Хойніцкі раён
Хойніцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласці Беларусі. Мяжуе з Калінкавіцкім, Рэчыцкім, Брагінскім, Лоеўскім, Нараўлянскім і Мазырскім раёнамі Гомельскай вобласці. На поўдні мяжуе з Іванкаўскім (да 1988 г. Чарнобыльскім) раёнам Кіеўскай вобласці Украіны. Адміністрацыйным цэнтрам з’яўляецца горад Хойнікі.
Хойніцкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | |||||
Уваходзіць у | Гомельская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Хойнікі | ||||
Дата ўтварэння | 8 снежня 1926 | ||||
Кіраўнік | Анатоль Уладзіміравіч Бандарэнка[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 81,11 %, руская 16,9 % Размаўляюць дома: беларуская 46,6 %, руская 42,76 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
22 412 чал.[2] (13-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 11,04 чал./км² (18-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 92,28 %, рускія — 5,23 %, украінцы — 1,49 %, іншыя — 1,0 %[2] |
||||
Плошча |
2 027,74[3] (8-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
145 м[4] | ||||
Тэлефонны код | +375 2346 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьПлошча раёна складае 202,8 тыс. га, з іх лясы — 58,2 тыс. га. Пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, асінавыя віды дрэў. Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 45,9 тыс. га, у тым ліку ворыва — 23,0 тыс. га, асушаныя землі — 18,9 тыс. га, 3,4 % тэрыторыі знаходзіцца пад балотамі, што складае 6,9 тыс. га.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Мазырскага Палесся. Паверхня раўнінная, цэнтральную частку раёна займае Хойніцка-Брагінскае ўзвышша. Практычна ўся паверхня (98 %) знаходзіцца на вышыні 110—140 м. Каля вёскі Стралічаў знаходзіцца самы высокі пункт раёна — 160 м.
З карысных выкапняў ёсць торф, будаўнічыя пяскі, нафта, радовішча якой пачалі распрацоўваць ў 2004 годзе.
У студзені сярэдняя тэмпература паветра складае −6,6 градусаў Цэльсія, у ліпені +18,6 градусаў Цэльсія. За год ўпадае 565 мм ападкаў. Працягласць вегетацыйнага перыяду 195 сутак.
На тэрыторыі раёна працякае Прыпяць з прытокамі Віць і Тур’я, знаходзяцца некалькі азёр — Жартай, Ломыш, Стараселле, Масцішча, вадасховішчы Вялікаборскае, Віць, Судкоў, Уласы.
На тэрыторыі раёна размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, куды ўвайшлі землі, выведзеныя з карыстання ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Плошча запаведніка складае 215 тыс. га. У ім жыве 54 віды млекакормячых, каля 80 відаў птушак, 25 — рыб. Расце 1250 відаў раслін. У 1996 годзе было завезена 15 белавежскіх зуброў, цяпер іх колькасць складае 40 асобін. У Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь занесены 43 віды фаўны, 19 відаў флоры запаведніка.
Гісторыя
правіцьРаён утвораны 8 снежня 1926 года падчас другога ўзбуйнення БССР у складзе Рэчыцкай акругі. Цэнтр — мястэчка Хойнікі. У склад раёна ўключаны 37 сельсаветаў: Амелькаўшчынскі, Аравіцкі, Бабчынскі, Барысаўшчынскі, Валоцкі, Варацецкі, Велікаборскі, Веляцінскі, Высоцкі, Гарошкаўскі, Гноеўскі, Губарэвіцкі, Дварышчанскі, Дронькаўскі, Дубровіцкі, Забалацкі, Звіняцкаўскі, Ізбынскі, Казялужскі, Карчоўскі, Клеўскі (Кліўскі), Краснасельскі, Малешаўскі, Мархлеўскі, Мокішскі, Навасёлкаўскі, Небытаўскі, Паганянскі, Паселіцкі, Паташынскі, Плоскаўскі, Пудакоўскі, Рудакоўскі, Руднаўскі, Стралічаўскі, Хойніцкі, Храпкаўскі. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 4 жніўня 1927 года далучаны Зашчобскі і Маканавіцкі сельсаветы скасаванага Васілевіцкага раёна. 27 снежня 1927 года скасаваны Высоцкі сельсавет. 30 снежня 1927 года ў выніку рэарганізацыі і ўзбуйнення сельсаветаў Гомельскай акругі замест 38 сельсаветаў у раёне зацверджана 17: Амелькаўшчынскі, Аравіцкі, Бабчынскі, Барысаўшчынскі, Валоцкі, Велікаборскі, Дварышчанскі, Забалацкі, Карчоўскі, Клеўскі (Кліўскі), Маканавіцкі, Навасёлкаўскі, Небытаўскі, Паселіцкі, Паташынскі нацыянальны польскі, Рудакоўскі і Стралічаўскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Алексіцкі, Кажушкаўскі, Тульгавіцкі, Хобненскі сельсаветы скасаванага Юравіцкага раёна, 5 красавіка 1935 года — Кабылеўскі і Маладушскі сельсаветы Рэчыцкага раёна. 