і яго бацькі Мікалая Радзівіла Рудога, пераможцы ў Ульскай бітве (1564). У творы апісаны рэальныя падзеі і гістарычныя асобы, назіраецца наследаванне ўзорам антычнага гераічнага эпасу.

Менш года спатрэбілася Ф. Градоўскаму, каб у 790 радках дактылічнага гекзаметра ўславіць ваенныя подзвігі Крыштофа Радзівіла і яго паплечнікаў, стварыць велічны гімн воінскай мужнасці і гераізму. Некаторыя заслугі Крыштофа ў 1560—70-х гадах Ф. Градоўскі пералічвае ў канцы твора, асноўная ж увага звернута на яго паход па тылах рускіх войскаў. Менавіта падчас маскоўскай выправы Крыштоф Радзівіл Пярун яскрава выявіў здольнасці военачальніка і якасці жаўнера. Пачаткова перад конным корпусам стаяла задача прыкрываць правы фланг наступаючай на Пскоў арміі Стэфана Баторыя. Па меры таго як пасоўвалася наперад армія Баторыя, задача корпуса змянялася: каб адцягнуць увагу ад асноўных сілаў і выклікаць неразбярыху сярод рускіх военачальнікаў, гетман польны літоўскі ўварваўся ў глыб маскоўскіх уладанняў. Імклівы і манеўраны атрад Радзівіла двойчы перасякаў Волгу, дасягнуў возера Ільмень, пад Старыцай напалохаў самога Івана Грознага, які знаходзіўся там з сям’ёй і дваром. У другой палове кастрычніка экспедыцыйны корпус К. Радзівіла з багатай здабычай з’явіўся пад сценамі Пскова ў лагеры Стэфана Баторыя, дзе быў сустрэты з вялікай пашанай.

Зразумець пункт гледжання на радзівілаўскую выправу Ф. Градоўскага як паэта і грамадзяніна дапамагаюць першыя ж радкі паэмы:

 

Не цешце сябе надзеяй, маскавіты, не думайце,
Што беспакарана будзеце парушаць нашыя межы,
Што магутныя ліцвіны нічога не зробяць у адказ
I будуць цярпець ваш гвалт.

 

Паход К. Радзівіла ў глыб москоўскіх земляў з’яўляецца, на думку Ф. Градоўскага, справядлівай помстай, пакараннем маскавітаў за нанесеныя крыўды.

У «Апісанні маскоўскага паходу…» аўтар падрабязна прасочвае шлях атрада К. Радзівіла, твор насычаны назвамі невялікіх гарадоў, вёсак, маленькіх рачулак; геаграфічныя звесткі, гістарычныя экскурсы чаргуюцца з апісаннямі ваенных сутычак і карных акцыяў. Тут няшмат разгорнутых батальных сцэн, але напісаны яны з відавочным майстэрствам, маляўніча і жыва, як, напрыклад, сцэна сутычкі ля ракі Схаломы:

 

...Шум і лямант усчыняюцца ў цемры,
Без разбору гінуць маскавіты,
I не могуць адолець моцных шыхтоў нашых:
Частка з іх гіне ад мяча, іншыя топяцца ў імклівых хвалях,
Частка ўцякае і намагаецца знайсці надзейнае сховішча,
Нібыта пастух, які, пабачыўшы, што
Па небе разносіцца грукат і надыходзіць навальніца,
Пакідае поле і хаваецца пад дрэвам.

 

Асаблівасцю твора з’яўляецца прысутнасць побач з галоўным героем мноства іншых герояў і персанажаў. Шмат радкоў прысвечана каралю Стэфану Баторыю, з іменем якога звязаны, на думку паэта, шчаслівыя змены ў ходзе Лівонскай вайны. Прысутнічаюць у творы вобразы Філона Кміты-Чарнабыльскага і Гальяша Пельгрымоўскага, згадваюцца браты Кашпар і Габрыель Бекешы, Міхайла Гарабурда, многія рускія баяры і ваяводы.

На гістарычны, фактаграфічны матэрыял арганічна нарошчваюцца літаратурныя, уласнамастацкія элементы. «Апісанне маскоўскага паходу…» з’яўляецца і гістарычнай крыніцай, і паэтычным творам, сведчыць як пра інфармацыйную дасведчанасць аўтара, так і пра яго пісьменніцкія здольнасці, высокі агульнакультурны ўзровень.

Ф. Градоўскі быў, несумненна, добрым знаўцам антычнага гераічнага эпасу, уважлівым чытачом «Іліяды» Гамера і «Энеіды» Вергілія, наследаванне якім плённа паўплывала на яго працу над уласным эпічным творам. Паэт увёў у паэму шэраг міфалагічных вобразаў і класічных літаратурных сцэн, тыповых для антычнага эпасу фармальных прыёмаў, што ўзбагаціла мастацкі змест. Военачальнікі ў паэме звяртаюцца з патрыятычнымі прамовамі да сваіх воінаў (Стэфан Баторый, Мікалай Радзівіл, Крыштоф Радзівіл) і адзін да аднаго (Крыштоф Радзівіл і Філон Кміта-Чарнабыльскі), да маскоўскага ваяводы князя Сярэбранага прамаўляе рака Днепр, просьбы-маленні Крыштофа адрасуюцца Марсу, Белоне, Дыяне. Перад трэцяй выправай Стэфана Баторыя з’яўляецца знаменне, якое Мікалай Радзівіл у сваім прароцтве называе знакам будучай перамогі над войскамі Івана Грознага. За апісаннем бітвы на рацэ Уле ідзе ў паэме маўклівая, журботная сцэна пахавання забітых воінаў, ахвяраў бога вайны Марса. Перад пачаткам наступлення арміі Стэфана Баторыя на Пскоў адбываецца нарада военачальнікаў, дзе абмяркоўваецца план ваенных дзеянняў і размяркоўваюцца абавязкі і задачы кожнага. Традыцыйныя атрыбуты класічнага гераічнага эпасу ўведзены Ф. Градоўскім у эпічную паэму, прысвечаную рэальным падзеям канца XVI ст.

Аўтар ахвотна параўноўваў сучасныя яму падзеі і подзвігі герояў з падзеямі і подзвігамі старажытных часоў. Так, пачынаючы апісваць заключны этап Лівонскай вайны (трэцюю выправу Стэфана Баторыя), ён згадвае правадыра рымлянаў Лукула, вайну з Мітрыдатам; дзёрзкі рэйд Крыштофа Радзівіла параўноўвае з легендарным пераходам Ганібала цераз Альпы і са знакамітым паходам Ксеркса на Грэцыю. Адзначаючы мужнасць і храбрасць рускіх воінаў, абаронцаў Тарапца, паэт гаворыць, што яны, падобна рымскім Фабіям, паклалі сваё жыццё за Айчыну.

Уславіўшы ў сваёй паэме воінскія подзвігі К. Радзівіла і яго паплечнікаў, Ф. Градоўскі выказвае шчырае жаданне, каб у далейшым яму давялося складаць толькі гімны міру:

 

...О маўчы, самая тужлівая муза,
Пра чорныя войны і вярні добрыя часы светлага міру,
Я ж тады лепш і ахвотней праспяваю гімны міру.
Адзіны мір магутнейшы за шматлікія трыумфы,
Хай выпраўляюцца лютыя войны пад іншае неба.

 

Паэма Ф. Градоўскага стала ўзорам для аналагічных твораў Я. Каханоўскага, А. Рымшы, Я. Радвана.

Літаратура правіць

  • Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993.