Хаўер[2][3][4][5][6] (ням.: Javier), таксама Хавер[7] — снежны цыклон, які з 15 па 16 сакавіка 2013 года абрынуўся галоўным чынам на тэрыторыю Беларусі. Ад стыхіі таксама пацярпелі Венгрыя, поўнач Украіны і захад Расіі.

Цыклон «Хаўер»
Дата 1516 сакавіка 2013
Месца  Беларусь (пераважна)
пацярпелі часткова:
Украіна Украіна
Расія Расія
Венгрыя Венгрыя
Прычына сутыкненне паўднёвага цыклона з халодным палярным паветрам
Вынік транспартны калапс
Загінулі 0 ад прамога ўздзеяння,
2 ад непрамога ўздзеяння (ДТЗ на магістралі M1[1])

Для Беларусі «Хаўер» стаў адным з наймацнейшых падобных прыродных катаклізмаў у яе гісторыі. Падчас цыклону пачаўся вялікі снегапад, фіксаваўся моцны вецер. Непагодніца прывяла да праблем на дарогах як у населеных пунктах (у тым ліку ў Мінску), так і за іх межамі. Па ўсёй Беларусі ўтварыліся шматлікія дарожныя заторы. Прыкметна павялічылася колькасць ДТЗ, у адным з якіх загінулі двое чалавек. Найбольш цяжкая сітуацыя была на трасах М1, М4 і M5. У краіне адбыўся транспартны калапс.

Намаганнямі ўладаў, экстранных службаў і мясцовых жыхароў удалося паспяхова ліквідаваць наступствы бедства.

Цыклон «Хаўер» адклаўся ў памяці насельніцтва і часта параўноўваецца з іншымі снежнымі штармамі ў Беларусі.

Напярэдадні правіць

У 2013 годзе пачатак сакавіка на тэрыторыі Беларусі быў анамальна халодным: у сувязі з панаваннем палярных паветраных мас сярэдняя тэмпература была на 2—6 градусаў ніжэй за кліматычную норму. У гэты час ва Усходнюю Еўропу рушыў паўднёвы цыклон, прыносячы з сабой трапічнае паветра з Міжземнага мора. У выніку сутыкнення паўднёвага цыклона з халодным палярным паветрам утварыўся снежны шторм[8], які нямецкія сіноптыкі ахрысцілі «Хаўерам»[9].

У гэты час у Заходняй Еўропе, пачынаючы з 9 сакавіка, прайшліся цыклоны Yorick і Xavier. Стыхія стварыла праблемы ў ноч з 10 на 11 сакавіка. Пацярпелі Францыя, Германія, Бельгія, Венгрыя, Вялікабрытанія, а таксама ў некаторай ступені Нідэрланды і Швецыя. Транспартны калапс на дарогах паралізаваў увесь рух[10].

Ужо 12 сакавіка Белгідрамет  (руск.) спрагназаваў пагаршэнне надвор’я ў Беларусі. 14 сакавіка на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей быў абвешчаны чырвоны ўзровень пагоднай небяспекі і штармавое папярэджанне. Аднак інфармацыя аб шкале ўзроўняў небяспекі да «Хаўера» давалася Белгідраметам толькі ў МНС, і шырокія слаі насельніцтва не маглі ацаніць ступень рэальнай небяспекі ўмоў надвор’я[11].

Па збегу абставінаў напярэдадні катаклізму кіраўніцтва дзяржавы (прэзідэнт, прэм’ер-міністр, спікеры абедзвюх палат Нацыянальнага сходу) адбылі на пасяджэнне Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбург. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка апынуўся на перамовах у Маскве. З вышэйшых асоб у Беларусі застаўся толькі другі намеснік прэм’ера — Анатоль Калінін[12].

