Хрушч (карная аперацыя, 1942)

(Пасля перасылкі з Хрушч (карная аперацыя))

Аперацыя «Хрушч» (ням.: Unternehmen «Maikäfer») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў супраць савецкіх партызан і мясцовага насельніцтва Клічаўскай партызанскай зоны.

Аперацыя «Хрушч»
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна
Дата 30 чэрвеня20 ліпеня 1942
Месца Клічаўская партызанская зона Беларускай ССР
Прычына Прысутнасць узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр»
Статус аперацыя завершана
Праціўнікі
 Трэці рэйх:  СССР:
  • 208-ы партызанскі атрад імя Сталіна
  • 152-і партызанскі атрад
  • 277-ы партызанскі атрад
  • 537-ы партызанскі атрад
  • 620-ы партызанскі атрад імя Чапаева
  • 760-ы партызанскі атрад

Першая аперацыя праводзілася з 30 чэрвеня да 20 ліпеня 1942 года сіламі 203-й ахоўнай дывізіі, спецыяльнага карнага батальёна «Ост» і т.зв. «добраахвотніцкіх» батальёнаў «Бярэзіна» і «Дняпро». Абарону партызанскай зоны ажыццяўлялі 208-ы імя Сталіна, 152-і, 277-ы, 537-ы, 620-ы імя Чапаева, 760-ы партызанскія атрады пад кіраўніцтвам Клічаўскага падпольнага раённага камітэта КП(б)Б і Клічаўскага аператыўнага цэнтра.

Упартым супраціўленнем і контратакамі партызанскія атрады сарвалі планы карных нямецкіх падраздзяленняў акружыць і знішчыць партызанскія сілы і нанеслі ім вялікія страты. У баі забіты кіраўнік карнай аперацыі, у выніку страт з аперацыі выведзены батальён «Бярэзіна». Наступленне карнікаў было спынена на рубяжы р. Ольса паміж Клічавам і в. Бацэвічы. Ваенны савет Заходняга фронту арганізаваў дастаўку партызанам боепрыпасаў і ўзбраення, эвакуацыю параненых. З мэтай дапамогі камандаванню ў партызанскую зону накіраваны ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б М. І. Сарычаў і прадстаўнік Заходняга штаба партызанскага руху капітан М. С. Канатопскі. Усе намаганні карнікаў фарсіраваць р. Ольса і захапіць плацдарм не мелі поспеху. 21 ліпеня на дапамогу карнікам кінуты 286-я ахоўная дывізія, 2 артылерыйскія дывізіёны, узмоцненыя каманды тайнай палявой паліцыі і СД, 2-і паліцэйскі полк, спецыяльныя каманды па захопе рабочай сілы, прадуктаў харчавання, маёмасці і жывёлы. Працяг аперацыі атрымаў кодавую назву «Арол».

У час карных аперацый «Хрушч» і «Арол» карнікі загубілі больш за 1,5 тысячы цывільных жыхароў, захапілі больш за 3 тысячы галоў жывёлы, спалілі 31 вёску, у т.л. Дубна (загубілі 120 чалавек), Вязень, Гонча, Лаззе, Межнае, Альхоўка, Астапаўка, Падстружжа і Палосы (усяго 57 чалавек), Рубеж і Усакіна (85 чалавек), Сялец Клічаўскага раёна, Бераснёўка (22 чалавека), Гогаль (22 чалавекі), Кострычы (51 чалавек), Нямкі (36 чалавек), Новы Гарадок (27 чалавек), Сяліба (13 чалавек), Чыгірынка (14 чалавек) Кіраўскага раёна, 1-я Красніца (696 чалавек), Ляжанка (15 чалавек) Быхаўскага раёна і іншыя[1][2].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 41. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  2. Лазебнікаў, В. С., Пасэ, У. С. «Арол» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 155—156. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.

Літаратура

правіць