Мянýшка (ацэначна-характарыстычнае найменне, характарыстычнае празванне, неафіцыйнае найменне) — адзінка антрапанімікі, назва, дадзеная чалавеку жартам, у насмешку або для канспірацыі [2, с. 65].

Мянушка — адна з найбольш старажытных антрапанімічных форм. Калі браць пад увагу нешматлікія сведчанні гістарычных помнікаў VІ-X ст. (пераважна грэка-візантыйскіх), летапісы, якія прысвечаны старажытнаму перыяду Русі, а таксама на падставе супастаўлення роднасных славянскіх моў, можна лічыць, што да X ст. і ў X ст. ва ўсходніх славян (продкаў рускіх, украінцаў, беларусаў) асноўнай антрапанімічнай адзінкай было асабістае імя-мянушка [1, с. 97]. Да прыняцця хрысціянства яно было асноўнай адзінкай называння чалавека (яго называлі «рекло», «назвище»), якое акрэслівала індывіда паводле знешнасці (Чарныш, Бяляк), характару (Бяссон, Маўчан), парадку нараджэння ў сям'і (Трацяк, Сямак). Некаторыя імёны былі звязаны з жывёльным і раслінным светам (Кот, Жарабя, Бяроза). «Такія празванні былі абумоўлены верай у боскасць жывых істот, якія адыгрывалі асаблівую ролю ў жыцці нашых продкаў» [4, с. 44].

Сучасныя мянушкі ўзнаўляюць старажытныя мадэлі наймення аб'екта-індывіда па характэрнай прымеце. Кожнаму з нас важна не толькі назваць чалавека, але і выдзеліць самыя важныя яго рысы, ацаніць яго, выразіць пачуцці. Гэтыя задачы і выконваюць мянушкі — неафіцыйныя ацэначна-характарыстычныя найменні чалавека, а таксама прадстаўнікоў пэўнай сям'і. Асабліва актыўна выкарыстоўваюцца такія празванні ў вясковым асяроддзі, дзе людзі не так строга прытрымліваюцца этыкетных норм, дзе прынята адкрыта, востра, трапна, а часам і крыўдна ацэньваць чалавека.

Вывучэннем антрапонімаў (уласных імёнаў людзей, імёнаў па бацьку, прозвішчаў, бытавых назваў, мянушак, псеўданімаў), іх паходжання, структуры, сацыяльнага функцыянавання і геаграфічнага пашырэння займаецца такі раздзел анамастыкі, як антрапаніміка (ад стар.-грэч.: аnthropos «чалавек» + onyma «імя»). Антрапанімія — сукупнасць уласных імён [2, с. 16].

Семантычныя групы мянушак правіць

  • Індывідуальныя і групавыя:
уласна індывідуальныя мянушкі дазваляюць выдзеліць і ахарактарызаваць чалавека паводле пэўнай прыкметы. Яркімі апазнавальнымі якасцямі вяскоўца найчасцей могуць быць рысы яго знешняга аблічча. Такія мянушкі ўяўляюць сабой слоўную замалёўку, партрэт, які фіксуе самую кідкую рысу знешнасці вяскоўца. Напрыклад, мянушкай Лобай празвалі жанчыну, якая мела вялікі лоб. Характарыстычнае празванне Нехарчованы атрымаў старшыня калгаса, які быў вельмі худы. Выгляд чалавека можа быць ахарактарызавана праз асацыяцыі з жывёламі, раслінамі, прадметамі побыту (Журавель, Гусак, Панчоха, Палісцінец, Салцісон, Глёк);
групавыя мянушкі называюць некалькіх чалавек: Грыбы — браты-блізняты;
калектыўна-тэрытарыяльныя мянушкі ўяўляюць сабой агульныя назвы жыхароў асобных населеных пунктаў. Так, жыхары вёскі Чырвоная Воля Лунінецкага раёна людзей з вёскі Барсукова Лунінецкага раёна называюць Дубовыя Лапці за тое, што яны лазу добра не вымачалі, калі плялі лапці, яна была цвёрдая, дубовая. Жыхароў вёскі Вулька Лунінецкага раёна чырвонавольцы называль Магуны́ ці Магунеча (ужываецца ў значэнні як зборнага назоўніка, так і ў намінацыі адной асобы), а вяскоўцы Чырвонай Волі Лунінецкага раёна атрымалі мянушку Лабзоны, Лабзаняка (пры намінацыі аднаго жыхара);
часам агульнай мянушкай называюць цэлыя сем'і (сямейныя мянушкі): Несцяры, Сычы, Міхальцы;
генесіянімічныя мянушкі ўтвараюцца ад імёнаў, мянушак і прозвішчаў роднасных асобаў. Сярод іх вылучаюць патронімы, матронімы, андронімы;
  • Мянушкі, якія характарызуюць фізічныя якасці асобы.

Антрапонімы, якія апісваюць знешні выгляд носьбіта, складаюць адну з самых багатых па колькасці і разнастайных па семантыцы груп, у якой можна вылучыць падгрупы мянушак, дадзеных па наступных асаблівасцях:

колер валасоў, скуры: Рыжы,Чорны;
рост і целасклад: Фотамадэль, Тарапунька, Нехарчованы, Панчоха (тоўстоя жанчына), Салцісон (тоўсты мужчына);
памеры частак цела: Гусак (доўгая шыя), Журавель (доўгія ногі), Лобай (вялікі лоб);
знешнія адметнасці: Барадаты, Вусаты, Палісцінец;
фізічныя недахопы: Зуб (чалавек меў толькі адзін зуб).
  • Мянушкі-дэлакутывы ўтвараюцца ў выніку імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцяў, найбольш паўтаральных слоў-паразітаў і цэлых фраз. Гэта своеасаблівыя адфразавыя ўтварэнні. Напрыклад, характарыстычнае празванне Боўцік атрымаў чалавек, які замест гука «л» вымаўляў «в». Мянушка Лагапед характарызуе чалавека, які не выгаворвае некаторыя гукі. Неафіцыйнае найменне Стрыкуля мае мужчына, які любіў спяваць прыпеўку, што пачынаецца словамі «Гоп-стрык». Часам асновай мянушкі з'яўляюцца словы не самога чалавека, а выказванні пра яго іншых людзей. Так, асновай мянушкі Грыб сталі словы маці, якая гаварыла, што яе сыны-блізняты «растуць, як грыбы».
  • Некаторыя вясковыя мянушкі характарызуюць і ацэньваюць людзей паводле характару і інтэлектуальных уласцівасцяў. Так, сквапнага чалавека, які любіў паўтараць «Капейка да капейкі — і будзе рубель» характарызуе празванне Капейка. А забабонная жанчына, якая, каб яе не сурочылі, заўсёды трымала ў кішэні дулю, была празваная Фігай. Чалавек, які працаваў у нядзелю, што не адпавядае нормам паводзінаў хрысціяніна, быў празваны Бязбожны. Спрытныя, увішныя вяскоўцы атрымалі найменні Чыжык і Маршрутка.
  • Род заняткаў вяскоўцаў фіксуюць характарыстычныя празванні Бос, Будачнік, Маёр, Марка, Мічурын, Парцейны, Піларамшчык, Пілюлькін, Цыган, Чых-Пых. Так, жыхар вёскі Амелянец Камянецкага раёна, які, як знакаміты вучоны, выводзіў новыя гатункі садавіны, выкарыстоўваючы пры гэтым новыя, створаныя ім самім метады, атрымаў характарыстычнае празванне Мічурын. Мянушку Чых-Пых мае чалавек, у якога ў дзяцінстве быў мапед, што ніяк не хацеў заводзіцца, таму даводзілася яго ўвесь час піхаць, падштурхоўваць. Мапед выдаваў у гэты час характэрныя гукі, што і стала асновай для ўтварэння мянушкі.
  • Кідка і лаканічна ахарактарызаваць чалавека можна праз асацыяцыі з вядомымі гістарычнымі асобамі, літаратурнымі і кінематаграфічнымі героямі: Борман, Мічурын, Будзёнаў.
  • Прычынай узнікнення беспрэцэдэнтных празванняў з'яўляюцца пэўныя выпадкі, здарэнні, што адбыліся з чалавекам. Мянушкай Воўк назвалі чалавека, які аднойчы ноччу пераблытаў сабаку з ваўком. Празванне Чыгун атрымаў чалавек, які аднойчы знайшоў у агародзе чыгун з сярэбранымі манетамі. А жартаўлівае неафіцыйнае найменне Шпіон мае селянін, які ў дзяцінстве непрыкметна перайшоў мяжу, апынуўся на польскім баку, калі маці разам з іншымі вяскоўцамі капала бульбу ў прыграніччы. Чалавека, які ў час Вялікай Айчыннай вайны пабываў у Амерыцы, назвалі Амерыканец.
  • Некаторыя мянушкі ўтвараюцца на аснове прозвішчаў вяскоўцаў. Так, цікавым з'яўляецца выпадак утварэння характарыстычнага наймення на аснове прозвішча ў выніку яго фармальнага змянення і семантычнага пераасэнсавання. Асновай для індывідуальнай мянушкі Скрыпка стала прозвішча Скрыпкó. Жанчына з прозвішчам Гоза стала Гозіхай.
  • Мянушкі, якія паказваюць на месца жыхарства (цяперашняе або мінулае) чалавека. Так, замужніх жанчын могуць акрэсліваць мянушкі, утвораныя ад назваў вёсак, дзе яны жылі да замуства: Вічынка (прыехала з в. Вічыны), Дзятлаўка (нарадзілася ў в. Дзятлавічы). Вясковая жыхарка атрымала характарыстычнае празванне Хрымучка за тое, што жыве ў хаце, купленай у вяскоўца з прозвішчам Ахрымук.
  • Этымалогія мянушак можа быць не высветленая.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  1. Бондалетов, В. Д. Русская ономастика : учеб. пособие для студентов пединститутов / В. Д. Бондалетов. — Москва : Просвещение, 1983. — 224 с.
  2. Мезенка, Г. М. беларуская анамастыка : навуч. Дапаможнік для студэнтаў універсітэтаў / Г. М. Мезенка. — Мінск: Вышэйшая школа, 1997. — 119 с.
  3. Суперанская, А. В. О русских именах / А. В. Суслова, А. В. Суперанская. — Л. : Лениздат, 1985. — 222 с
  4. Юрэвіч, У. М. Слова жывое, роднае, гаваркое… : дап. для настаўнікаў / У. М. Юрэвіч. — Мінск : Маст. літ., 1998. — 282 с.

У сеціве правіць