Падзеі ў Беларусі правіць

Раніца і дзень 15 сакавіка правіць

Цыклон прыйшоў з поўдня, ахапіўшы першымі Брэсцкую і Гомельскую вобласці[2]. Пасля паўночы ў краіне фіксавалася пагаршэнне надвор’я. Так, напрыклад, паводле інфармацыі метэастанцыі Слуцка, у гэтым горадзе а 0:20 пачалася завея. У 9:00 сіноптыкі абвясцілі штармавое папярэджанне. Яны прагназавалі раніцай і днём вельмі моцныя снегапады, а на дарогах снежныя заносы, заклікаючы жыхароў устрымацца ад паездак. Насельніцтва не звярнула ўвагу на паведамленні[10].

Раніцай 15 сакавіка хуткасць ветру дасягнула 15—20 метраў за секунду, вецер разгойдваў машыны, якія знаходзіліся на хаду[13]. Калі мяцеліца ахапіла Брэст, у Мінску перанеслі святкаванне «Масленіцы»[12]. З 11:00 ў сталіцы быў уведзены план «Бездараж», які дазваляе кіроўцам грамадскага транспарту не прытрымлівацца раскладу і выязджаць у адпаведнасці з абставінамі. Ужо ў гэты час бачнасць на дарогах краіны вельмі пагоршылася, у сувязі з актыўным выпадзеннем снегу пагоршыўся таксама стан дарожнага пакрыцця. У сталіцы аўтатранспарт рухаўся з хуткасцю не больш за 30 кіламетраў у гадзіну[14].

Тым часам на Чэрвеньшчыне каля 12:30 пад Смілавічамі трапіў у занос і перагарадзіў дарогу аўтапоезд. Калі экіпаж ратавальнікаў прыехаў на месца для афармлення здарэння, тут пачаў ужо ўтварацца дарожны затор. Дзесьці праз гадзіну ўсхадзілася моцная завея. Затор (пераважна з аўтапаяздоў) расцягнуўся ад маста ў Смілавічах амаль да вёскі Карпілаўка. Машыны (не менш за 500) стаялі ў тры рады, часткова на сустрэчнай паласе руху. Легкавікі, што сустракаліся ў заторы, за дзве гадзіны пазамятала даверху[5].

Мясцовыя ўлады і службы зразумелі, што сітуацыя пачынае выходзіць з-пад кантролю, таму ў школах скарацілі заняткі ў другую змену[12], а ў Пінску наогол адмянілі[15]. Яшчэ большае ўзмацненне ветру і моцны снегапад пачаліся прыкладна ў 14:00[8]. У 15:00 на аўтадарозе Мінск—Слуцк, пачынаючы з раёна вёскі Гарадзішча, назіраўся 11-кіламетровы затор[10].

У 16:00 у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» спыніўся ўзлёт самалётаў, бо тыя не маглі ажыццявіць пасадку. Рэйсы былі перанакіраваны ў Гомель і Кіеў. У сувязі з блакаваннем пад’язных шляхоў да гавані з-за снежных заносаў у будынку аэрапорта затрымаліся некалькі тысяч чалавек, якія правялі ў залах чакання ўсю ноч[16]. Адначасна затор на Слуцкай трасе павялічыўся з 11 да 20 кіламетраў. На некаторых участках аўтамабілі сталі ў чатыры рады. Службамі спынены рух з Мінскага і Салігорскага напрамкаў у бок Слуцка, каб тэхніка, якая прыбыла на расчыстку, магла нармальна працаваць[10].

У сярэднім парывы ветру складалі 20—24 метра ў секунду, максімальная хуткасць — да 28 м/с. У Мінску таўшчыня снежнага покрыва павялічылася ўсяго на 11 сантыметраў, тады як максімальна зафіксаваны прырост за суткі склаў 26 сантыметраў (у 1956 і 1992 гадах). Пры гэтым, агульная таўшчыня снежнага покрыва склала 57 сантыметраў, а ў выніку моцнай завеі, што актыўна пераносіла снежныя масы, у многіх месцах гурбы былі яшчэ вышэй, што прывяло да транспартнага калапсу. У Слаўгарадскім раёне выпала 26 міліметраў ападкаў у пераліку на дождж[17][18].

