Сафійскі сабор (Канстанцінопаль)

Канстанцінопаль
(Пасля перасылкі з Храм Святой Сафіі)

Сафійскі сабор, афіцыйная назва на сённяшні дзень Музей Ая-Сафія (грэч. Ἁγία Σοφία; турэцк.: Ayasofya) — былы праваслаўны сабор, потым — мячэць, цяпер — музей, сусветна вядомы помнік візантыйскай архітэктуры, сімвал «залатога веку» Візантыі.

Праваслаўны сабор
Сафійскі сабор
грэч. Αγία Σοφία, турэцк.: Ayasofya
Від на Сафійскі сабор
Від на Сафійскі сабор
41°00′31″ пн. ш. 28°58′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Турцыя
Горад Стамбул
Канфесія праваслаўе, пасля — іслам
Тып будынка сабор, пасля — мячэць
Архітэктурны стыль Візантыйская архітэктура[1] і базіліка[1]
Архітэктар Ісідар Мілецкі і Анфімій Тральскі
Заснавальнік Канстанцін I Вялікі
Дата заснавання 324 год
Будаўніцтва 532537 гады
Асноўныя даты

324Базіліка Канстанціна
415Базіліка Феадосія
537Юстыніянава базіліка (сучасны будынак)

1453пераўтварэнне ў мячэць
Дата скасавання 404 і 14 студзеня 532
Стан музей
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 356
рус.англ.фр.

У часы Візантыйскай імперыі сабор знаходзіўся ў цэнтры Канстанцінопаля каля імператарскага палаца. У цяперашні час знаходзіцца ў цэнтры Стамбула, у раёне Султанахмет. Пасля захопу горада асманамі ў 1453 годзе, Сафійскі сабор быў ператвораны ў мячэць, а ў 1935 годзе атрымаў статус музея. У 1985 годзе сабор разам з іншымі помнікамі гістарычнага цэнтра Стамбула быў залічаны ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[2].

Больш за тысячу гадоў Сафійскі сабор быў самым вялікім храмам у свеце, да таго моманту пакуль не быў пабудаваны Сабор Святога Пятра ў Рыме. Вышыня сабора — 55,6 метраў, дыяметр купала — 31 метр.

Гісторыя правіць

Першыя збудаванні правіць

 
Фрагменты базілікі Феадосія

Сабор быў пабудаваны на рыначнай плошчы Аўгустэён у 324—337 гадах пры візантыйскім імператары Канстанціне I[3]. У Сакрата Схаластыка будаўніцтва першага храма, названага Сафіяй, адносіцца да праўлення імператара Канстанцыя II[4]. Па меркаванню Н. П. Кандакова, Канстанцый толькі пашырыў збудаванне Канстанціна[5]. Сакрат Схаластык паведамляе дакладную дату асвячэння храма: «па ўзвядзенні Еўдоксія на епіскапскі прастол сталіцы, асвечана была вялікая царква, вядомая пад іменем Сафіі, што адбылося ў дзясятае консульства Канстанцыя і трэцяе кесара Юліяна, у пятнаццаты дзень месяца лютага»[6]. З 360 па 380 год Сафійскі сабор знаходзіўся ў руках арыян. Імператар Феадосій I у 380 годзе перадаў сабор праваслаўным і 27 лістапада асабіста ўвёў у сабор Рыгора Багаслова, неўзабаве абранага новым канстанцінопальскім архіепіскапам[7].

Гэты храм згарэў у час народнага паўстання ў 404 годзе[8]. Пабудаваная зноў царква была знішчана пажарам 415 года. Імператар Феадосій II загадаў узвесці на гэтым жа месцы новую базіліку, што было зроблена ў тым жа годзе. Базіліка Феадосія згарэла ў 532 годзе ў час паўстання «Ніка». Яе руіны былі знойдзены толькі ў 1936 годзе ў час раскопак на тэрыторыі сабора.

Канстанцінаў і Феадосіеў храмы былі вялікімі пяцінефнымі базілікамі[9]. Скупое ўяўленне аб ёй даюць толькі археалагічныя знаходкі, якія дазваляюць судзіць толькі аб яе вялікіх памерах і багатым мармуровым убранні. Таксама, на аснове яе старажытных апісанняў, робяць вывад, што над яе бакавымі нефамі размяшчаліся двух'ярусныя галерэі, падобныя да пабудаванай адначасова з ёю базілікі Святой Ірыны[9].

Юстыніянава базіліка правіць

 
Анёл паказвае Юстыніяну мадэль Сабора Святой Сафіі

Паводле Іаана Малалы, храм згарэў 13 студзеня 532 года ў час паўстання «Ніка»[10]. Праз сорак дзён пасля пажару імператар Юстыніян I загадаў на яго месцы пабудаваць новую царкву таго ж імені, якая павінна была стаць па яго задуме ўпрыгажэннем сталіцы і паказваць веліч імперыі[11]. Дзеля ўзвядзення грандыёзнага храма Юстыніян выкупіў у прыватных уладальнікаў найбліжэйшыя ўчасткі зямлі і загадаў знесці збудаванні, што стаялі там. Для кіравання работамі Юстыніян запрасіў самых лепшых архітэктараў таго часу: Ісідара Мілецкага і Анфімія Тральскага, якія раней зарэкамендавалі сябе ўзвядзеннем царквы Святых Сергія і Вакха. Пад іх кіраўніцтвам працавала штодзённа па 10 000 рабочых[11].

Гісторыя будаўніцтва правіць

На пабудову быў выкарыстаны самы лепшы будаўнічы матэрыял. Мармур прывозілі з Праконіса, Нумідыі, Карыста і Іерапаля. Таксама ў Канстанцінопаль па імператарскаму цыркуляру[12] звозіліся архітэктурныя элементы старажытных збудаванняў (напрыклад, з Рыма было дастаўлена восем парфіравых калон, узятых з храма Сонца, а з Эфеса восем калон з зялёнага мармуру)[11]. Акрамя мармуровых упрыгажэнняў Юстыніян, з мэтай прыдаць будуемаму храму небывалыя бляск і раскошу, выкарыстаў на яго аздабленне золата, серабро, слановую косць. Рускі паломнік Антоній Наўгародзец, які склаў апісанне Канстанцінопаля перад яго разрабаваннем крыжаносцамі ў 1204 годзе, дае наступнае апісанне алтара сабора[13]:

У алтары жа вялікім над святою трапезаю вялікаю, пад катапетазмаю, павешаны Канстанцінаў вянец, і ў яго ж павешаны крыж, пад крыжом голуб залаты; і іншых цароў вянцы вісяць вакол катапетазмы. Тая ж катапетазма ўся зроблена з золата і срэбра, а слупы алтарныя і амбон усё срэбрана… І гэта цудоўная і страшная святая з'ява: у святой Сафіі ў алтары вялікім за святым прастолам стаіць крыж залаты, вышэйшы за двух чалавек ад зямлі з каменнем дарагім і жэмчугам зроблены, а перад ім вісіць крыж залаты ў паўтара локця… перад ім тры залатыя лампады, у якіх гарыць масла, гэтыя лампады і крыж змайстраваў цар Юстыніян, будаўнік царквы.

 
Будаўніцтва Святой Сафіі
(мініяцюра з хронікі Канстанціна Манасіі)

Небачанае і нечуванае хараство храма да такой ступені ўражвала народную фантазію, што пачалі хадзіць легенды аб непасрэдным удзеле ў яго збудаванні нябесных сіл. Паводле аднае з легенд, Юстыніян хацеў пакрыць золатам сцены Святой Сафіі ад падлогі да скляпенняў, але астролагі прадказалі, што «ў канцы вякоў прыйдуць вельмі бедныя цары, якія, з мэтай захапіць усе багацці храма, зрыюць яго да падмурка», і імператар, які клапаціўся аб сваёй славе, абмежаваў раскошу збудавання[14].

Будаўніцтва сабора паглынула тры гадавыя даходы Візантыйскай імперыі. «Саламон, я пераўзышоў цябе!» — такія словы вымавіў, згодна з паданнем, Юстыніян, увойдучы ў пабудаваны сабор і маючы на ўвазе легендарны Іерусалімскі Храм[15]. Урачыстае асвячэнне храма 27 снежня 537 года справіў канстанцінопальскі патрыярх Міна.

Пракопій Кесарыйскі, сучаснік будаўніцтва, апісваючы збудаванні імператара Юстыніяна, з захапленнем піша пра сабор Святой Сафіі:

Гэты храм прадстаўляў цудоўнае відовішча, — для тых, хто глядзеў на яго, ён здаваўся выключным, для тых, хто чуў пра яго, — зусім неверагодным. У вышыню ён падымаецца як быццам да неба і, як карабель на высокіх хвалях мора, ён выдзяляецца сярод іншых будынкаў, нібы схіляючыся над астатнім горадам, упрыгожваючы яго як яго частка, сам упрыгожваецца ім, бо, будучы яго часткаю і ўваходзячы ў яго склад, ён настолькі выдаецца над ім, што з яго можна бачыць увесь горад, як на далоні[16].

— Пракопій Кесарыйскі. Аб пабудовах (Кніга 5: I:27)

Ужо з моманту пабудовы за царквою замацавалася назва «вялікая»[17]. Для адпраўлення богаслужэнняў у саборы было мноства каштоўнага начыння. Для вырабу каштоўнага прастола сабора, згодна з паведамленнем Дарафея Манемвасійскага, былі выкарыстаны «золата, серабро, медзь, электр (бурштын), жалеза, шкло, камяні добрыя многія, яханты, смарагды, бісер, касідзер, магніт, он(ікс)ій, алмазы і іншае да сямідзесяці дзвюх розных рэчаў»[18]. На ім імператар размясціў надпіс «Тваё ад Твайго прыносім Табе Твае, Хрысце, рабы Юстыніян і Феадора»[19]. Штат царкоўна- і свяшчэннаслужыцеляў сабора пры Юстыніяне быў разлічаны на 525 чалавек: 60 свяшчэннікаў, 100 дыяканаў, 40 дыяканіс, 90 іпадыяканаў, 110 чытальнікаў, 25 пеўчых і 100 брамнікаў[20]. Пры імператары Іракліі ён даходзіў да 600 чалавек[21]. Паводле 43-й навелы Юстыніяна ад кожнай гандлёва-рамеснай карпарацыі выдзялялася пэўная колькасць майстэрань (эргастырыеў), даходы ад якіх ішлі на патрэбы храма Святой Сафіі.

Сабор у часы Візантыйскай імперыі правіць

 
Унутраны від скляпенняў сабора

Праз некалькі гадоў пасля заканчэння будаўніцтва землетрасенне разбурыла частку сабора:

упала Усходняя частка Св. Сафіі, што пад святым алтаром, і разбурыла ківорый (г. зн. шаты) і святую трапезу, і амвон. І прызнаваліся механікі, што паколькі яны, ухіляючыся ад выдаткаў, не зрабілі падтрымкі знізу, але пакінулі пралёты між слупамі, што падтрымлівалі купол, таму слупы і не вытрымалі. Бачачы гэта, найнабожнейшы цар узвёў іншыя слупы для падтрымкі купала; і такім чынам зроблены быў купал, які падымаўся ў вышыню больш, чым на 20 пядзей у параўнанні з ранейшым будынкам.

Хранаграфія Феафана, год 6051 / 551

Сабор таксама пацярпеў ад землетрасення 989 года, асабліва разбурыўся яго купал. Будынак падперлі контрфорсамі, ад якіх ён страціў свой ранейшы выгляд. Абвалены купал перабудаваў армянскі архітэктар Трдат, аўтар Анійскага сабора, прычым архітэктар зрабіў купал нават больш узвышаным.

16 ліпеня 1054 года ў Сафійскім саборы на святым алтары ў час богаслужэння легатам папы рымскага кардыналам Гумбертам канстанцінопальскаму патрыярху Міхаілу Керуларыю была ўручана адлучальная грамата. (Менавіта гэту дату прынята лічыць датай расколу цэркваў на каталіцкую і праваслаўную.)

Да рабавання крыжаносцамі Констанцінопаля ў 1204 годзе ў саборы захоўвалася Турынская плашчаніца.

У XIV стагоддзі лампадарыем сабора быў вядомы царкоўны кампазітар Іаан Кладас.

Сабор пасля асманскага заваявання правіць

 
Цэнтральны від паўночнага нефа ў 1852 годзе

30 мая 1453 года султан Мехмед II, які заваяваў Канстанцінопаль, увайшоў у сабор Святой Сафіі, які быў ператвораны ў мячэць[22]. Да сабора прыбудавалі чатыры мінарэты, і сабор ператварыўся ў мячэць Ая-Сафія. Паколькі сабор быў арыентаваны па хрысціянскай традыцыі — алтар на ўсход, мусульманам прыйшлося перайначыць яго, памясціўшы міхраб у паўднёва-ўсходні кут сабора (напрамак на Меку). З-за гэтай пераробкі ў Ая-Сафіі, як і ў іншых былых візантыйскіх храмах, мусульмане вымушаны молячыся размяшчацца пад вуглом адносна асноўнага аб'ёму будынка. Большасць фрэсак і мазаік засталіся непашкоджанымі, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, менавіта дзякуючы таму, што на працягу некалькіх стагоддзяў былі замазаны тынкоўкай[23].

У другой палавіне XVI стагоддзя пры султанах Селіме II і Мурадзе III да будынка сабора былі прыбудаваны цяжкія і грубыя контрфорсы, якія істотна змянілі аблічча будынка[24]. Да сярэдзіны XIX стагоддзя ніякіх рэстаўрацыйных работ у храме не праводзілася. У 1847 годзе султан Абдул-Меджыд I даручыў архітэктарам Гаспару і Джузэпэ Фасаці правесці рэстаўрацыю Ая-Сафіі, якой пагражала небяспека абваліцца[25]. Рэстаўрацыйныя работы працягваліся два гады.

У 1935 годзе, згодна з дэкрэтам Атацюрка, Ая-Сафья стала музеем, а з фрэсак і мазаік былі счышчаны наложаныя на іх слаі тынкоўкі. У 2006 годзе ў музейным комплексе было выдзелена невялікае памяшканне для правядзення мусульманскіх рэлігійных абрадаў супрацоўнікамі музея[26].

Архітэктурныя асаблівасці правіць

 
1. Уваход   2. Імператарскія вароты   3. Плакучая калона   4. Алтар. Міхраб  5. Мінбар   6. Ложа Султана   7. Амфалас («пуп свету»)   8. Мармуровыя урны з Пергама
 a.) Баптыстэрый візантыйскай эпохі, грабніца султана Мустафы I
 b.) Мінарэты султана Селіма II

У плане сабор прадстаўляе сабою прадаўгаваты чатырохвугольнік (75,6 м даўжынёй і 68,4 м шырынёй), які ўтварае тры нефы: сярэдні — шырокі, і бакавыя — вузейшыя. Гэта базіліка з чатырохвугольным сяродкрыжжам, якое увенчваецца купалам. Велізарная купальная сістэма сабора стала шэдэўрам архітэктурнай думкі свайго часу. Трываласць сцен храма дасягаецца, на думку турэцкіх даследчыкаў, за кошт дабаўлення ў будаўнічы раствор экстракту лісця ясеня[27].

Сярэдзіна шырокага нефа, квадратная ў аснове, абмежавана па вуглах чатырма масіўнымі слупамі, якія падпіраюць велічэзныя аркі, і пакрыта даволі плоскім купалам 31 м у папярочніку, вяршыня якога знаходзіцца на вышыні 51 м ад падлогі[28]. Купал складаецца з сарака радыяльных арак; у ніжніх частках міжарачных прамежкаў прарэзаныя арачныя вокны (іх таксама 40), дзякуючы чаму ў ніжняй частцы купала ствараецца ўражанне суцэльнага светлавога пояса. Купал звязваецца з перакрыванаю прамавугольнаю ў плане прастораю з дапамогай сферычных трохвугольнікаў — парусоў — якія ў далейшым атрымалі шырокае распаўсюджанне ў сусветнай архітэктуры[28]. Да падкупальнай прасторы прымыкаюць з усходу і захаду дзве велізарныя нішы з паўсферычным верхам: ва ўсходнюю нішу адкрываюцца сваімі аркамі яшчэ тры меншыя нішы, сярэдняя з якіх, якая служыла алтарнаю апсідаю, глыбейшая за астатнія і выступае з агульнага плана храма ў выглядзе паўкружжа; да заходняе вялікае нішы прымыкаюць таксама тры нішы; сярэдняя з іх, якая завяршаецца не паўсферычным, а звычайным корабавым скляпеннем, утрымлівае ў сабе трое дзвярэй, якія вядуць у прыбудаваныя да храма ўнутраны і вонкавы прытворы (esonartex і exonartex), перад якімі некалі знаходзіўся цяпер неіснуючы двор, абнесены галерэяй з калонамі.

Падкупальная прастора з паўночнага і паўднёвага бакоў звязваецца з бакавымі нефамі з дапамогай арак, якія падтрымліваюцца парфіравымі і малахітавымі калонамі, вывезенымі з храмаў Малой Азіі і Егіпта[28]; пад гэтымі аркамі ідзе яшчэ па ярусу падобных жа арак, праз якія адкрываюцца ў падкупальную прастору зробленыя ў бакавых нефах галерэі гінекея, а яшчэ вышэй — агромністыя аркі, якія падтрымліваюць купал, замураваныя прамою сцяною з вокнамі, размешчанымі ў тры рады. Акрамя гэтых акон, нутро храма шчодра, хоць і некалькі рассеяна асвятляюць 40 акон, якія апяразваць аснову купала, і па пяць акон у вялікіх і малых нішах.

 
Цэнтральны неф сабора, алтарная частка і галоўны купал

Унутранае аздабленне храма вялося на працягу некалькіх стагоддзяў і адрознівалася асаблівым багаццем (мазаікі на залатой падлозе, 8 зялёных яшмавых калон з храма Артэміды ў Эфесе). Сцены храма таксама былі поўнасцю пакрытыя мазаікамі (як сюжэтныя кампазіцыі, так і арнаменты). Дзякуючы сваёй велічнай архітэктуры і ўбранню

галоўнае свяцілішча ўсяе дзяржавы выклікала думку аб моцы Візантыйскай імперыі і царквы. Гэтаму служылі і памеры храма, разлічанага на шматтысячныя людскія натоўпы, і роскаш аздаблення інтэр'ера каляровым мармурам і дэкаратыўнаю мазаікаю, і пышнасць цырымоній, якія праводзіліся ў храме. Менавіта ў будынку новага тыпу, у купальнай базіліцы св. Сафіі, найбольш паслядоўна выражана характэрная для візантыйскага мастацтва VI ст. схільнасць да грандыёзнасці, велічнай пышнасці і ўрачыстасці[29].

Да выдатнасцей Святой Сафіі адносіцца «плакучая калона», пакрытая меддзю (існуе павер'е, што калі палажыць руку ў адтуліну і, адчуўшы вільгаць, загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца), а таксама «халоднае акно», дзе нават у самы спякотны дзень вее халаднаваты ветрык.

У 1935 годзе з фрэсак і мазаік былі счышчаны накладзеныя на іх слаі штукатуркі. Такім чынам, цяпер на сценах храма можна бачыць і выявы Ісуса Хрыста і Багародзіцы, і цытаты з Карана на чатырох вялікіх шчытах авальнай формы.

На поручнях верхняй галерэі храма можна ўбачыць графіці, пакінутыя на працягу ўсяе гісторыі яго існавання. Найбольш старажытныя з іх пакрытыя празрыстым пластыкам і ахоўваюцца як выдатнасці (гл. раздзел Рунічныя надпісы).

Рунічныя надпісы правіць

 
Адзін з рунічных надпісаў у саборы Святой Сафіі

Рунічныя надпісы ў саборы Святой Сафіі — надпісы, зробленыя скандынаўскімі рунамі на мармуровых парапетах сабора Святой Сафіі. Верагодна, яны былі надрапаны воінамі з варажскай гвардыі імператара Візантыі ў Сярэднія вякі. Першы з рунічных надпісаў быў адкрыты ў 1964 годзе[30], затым было знойдзена яшчэ некалькі надпісаў. Як мяркуюць, могуць існаваць і іншыя рунічныя надпісы, але адмысловыя даследаванні падобнага роду ў саборы не праводзіліся[31].

Зноскі правіць

  1. а б Δετοράκης Θ. Ε. Αγια Σοφια: ο ναος της Αγιας του Θεου Σοφιας — P. 20. Праверана 16 студзеня 2023.
  2. Гістарычныя мясціны Стамбула на Unesco.org
  3. Хранаграфія Феофана, год 5816 / 316
  4. Сократ Схоластик. «Церковная история». Кн. II, гл. 16
  5. Кондаков Н. П. Византийские церкви и памятники Константинополя. — м: Индрик, 2006. — С. 116.
  6. Сократ Схоластик. «Церковная история». Кн. II, гл. 43
  7. Карташёв А. В. Вселенские соборы. — Клин, 2004. — С. 159.
  8. Карташёв А. В. Вселенские соборы. — Клин, 2004. — С. 460.
  9. а б Колпакова Г.С. Искусство Византии. Ранний и средний периоды. — М.: Азбука, 2010. — С. 77. — 528 с. — (Новая история искусства). — ISBN 978-5-9985-0447-1.
  10. Joannis Malalae Clironographia. Rec. L. Dindorf. Bonnae, 1831. P. 474
  11. а б в Успенский Ф. И. История Византийской империи VI-IX веков. — М.: Мысль, 1996. — С. 331. — ISBN ISBN 5-244-00838-2.
  12. Диль Ш. Юстиниан и Византийская цивилизация в VI веке. — Типография Альтшулера, 1908. — С. 481.
  13. Савваитов П.И. Путешествие новгородского архиепископа Антония в Царьград. — СПб, 1872. — С. 73.
  14. Диль Ш. Юстиниан и Византийская цивилизация в VI веке. — Типография Альтшулера, 1908. — С. 482.
  15. Карев А.В., Сомов К.В.. История христианства(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2012. Праверана 14 лютага 2010.
  16. Прокопий Кесарийский. О постройках. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2012. Праверана 14 лютага 2010.
  17. Robert S. Nelson. Hagia Sophia, 1850-1950: Holy Wisdom Modern Monument. — Chicago: University of Chicago Press, 2004. — С. 1. — ISBN 0226571718.
  18. Цытуецца па Крест - хранитель всея Вселенныя : История создания и воссоздания креста преподобной Евфросинии, игумении Полоцкой / Л.В.Алексеев. — Минск: Вестник Белорусского Экзархата, 1996. — 126 с. Архівавана 11 снежня 2008.
  19. Карташёв А. В. Вселенские соборы. — Клин, 2004. — С. 461.
  20. Навелы Юстыніяна. 3. гл. 1.
  21. Успенский Ф. И. История Византийской империи VI-IX веков. — М.: Мысль, 1996. — С. 335. — ISBN ISBN 5-244-00838-2.
  22. Шарль Диль. Основные проблемы византийской истории. — М., 1947. — С. 53.
  23. Natalia B. Teteriatnikov. Mosaics of Hagia Sophia, Istanbul: The Fossati Restoration and the Work of the Byzantine Institute. — Washington, D.C.: Dumbarton Oaks Research Library and Collection, 1998. — С. 6. — ISBN 0–88402–264–1.
  24. Храм Святой Софии в Царьграде. — Петроград: Акционерное общество «Биохромъ», 1914. — С. 6.
  25. Храм Святой Софии в Царьграде. — Петроград: Акционерное общество «Биохромъ», 1914. — С. 5.
  26. İbadete açık Ayasofya (тур.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2012. Праверана 11 верасня 2010.
  27. Раскрыта еще одна тайна Святой Софии(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2012. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  28. а б в Бартенев И. А., Батажкова В. Н. Очерки истории архитектурных стилей. — М.: Изобразительное искусство, 1983. — С. 55. — 264 с.
  29. Византийское искусство VI века // Всеобщая история искусств / Под общ. ред. Б.В. Веймарна, Ю.Д. Колпинского. — М.: Искусство, 1961. — Т. 2, книга первая.
  30. Svärdström, Elisabeth Runorna i Hagia Sofia // Fornvännen. — 1970. — № 65. — С. 247—249.
  31. Knirk, James E. Runer i Hagia Sofia i Istanbul // Nytt om runer. — 1999. — № 14. — С. 26—27.(недаступная спасылка)

Літаратура правіць

  • Всеобщая история искусств / Под общ. ред. Б.В. Веймарна, Ю.Д. Колпинского. — м: Искусство, 1961. — Т. 2, книга первая.
  • Евтушенко Г. Храм Святой Софии в Константинополе. — СПб.: Сатисъ, 2008. — 272 с. — ISBN 978-5-7868-0029-7.
  • Лихачёва В. Д. Искусство Византии IV-XV веков. — Л: Искусство, 1981.
  • Лазарев В. Н. Мозаики собора Св. Софии в Константинополе // История византийской живописи. — м: Искусство, 1986.
  • Колпакова Г.С. Искусство Византии. Ранний и средний периоды. — М.: Азбука, 2005. — 528 с. — (Новая история искусства). — ISBN 5-352-00485-6.

Спасылкі правіць