Васілёк сіні

від раслін
(Пасля перасылкі з Хабэрка)

Васілёк сіні[3] ці Валошка (Centaurea cyanus) — від аднагадовых, двухгадовых травяністых лугавых раслін сямейства Астравыя (Asteraceae).

Васілёк сіні
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Centaurea cyanus L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  36954
NCBI  41522
EOL  467789
GRIN  t:9817
IPNI  190310-1
TPL  gcc-108710

Паходжанне назвы правіць

Лацінская назва роду паходзіць ад імя міфічнай істоты кентаўра Хірона, які лічыўся адным з лепшых лекараў. Відавая назва ў перакладзе з лацінскай азначае «сіні», «цёмна-блакітны».

Народныя назвы валошка, васілёк[4], васількі[5], сіноўнік, хабёр, хабэрка[6][7][8][9][10][11].

Апісанне правіць

 
Васілёк лугавы. Батанічная ілюстрацыя К. А. М. Ліндмана з кнігі «Bilder ur Nordens Flora» (1917—1926)

Сцябло шурпатае, прамое, рабрыстае, вышынёй 15-100 см.[12]

Лісце лінейна-ланцэтнае, ніжняе злёгку лопасцевае, верхняе суцэльнае, пакрытае тонкім пушком.[12]

Кветкі адрозніваюцца па афарбоўцы ад сіняга да лілова-пурпурнага. Кветкавыя кошыкі адзінкавыя, буйныя, вонкавыя абгорткі кошыкаў яйкападобныя з бураватым плёнчатым махрыстым краем. Унутраныя абгорткі лінейна-ланцэтныя, на канцах жаўтлявыя, з перапончатым цэлым або зубчастым прыдаткам; краявыя кветкі ў кошыках ярка-сінія, косаваронкападобныя, бясплодныя, яны прывабліваюць насякомых, якія запылююць сярэдзінныя трубчастыя кветкі. Унутраныя кветкі — сіне-фіялетавыя, трубчастыя, абодваполыя; рэдка ўсе кветкі белыя.[12] Слупок знаходзіцца разам з тычынкамі, што зрасліся ў трубачку.

Корань тонкі, стрыжневы.

Цвіце ў чэрвені-верасні. Плады — сямянкі з амаль роўным ім па даўжыні рудаватым чубком.[12]

Размножваецца насеннем, якасць якога захоўваецца да 10 гадоў. Вось чаму васілёк сіні нярэдка з’яўляецца злосным пустазеллем.

Арэал і экалогія правіць

Распаўсюджаны ў еўрапейскай частцы былога СССР, за выключэннем паўночных і паўднёвых раёнаў, на Каўказе, адзначаны таксама ў Сібіры, Сярэдняй Азіі і на Далёкім Усходзе.[12] Цяпер натуралізаваны ў многіх іншых частках свету, уключаючы Паўночную Амерыку і частку Аўстраліі.

Сустракаецца ў сухіх месцах па ўзлесках лясоў, палян, абочынах дарог, як пустазельная расліна на агародах і палях збожжавых культур. Археафіт.

Часта сустракаецца на глебах, бедных кальцыем, з’яўляецца раслінай-індыкатарам такіх глеб.

Хімічны склад правіць

У кветках утрымліваецца флавонавы гліказід цэнтаўрэін, сіні антацыянавы гліказід цыянін, эфірны алей, горкія, дубільныя рэчывы, сапаніны, мінеральныя солі і іншыя рэчывы. Не таксічны.[12]

Значэнне і ўжыванне правіць

Медыцына правіць

У навуковай медыцыне васілёк выкарыстоўваецца ў мачагонных зборах, асабліва пры ацёках нырачнага і сардэчнага паходжання, а таксама як супрацьспазматычнае пры хваробах печані. Кветкі ў выглядзе настою і экстрактаў прымяняюцца пры нефрытах, цысцітах, урэтрытах і пры захворваннях печані і жоўцевых шляхоў як жоўцегоннае[12].