23 жніўня 1937 года скасаваны Паташынскі нацыянальны польскі сельсавет, адначасова Клеўскі (Кліўскі) сельсавет перайменаваны ў Загальскі. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Палескай вобласці, тады ж Кабылеўскі, Маканавіцкі і Хобненскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Васілевіцкаму раёну. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Бабчынскі, Загальскі, Карчоўскі, Навасёлкаўскі, Небытаўскі сельсаветы, Маладушскі сельсавет перададзены Рэчыцкаму раёну. 16 красавіка 1959 года скасаваны Валоцкі сельсавет, Забалацкі сельсавет перайменаваны ў Небытаўскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Баршчоўскі і Радзінскі сельсаветы скасаванага Камарынскага раёна. 20 лютага 1964 года скасаваны Баршчоўскі сельсавет. 30 чэрвеня 1966 года Небытаўскі сельсавет перайменаваны ў Казялужскі. 10 лістапада 1967 года Хойнікі набылі статус горада раённага падпарадкавання. 8 студзеня 1987 года скасаваны Аравіцкі, Кажушкаўскі і Радзінскі сельсаветы. 4 ліпеня 1991 года скасаваны Рудакоўскі сельсавет. 28 лістапада 1991 года скасаваны Амелькаўшчынскі і Тульгавіцкі сельсаветы. 20 кастрычніка 1995 года Хойніцкі раён і горад Хойнікі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 1 снежня 2009 года скасаваны Казялужскі сельсавет, Дварышчанскі сельсавет перайменаваны ў Судкоўскі[5].
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Караль Прозар, маршалак Галоўнага Трыбуналу ВКЛ 1787 г., вялікі абозны ВКЛ, «рэдкі грамадзянін», паводле Тадэвуша Касцюшкі, ды «в числе первейших бунтовщиков почитаемый», як характарызавала яго імператрыца Кацярына II ; адзін з арганізатараў паўстання 1794, сябра Патрыятычнага таварыства
- Ян Ксенафонт Мікалай Ястржэмбскі, інжынер-палкоўнік, вучоны і педагог, укладальнік першага рускамоўнага дапаможніка па практычнай механіцы, лаўрэат палавіннай Дзямідаўскай прэміі РАН, аўтар праектаў мастоў праз Дняпро і Заходнюю Дзвіну, бясспрэчна таленавіты літаратурны містыфікатар што да твору «Мёртвыя душы» М. В. Гогаля
- Іосіф Антонавіч Гашкевіч, першы консул Расійскай імперыі ў Японіі, вучоны-натураліст і мовазнаўца-паліглот, аўтар першага «Японска-Рускага слоўніка», лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі РАН
- Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, паўстанцкі начальнік Вільні (1863)
- Барыс Іванавіч Сачанка (1936, в. Вялікі Бор — 1995) — беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец
- Фёдар Ігнатавіч Стравінскі, знакаміты оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька сусветнага ўзроўню і вядомасці кампазітара XX стагоддзя Ігара Стравінскага
- Часлаў Пяткевіч, аўтар найкаштоўнага этнаграфічнага твору «Рэчыцкае Палессе» у трох кнігах: «Матэрыяльная культура», «Духоўная культура», «Грамадская культура»; чалавек, які ўсяму свету распавёў пра традыцыйную культуру Палесся
- Кіпрыян Трафімавіч Ярмольчык, дэпутат ІІІ Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі (1907—1912 гг.) ад Рэчыцкага павета Мінскай губерні па сялянскай курыі; трымаў пазіцыю фракцыі трудавікоў
- Алена Яфімаўна Вяргейчык, Герой Сацыялістычнай Працы
- Іван Паўлавіч Мележ, класік беларускай літаратуры, аўтар трылогіі «Людзі на балоце»
- Ала Іванаўна Канапелька, беларуская паэтэса і перакладчыца
- Алесь Шлег, беларускі празаік, паэт
Крыніцы
правіць- ↑ http://hoiniki.gov.by/ru/committee/
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
Літаратура
правіць- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Хойніцкі раён // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. А. Ткачоў (гал.рэд.) і інш. — Мінск : БелЭн, 1993. — 383 с.
- http://hojniki.ucoz.ru/#
- http://hojniki.ucoz.ru/index/zemljaki_chast_i/0-183