З вечара 15 па раніцу 16 сакавіка правіць

У сталіцы пачаліся масавыя затрымкі грамадскага транспарту. Бачнасць на дарогах складала 200—300 метраў. На прыпынках стоўпіліся сотні людзей. Значная частка прыгарадных і міжгародніх маршрутаў была знята. Для жыхароў Мінску практычна адзіным спосабам дабрацца дадому стаў метрапалітэн, на ўваходах у які ўжо а 18:20 стаялі чэргі. Работа першай лініі была падоўжана да 2:00. З 18:00 на працягу больш чым гадзіны з мэтай пазбягання цісканіны цягнікі не спыняліся на станцыі «Кастрычніцкая», доступ туды людзей быў перакрыты. Неўзабаве ў сувязі з заторамі, якія ўтварыліся на выездах са сталіцы, уезд у горад быў перакрыты. Па даных начальніка чыгуначнай станцыі «Мінск-Пасажырскі» Уладзіміра Грыгаровіча, затрымка электрычак і цягнікоў не перавышала дзесяці хвілін, хоць, па словах відавочцаў, іх цягнікі затрымліваліся на паўтары гадзіны і больш. У Заводскім раёне горада рух быў паралізаваны цалкам[19][20].

Падчас стыхіі ў сталіцы павялічыліся тарыфы таксі. Паводле Naviny.by, ад станцыі метро «Каменная горка» да вуліцы Скрыпнікава прапаноўвалі давезці за 50 тысяч рублёў, хоць праехаць трэба ўсяго тры кіламетры. Па даных TUT.by, ад той жа «Каменнай Горкі» да чыгуначнага вакзала таксісты вазілі за 350 тысяч, замест звычайных 70. У штармавую ноч фігуравалі лічбы ў 400 і нават 500 тысяч за паездку па сталіцы. Аднак сярод насельніцтва знаходзіліся кіроўцы, гатовыя набраць на прыпынку поўнае аўто спадарожнікаў і адвезці іх дадому бясплатна або «за сімвалічную плату»[21].

На дарогах ва ўсёй краіне назіралася вялікая колькасць ДТЗ[22]. Падчас цыклону быў ускладнены рух на 30 участках аўтамабільных дарог. Асабліва складаная сітуацыя была на трасах Магілёўскага (Магістраль М4) і, часткова, Гомельскага напрамку (Магістраль М5). Стаялі машыны на дарогах Крупскага, Дзяржынскага, Слуцкага і Барысаўскага раёнаў, з перабоямі ажыццяўляўся рух у напрамку Гродна (Магістраль М6). На трасе з Брэста ў Оршу (Магістраль М1) адбылася аварыя з двума смяротнымі зыходамі[1]. На той шашы на ўчатску ад Смілавічаў да вёскі Хутар у глыбокім снезе апынуліся 32 легкавыя і 7 грузавых машын. У іх знаходзілася 136 чалавек, у тым ліку 22 дзіцяці. На іншым шляху, магістралі М4, стаялі ад 450 да 500 аўто[5].

«Вадзіцелям, якіх снегапад заспеў далёка ад населенага пункта, даводзілася начаваць у машынах. Многія былі вымушаны кідаць транспартныя сродкі, якія замятала снегам. Людзі дапамагалі адзін аднаму. Да прыкладу, калі мы ўзяліся дапамагчы кіроўцу, які затрымаўся на Дзяржынскай трасе, наперадзе нас ішоў джып з высокай пасадкай і пракладаў для нас каляіну, таму што дарогу замятала імгненна. Сур’ёзныя заторы на дарогах стваралі цяжкія грузавыя машыны, дапамагчы якім магла толькі больш магутная спецыяльная тэхніка.»

— Інспектар ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Бруй у размове для газеты «СБ. Беларусь сегодня». 19 сакавіка 2013.

З 19:00 становіцца цёмна, тему сітуацыя ўскладняецца. Некаторыя людзі з затораў шукаюць начлег у бліжэйшых вёсках[10].

На трасах апынуліся нават знакамітасці. Так, на шашы Бабруйск—Мінск затрымаўся расійскі акцёр Іван Ахлабысцін  (руск.)[21], а на шляху са сталіцы ў Гродна каля Валожына — старшыня партыі БНФ Вадзім Саранчукоў[3].

За вечар пятніцы (15-га чысла), ноч і раніцу суботы (16-га чысла) супрацоўнікі «Альфа Радыё» атрымалі больш за чатыры тысячы смс-паведамленняў, у якіх мноства людзей тэлефанавалі і пісалі журналістам у Skype просьбы аб дапамозе[11].

«Прагноз надвор’я ад гідраметэацэнтра быў, але ніхто не ведаў, што ж будзе. Калі навінавы эфір скончыўся, мы вырашылі, што застанемся яшчэ на пару гадзін, паглядзім, як будуць развівацца падзеі. Калі стала зразумела, што навін на інфармацыйных сайтах няшмат, мы прасілі людзей паведамляць нам, што адбываецца на дарогах. Спачатку слухачы проста апавядалі нам, дзе пробка. А потым стала відавочна, што мы не проста дзелімся навінамі, а той інфармацыяй, якая людзям у гэты момант вельмі патрэбна. У 10 і 11 гадзін вечара да нас паступала столькі званкоў і смс, што мы перасталі ставіць музыку. Часам мы сыходзілі на песню, але людзі тут жа пісалі: «вярніцеся ў эфір!». Мы атрымлівалі тысячы паведамленняў, а тэлефон не пераставаў тэлефанаваць ні на хвіліну.»

— Радыёвядучы «Альфа Радыё» Дзмітрый Смірноў у інтэрв’ю для журналіста газеты «Камсамольская праўда» Генадзя Мажэйкі. 15 сакавіка 2014.

Тым часам Белэнерга зафіксавала максімальную колькасць адключэнняў электрычнасці: да вечара без святла засталіся 1728 трансфарматарных падстанцый, 558 населеных пунктаў і 71 ферма. І хоць снежныя заносы і заторы на дарогах перашкаджалі спецтэхніцы праехаць да месцаў пашкоджанняў, ужо да раніцы ў палове адключаных населеных пунктаў зноў загарэлася святло. Да вечара 16-га чысла электразабеспячэнне было парушана толькі ў некалькіх адзінкавых пунктах, але і там яго аднавілі хутка — да ночы 17-га[1].

На працягу вечара і ночы дзясяткі аўтамабіляў і аўтобусаў усё ж пачыналі выбірацца з затораў[10].

16 сакавіка цыклон пакінуў тэрыторыю Беларусі, накіраваўшыся ў бок Расіі, аднак нейкі час на дарогах яшчэ адзначаліся моцныя заторы працягласцю каля 30 кіламетраў[23]. У гэты дзень зафіксаваныя перабоі з прадуктамі харчавання ў крамах[12]. Наступствы стыхіі адчуваліся амаль тыдзень[6].

Барацьба са стыхіяй і наступствамі правіць

З-за адсутнасці іншых афіцыйных асоб дзяржавы ўся работа па арганізацыі крызіснага цэнтра па барацьбе з катаклізмам легла на плечы віцэ-прэм’ера Калініна[12]. У пікавыя гадзіны дарогі расчышчалі каля 1200 адзінак спецтэхнікі. У сталіцы на ліквідацыю наступстваў снегападу выйшлі каля 20 тысяч чалавек і каля тысячы машын спецтэхнікі[1]. Падключыліся таксама падраздзяленні Узброеных Сіл Беларусі[12]. З 19:00 15-га чысла на расчыстку дарог і выратаванне транспарту выходзіць ваенная тэхніка[10].

На 22:00 паведамлялася, што камунальныя і аварыйныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. У сталіцы былі арганізаваны пункты абагравання, харчавання і начлегу. Падобныя пункты стварылі таксама на трасе Мінск—Магілёў у Смілавічах і Чэрвені. Да затораў, якія ўтварыліся на Гродзенскім і Маскоўскім напрамках, сіламі райвыканкамаў і ДАІ была арганізавана дастаўка гарачага харчавання і чая. Удалося вызваліць са снежнага палону аўтобус з 40 дзецьмі, якія вярталіся з экскурсіі ў Мірскі замак, заблакаваны на Слуцкай трасе ва Уздзенскім раёне[22].

У Валожыне ў гасцініцы быў арганізаваны начлег для 52 чалавек, а ў інтэрнаце мясцовага каледжа — для 25. Таксама арганізавана буксіроўка транспартных сродкаў[3]. Месцы часовага размяшчэння людзей (з трасы M1) арганізаваны ў Чэрвеньскім будаўнічым ліцэі (размешчаны 22 чалавекі), Смілавіцкім сельгасліцэі (51 чалавек) і Смілавіцкім аграрным каледжы (2 чалавекі); 1 чалавек з тэмпературай быў дастаўлены у Смілавіцкую бальніцу. На ўчастку дарогі, дзе ўтварыўся затор, была арганізавана кругласутачная работа кафэ (в. Карпілаўка, в. Натальеўск, г.п. Смілавічы), у якіх вадзіцелі і пасажыры пацярпелых аўтамабіляў мелі магчымасць пагрэцца і атрымаць гарачае харчаванне[5]. На тэрыторыі Слуцкага раёна пачалі працаваць 20 пунктаў абагравання, размешчаных ва ўсіх бліжэйшых да дарог сельскіх клубах[10].

Пры «Хаўеры» падраздзяленнямі МНС 211 разоў аказвалася дапамога ў выманні са снежных заносаў 363 транспартных сродкаў (легкавыя і грузавыя аўтамабілі, рэйсавыя аўтобусы, аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі), у якіх знаходзіліся 1172 чалавекі, з іх 260 дзяцей[1].

Нягледзячы на мабілізацыю ўсіх камунальных службаў і актыўны ўдзел МНС, міліцыі і хуткай дапамогі ў барацьбе са стыхіяй, гэтых сіл аказалася недастаткова для таго, каб узяць сітуацыю пад кантроль. Таму многія людзі расчышчалі двары і вызвалялі аўтамабілі з-пад снегу самі. Падчас стыхіі паміж жыхарамі краіны назіралася актыўная ўзаемадапамога: многія самастойна разносілі вадзіцелям чай, дапамагалі сваім суграмадзянам дабрацца дадому, расчышчалі чужыя аўтамабілі і дарогі ад снегу[24]. «Гарачая лінія» партала TUT.by ноччу арганізавала на сайце сэрвіс анлайн-дапамогі, на якім людзі маглі папрасіць аб падмозе і прапанаваць яе тым, хто мае патрэбу. Менш чым за суткі на лініі сабралася каля 700 каментароў. Да валанцёраў падключылася і пратэстанская царква «Новае жыццё», прыхаджане якой разводзілі мінчан па дамах[21].

17-га чысла, накіроўваючыся з Расіі ў Інданезію і Сінгапур[12], Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў адпаведнае распараджэнне ўсім органам дзяржаўнай улады аператыўна на працягу светлавога дня правесці работы па расчыстцы дарог, пад’ездаў да ўсіх грамадскіх устаноў, а таксама дваровых тэрыторый жылых дамоў. Віцэ-прэм’ер Калінін агучыў таксама зварот кіраўніка дзяржавы да грамадзян з просьбай прыняць актыўны ўдзел у расчыстцы дваровых і прылеглых тэрыторый. Барацьба са стыхіяй і яе наступствамі вялася пад кіраўніцтвам створаных штабоў ва ўрадзе і на месцах. Яны курыравалі дзейнасць усіх дзяржаўных службаў (аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, МНС, ЖКГ, Мінтранс, МУС, ДАІ, Мінабароны і іншых)[1].

Пасля цыклона ўсе вуліцы і закуткі некалькі дзён заставаліся заснежанымі, адзначалася небывалая вышыня гурбаў. Для барацьбы са снегам у Мінску 19 сакавіка быў праведзены масавы суботнік, у якім прымала ўдзел больш за 80 тысяч мінчан. 11 тысяч склалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, 1,5 тысячы — прадстаўнікі камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Падчас уборкі тэрыторыі было задзейнічана каля паўтары тысячы адзінак тэхнікі, у тым ліку прыцягнутых арганізацый. Паводле звестак прэс-службы Мінгарвыканкама, каб апрацаваць праезную частку і тратуары спатрэбілася 80 тон солі, больш за 1,5 тысяч кубаметраў пясчана-салянай сумесі, вывезена 35000 кубаметраў снегу[25].

Іншыя краіны правіць

  •   Расія: За суткі ў Маскве выпала амаль месячная норма ападкаў. І калі ў першай палове дня на сталіцу абрынуліся багатыя снегапады, то ўжо ў другой палове дня з-за пацяплення камунальнікі адпампоўвалі адталую ваду. Гэтак багатага снегападу ў сакавіку цэнтральныя рэгіёны Расіі не ведалі апошнія 130 гадоў[26].
  •   Украіна: У выніку падзей 15 сакавіка без святла засталіся сотні населеных пунктаў, а тысячы машын апынуліся ў снежнай блакадзе на дарогах. Пасля таго, як цыклон пачаў слабець, ударылі маразы, якія прывялі да галалёду[26].
  •   Венгрыя: Зафіксаваны моцны снегапад і вецер, якія скавалі рух на міжгародніх трасах. Заторы на дарогах расцягнуліся на сотні кіламетраў[26].

Вынікі, ацэнкі і ўплыў правіць

17 сакавіка віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, падводзячы вынікі барацьбы з прыродным бедствам, адзначыў, што не на належным узроўні было арганізавана абслугоўванне пасажыраў затрымаўшыхся рэйсаў у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Не аператыўна ажыццяўлялася дастаўка паліва аўтамабілістам, якія апынуліся ў палоне снежнай стыхіі. Не ўсюды забяспечваўся падвоз гарачага харчавання. І самае галоўнае, што, атрымаўшы інфармацыю аб штармавым папярэджанні, аўтамабілісты праігнаравалі гэта і адправіліся ў дарогу, парушалі хуткасны рэжым[1].

Несвядомасць насельніцтва адзначылі і ў МНС[1].

«Тое, што людзі да нас не прыслухаліся, шмат у чым ускладніла ліквідацыю наступстваў небяспечнай прыроднай з’явы. Бо наша служба неаднаразова, за суткі да завеі, папярэджвала пра тое, што трасы будуць замецены снегам. Але па факце ў перыяд снегападу сталі адбывацца дарожна-транспартныя здарэнні, з-за якіх быў перакрыты рух, утварыліся заторы, якія, у сваю чаргу, перашкаджалі ўборцы снегу. Многія паездкі можна было адкласці.»

— Памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі ў размове для газеты «СБ. Беларусь сегодня». 19 сакавіка 2013.

У сваю чаргу журналіст Паўлюк Быкоўскі раскрытыкаваў дзеянні ўладаў і службаў падчас катаклізму, а таксама ўзровень іх падрыхтоўкі, але высока ацаніў узаемадапамогу і ініцыятыўнасць радавых грамадзян. На яго думку, дадзеныя падзеі паказалі, што ўлада не гатова браць на сябе адказнасць у крызіснай сітуацыі, а падобныя праблемы насельніцтва вымушана будзе вырашаць самастойна[12].

«Нельга сказаць, што дзяржава самаўхілілася ад развязання гэтых пытанняў, бо МНС, хуткая дапамога і міліцыя рэальна дапамагалі людзям. Але праблема начлегу і абагравання, відаць, вырашылася ў асноўным без удзелу дзяржавы — калі не лічыць развозу гарбаты тым, хто праводзіў ноч з пятніцы на суботу ў заблакаваных на дарогах машынах за горадам. [...] Стыхія высветліла, што ў беларускага МНС мала прыдатнай тэхнікі — па некаторых звестках, у яго ўсяго два ўсюдыходы МНС на шынах нізкага ціску, якія апынуліся сапраўды эфектыўныя пры барацьбе са стыхіяй. Адзін усюдыход знайшоўся ў "Чырвонага Крыжа".»

— Журналіст Паўлюк Быкоўскі ў артыкуле TUT.by. 1 кракавіка 2013.

19—20 сакавіка, неўзабаве пасля «Хаўера», да тэрыторыі Беларусі наблізіўся сфармаваны над Германіяй і Польшчай цыклон «Бірк». Аднак, у адрозненне ад папярэдніка, сфармаванага ў выніку сутыкнення трапічных паветраных мас з арктычнымі, «Бірк» складаўся з аднародных умераных паветраных мас, у сувязі з чым быў не гэтак актыўны. Яго атмасферныя франты аказалі істотны ўплыў толькі на надвор’е ў Брэсцкай і Гродзенскай, а таксама на захадзе Гомельскай і паўднёвым захадзе Мінскай абласцей. Цыклон быў значна слабейшы за «Хаўера», да таго ж, камунальныя службы былі добра падрыхтаваны, і сур’ёзных здарэнняў удалося пазбегнуць[27][28][29].

У той год снег ляжаў да 11 красавіка[10].

Сіноптыкі і МНС склалі планы дзеяння на выпадак паўтарэння падобных цыклонаў, а ў снежні 2013 года беларускія ратавальнікі правялі камандна-штабное вучэнне, набліжанае да рэальных умоў стыхійнага бедства. Пасля «Хаўера» каляровая шкала ўзроўняў небяспекі (да гэтага ўжо выкарыстоўвалася Белгідраметам, аднак прызначаналася толькі для МНС) была ўключана ў прагнозы надвор’я беларускіх СМІ  (руск.). Быў удасканалены план дзеянняў МНС і дарожных службаў у выпадку ўзнікнення аналагічных надзвычайных сітуацый[11].

Цыклон надоўга запомніўся беларусам. У прагнозах надвор’я нярэдка згадвалі гэты снежны шторм, параўноўваючы з іншымі падобнымі штармамі, якія насоўваліся на Беларусь, і ацэньваючы верагоднасць паўтарэння падзей сакавіка 2013 года[17][30][31]. У МНС нават вылучалі жартоўную прапанову вымяраць моцныя цыклоны ва ўмоўных «Хаўерах»[18][32]. Белгідрамет назваў яго «ідэальным цыклонам», маючы на ўвазе яго добрую спрагназаванасць, з чым, аднак, згодны не ўсе[33].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Испытание «Хавьером» // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 19 марта 2013.
  2. а б Восем гадоў таму Беларусь накрыў цыклон «Хаўер» // Наша Ніва : газета. — 15 сакавіка 2021.
  3. а б в Як гарадзенцы перажылі “Хаўер”? // Новы Час : газета. — 16 сакавіка 2013.
  4. Новы “Хаўер” ідзе на Беларусь // Sputnik : інфармацыйнае агенцтва. — 4 студзеня 2016.
  5. а б в г Ігар Адамовіч. Цыклон "Хаўер" на Чэрвеньшчыне // Раённы веснік : газета. — 20 сакавіка 2013.
  6. а б Наталья Чарняўская. Страхуем жыццё(недаступная спасылка) // Петрыкаўскія навіны : газета. — №97 — 3 снежня 2016.
  7. Дарья Спевак. Белорусы вспоминают Хавер // Onliner.by : веб-сайт. — 15 марта 2021.
  8. а б 15 марта 2013 года. Полярный шторм Хавьер накрыл Витебск. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  9. Объявлено штормовое предупреждение высшей степени опасности!. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2016. Праверана 10 лютага 2021.
  10. а б в г д е ё ж з Ольга Паздерина, Алесь Достанко, Екатерина Михайлова. Как Слуцк пережил Хавьер Архівавана 5 сакавіка 2023. // Інфа-Кур’ер : газета. — 15 марта 2018.
  11. а б в Генадий Можейко. Хавьер показал, кто чего стоит: Какие уроки извлекли белорусские службы из стихии // Комсомольская правда : газета. — 15 марта 2014.
  12. а б в г д е ё ж Циклон "Хавьер": власть отмолчалась, люди помогали себе сами(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  13. Циклон "Хавьер": Все едут аккуратно, но аварий не избежать(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  14. На Минск опустился циклон Хавер. Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  15. История одного города во власти циклона Хавер
  16. Хроника одного циклона. Белорусы ночевали в замерзших машинах, бросали авто на дорогах, шли строем через поля и отпаивали прохожих чаем(недаступная спасылка)
  17. а б Снежные рекорды Минска. 10 фактов про снег: 1893–2017(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  18. а б Единица измерения — «Хавьер». Пять лет самому впечатляющему снежному шторму в истории Беларуси(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  19. "Хавьер" в Минске: аэропорт закрыт, транспорт стоит, продлена работа метро, а Масленицу перенесли(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  20. Минск встал: закрыты выезды из города, движение на основных городских магистралях парализовано (обновляется)(недаступная спасылка)
  21. а б в Анастасия Солонович. Циклон «Хавьер» показал истинные лица белорусов // Naviny.by : новостной сайт. — 16 марта 2013.
  22. а б Оперативная обстановка от МЧС на 22.00 по Минску и области. Освобожден автобус с детьми, организована доставка чая и питания(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  23. Минск после "Хавьера": бессонная ночь, машины в сугробах и взаимовыручка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  24. Истории спасения: "Дочь по дороге подвезла двоих мужчин с детками. Я горжусь ею!"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  25. Циклон «Хавьер» заставил выйти на субботник более 80 тысяч минчан
  26. а б в Циклон «Хавер» парализовал Россию, Украину и Венгрию Архівавана 31 снежня 2019. // СТВ : телеканал. — 16 марта 2013.
  27. На смену Хаверу в Беларуси пришел циклон Бирк. Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  28. Синоптики: завтра к нам придет циклон Бирк, он гораздо слабее Хавера. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2013. Праверана 10 лютага 2021.
  29. Циклон "Бирк" не дойдет до Беларуси, сообщила корреспонденту БЕЛТА главный синоптик Республиканского гидрометеоцентра Людмила Паращук.. Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 10 лютага 2021.
  30. В МЧС Беларуси призвали не доверять сообщениям из соцсетей о том, что к Беларуси приближается сильный циклон "хуже Хавьера", который завалит страну снегом
  31. По горячим следам «Ларса». Как боролись с последствиями непогоды работники МЧС и ждать ли возвращения снегопадов?. Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2021. Праверана 10 лютага 2021.
  32. "0,3 "Хавьера" в Гомеле и 0,5 в Могилеве". На субботу из-за снегопада объявлен оранжевый уровень(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2018. Праверана 10 лютага 2021.
  33. РЕПОРТАЖ: Идеальный "Хавьер", или Как в Беларуси "делают" погоду. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2017. Праверана 10 лютага 2021.

Літаратура правіць

рускамоўная
беларускамоўная

Спасылкі правіць

рускамоўныя
беларускамоўныя