У народнай медыцыне адвары кветак ужываюць пры запаленчых захворваннях вачэй, зрокавай стамляльнасці. Прымочкі з адварам ужываюць пры фурункулёзе, экзэме, трафічных язвах. Адвар кошыкаў выкарыстоўваюць як мачагоннае, пры цысцітах, кашлі і коклюшы, нервовых і страўнікавых захворваннях, пры маткавых крывацёках і паносе ў дзяцей[12].

Іншае правіць

Добры меданос, утрымлівае да 34 % нектару, колькасць можа дасягаць 0,20 мг/суткі на адну расліну.[13] Мёд зелянява-жоўты, з прыемным мігдалёвым пахам і ялкавым прысмакам.

Васількі часта выкарыстоўваюцца ў якасці інгрэдыентаў у некаторых чайных купажах і травяных гарбатах, яго ядомыя кветкі можна выкарыстоўваць, каб дадаць колеру салаце.

Да вынаходніцтва штучных фарбавальнікаў выкарыстоўваўся для фарбавання воўны ў сіні колер.

Зрэдку выкарыстоўваецца ў касметыцы.

Дэкаратыўная расліна. Існуюць гатункі васілька ружовага, фіялетавага, белага, лавандавага і вельмі цёмнага бардовага колеру, які выглядае амаль чорным.

З’яўляецца кармавой раслінай для некаторых насякомых, напрыклад для жукоў віду Cassida margaritacea.

Васількі ў культуры правіць

Сімволіка правіць

Васілёк лугавы з’яўляецца нацыянальнай кветкай Эстоніі[14].

Гэта афіцыйная кветка шведскай правінцыі Эстэргётланд.

Таксама васілёк з’яўляецца сімвалам хваробы рухальных нейронаў  (англ.) і бакавога аміятрафічнага склерозу  (руск.).

У літаратуры правіць

Пад нябеснай сінню глыбокаю
У жытнёвых шнурох ля ракі
Засінелісь мяжой сінявокія У блакітных палёх васількі.

Змітрок Астапенка. «Васількі»[15]

У фальклоры васількі насілі закаханыя маладыя людзі, калі кветка марнела занадта хутка, гэта ўспрымалася як знак таго, што каханне мужчыны не было ўзаемнае[16].

Галерэя правіць

Валошкі ў выяўленчым мастацтве

Ахова і пагрозы правіць

З-за інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і выкарыстання хімічных сродкаў для барацьбы з пустазеллем, падвяргаецца пагрозе знішчэння ў сваім звычайным асяроддзі. Выхадам з гэтага становішча з’яўляецца выкарыстанне валошкі ў якасці дэкаратыўнай расліны.

Пры знішчэнні васілька як пустазелля прымяняюцца такія меры, вапнаванне глеб, якія змяшчаюць шмат перагною, добрай ачыстцы пасяўнога насення, баранаванне ўсходаў пасеяных раслін і праполка іх да паспявання васілька.

Цікавыя факты правіць

Васількі былі таксама выкарыстаны ў пахавальным вянку фараона Тутанхамона.[17]

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  4. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  5. Антонов А. А. О врачебных растениях, дикорастущих в Витебской губернии и употребляемых населением ее в домашней народной медицине. Витебск, 1888
  6. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  7. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  8. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  9. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  10. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  11. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  12. а б в г д е ё ж Лекарственные растения и и их применение. Изд. 5-5, перераб. и доп. «Наука и техника». Мн., 1974. 592 с. с ил. (АН БССР. Ин-т эксперим. ботаники им. В. Ф. Купревича)
  13. Helmut Horn, Cord Lüllmann: Das große Honigbuch, Kosmos, Stuttgart 3. Aufl. 2006, S. 31. ISBN 3-440-10838-4
  14. Eesti Toit: Produkte aus Estland Архівавана 28 верасня 2008., 22. Juni 2008 (ням.)
  15. Скрыжалі памяці : з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусвет. вайны : у 3 кн. — Мінск : Бел. кнігазбор, 2005. — ISBN 985-504-017-1 (агул.). Кніга першая
  16. Michael Howard. Traditional Folk Remedies. — Ebury Press, 1987. — 160 с. — ISBN 0712617310.
  17. Васильковое лечение Архівавана 7 студзеня 2012. (руск.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць