Хроніка
Хроніка (грэч. Χρόνος — час) — гістарычнае апісанне падзей у храналагічным парадку.
Хроніка як гістарычны твор з’явілася ў позняй Рымскай імперыі, развівалася ў Візантыі і Заходняй Еўропе. Гістарычная канцэпцыя такіх твораў была самым цесным чынам звязана з царкоўным светапоглядам і рабіла візантыйскія палітычныя мроі аб адзінай сусветнай дзяржаве часткай іх царкоўнага вучэння. Як правіла, хронікі пачынаюць сваё апавяданне з заснавання свету і адлюстроўваюць ідэю гісторыі як Боскага промыслу. Пераклады хранографаў у асноўным вырабляліся ў Балгарыі. Пераклады не заўсёды адпавядалі арыгіналу, часта сустракаюцца скарачэнні тэксту.
Часам хронікі змяшчалі карысныя для сярэднявечнага чытача звесткі па геаграфіі, натуральных навуках, філасофіі (пераважна вытрымкі з вучэнняў Платона і Арыстоцеля).

На Русі ў XI—XII стагоддзях перакладныя хронікі атрымалі вельмі шырокае распаўсюджванне, самыя вядомыя з іх: «Хроніка Георгія Амартола», «Хроніка Георгія Сінкела», «Хроніка Іаана Малалы». Захаваліся толькі ў кампілятыўных помніках. Так, напрыклад, «Летапісец Елінскі і Рымскі» з’яўляецца кампіляцыяй «Хронікі Георгія Амартола», «Хронікі Іаана Малалы» і арыгінальных гістарычных твораў.
З канца XII стагоддзя ў Лівоніі хронікі з’яўляюцца найважнейшымі гістарычнымі крыніцамі па гісторыі краін Усходняй Прыбалтыкі аж да пачатку XVIII стагоддзя. Самыя вядомыя: «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (першая палова XIII стагоддзя), «Рыфмаваная хроніка» (канец XIII стагоддзя), «Новая рыфмаваная хроніка» Б. Генеке (сярэдзіна XIV стагоддзя).
У сучаснай гістарычнай літаратуры назва «хронікі» нярэдка ўжываецца ў больш шырока сэнсе — у дачыненні да ўсіх без выключэння твораў сярэднявечнай гістарыяграфіі, у тым ліку краін Усходу.
У Старажытнай Русі і ў шэрагу іншых краін (Візантыя, Балгарыя, Сербія) гістарычныя творы, адпаведныя хронікам, мелі назву летапісаў (аб княгіні Вользе, пра варагаў-пакутнікаў і іншыя) і хранографаў.
Літаратура
правіць- Рэд.: В. А. Чамярыцкі. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — Т. 1. — С. 37.
- Хроника // Литературная энциклопедия терминов и понятий (руск.) / Под ред. А. Н. Николюкина. — Институт научной информации по общественным наукам РАН: Интелвак, 2001. — 1596 с. — ISBN 5-93264-026-Х.
- Guenée B. Histoires, annales, chroniques. Essai sur les genres historiques au Moyen Âge // Annales. Économies, Sociétés, Civilisations. — 1973. — T. 28. — № 4. — P. 997—1016.