Ханс Грундзіг (ням.: Hans Grundig; 19 лютага 1901, Дрэздэн — 11 верасня 1958, Дрэздэн) — нямецкі мастак і графік.

Ханс Грундзіг
ням.: Hans Grundig
Фатаграфія
Дата нараджэння 19 лютага 1901(1901-02-19)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 11 верасня 1958(1958-09-11)[4][1][…] (57 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Леа Грундзіг
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта, графік
Месца працы
Жанр партрэт
Вучоба
Партыя
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жыццё і творчасць

правіць

Вучыцца маляваць Грундзіг пачаў пад кіраўніцтвам свайго бацькі, мастака-дэкаратара. У 1915—1919 і ў 1920—1921 гадах ён займаецца ў Дрэздэне, у мясцовай Школе прыкладнога мастацтва. У 1922 годзе мастак пераходзіць у Вышэйшую школу прыгожых мастацтваў Дрэздэна, дзе займаецца па 1927 год.

У гэты перыяд творчасць Грундзіга знаходзіцца пад моцным уплывам работ Ота Дзікса. У 1926 годзе Грундзіг уступае ў КПГ. У 1928 годзе ён ажаніўся з мастачкай Леа Лангер, разам з якой у 1929 годзе становіцца членам дрэздэнскай Асацыяцыі рэвалюцыйных мастакоў. Стылістычна працы Грундзіга можна аднесці да такіх плыняў у жывапісе, як новая рэчыўнасць і рэвалюцыйна-пралетарскі рэалізм. У 1932 годзе Грундзіг прыязджае ў СССР, дзе ўдзельнічае ў маскоўскай выставе «Рэвалюцыйнае мастацтва ў капіталістычных краінах».

Пасля прыходу ў Германіі да ўлады нацыянал-сацыялістаў, у 1934 годзе Грундзігу было забаронена займацца жывапісам. Тым не менш, ён працягваў маляваць. У 1934—1939 гадах мастак стварае графічную серыю «Жывёлы і людзі» («Tiere und Menschen»). У 1935—1938 гадах — трыпціх Тысячагадовы рэйх (Das Tausendjährige Reich) (цяпер — у Дрэздэнскай галерэі). Творчасць Грундзіга ў гэты перыяд была выразнай антыфашысцкай накіраванасці, работы ствараліся ў рэалістычна-экспрэсіўным стылі. Нацыянал-сацыялістычнымі ўладамі працы мастака былі прылічаны да твораў т. зв. дэгенератыўнага мастацтва, і шэраг яго прац былі адабраны для прапагандысцкай выставы пад гэтай назвай, якая адбылася ў ліпені 1937 года. Восем палотнаў Грундзіга былі канфіскаваны.

У 1940 годзе Х. Грундзіг быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнітрацыйны лагер Заксенхаўзен. Пазней ён быў уключаны ў склад штрафнога батальёна і накіраваны на Усходні фронт. У 1944 годзе мастак добраахвотна пераходзіць на бок Савецкай арміі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 годзе Грундзіг вяртаецца ў Дрэздэн і працуе там прафесарам і рэктарам дрэздэнскай Вышэйшай мастацкай школы. У 1948 годзе ён сыходзіць на пенсію па стане здароўя. У 1955—1956 гадах мастак піша кнігу мемуараў пад назвай «Паміж карнавалам і вялікім пастом» (Zwischen Karneval und Aschermittwoch, рус. пераклад — М., 1964). У сацыялістычнай Германіі ён карыстаўся заслужанай пашанай і павагай як адзін з «герояў антыфашысцкага супраціву». Карціны, створаныя Х. Грундзігам уваходзяць у залаты фонд рэалістычнага мастацтва Германіі XX стагоддзі.

Зноскі