Хрышчэнне Польшчы

Хрышчэнне Польшчы (польск.: Chrzest Polski), таксама Хрысціянізацыя Польшчы (польск.: Chrystianizacja Polski) — працэс увядзення і наступнага распаўсюджвання хрысціянства на тэрыторыі Польшчы.

Ян Матэйка. "Увядзенне хрысціянства ў 966 годзе" (1889)

Штуршком да гэтага працэсу стала асабістае хрышчэнне князя Мешка I і значнай часткі яго світы. Цырымонія адбылася 14 красавіка 966 года (паводле Юліянскага календара, што адпавядае 19 красавіка 966 года па Грыгарыянскім). Хаця гісторыкі аспрэчваюць дакладнае месца, найбольш верагоднымі месцамі цырымоніі з'яўляюцца Познань ці Гнезна. Жонка Мешка, Дабрава Багемская, часта разглядаецца як тая асоба, якая моцна паўплывала на рашэнне Мешка прыняць хрысціянства.

Нягледзячы на ​​тое, што распаўсюджанне хрысціянства ў Польшчы заняло стагоддзі, працэс быў у канчатковым выніку паспяховым, бо ўжо праз некалькі дзесяцігоддзяў Польшча ўвайшла ў шэраг еўрапейскіх дзяржаў, прызнаных Святым Прастолам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. На думку гісторыкаў, хрышчэнне Польшчы азначае пачатак польскай дзяржаўнасці. Тым ня менш, хрысціянізацыя была доўгім і цяжкім працэсам, бо большасьць польскага насельніцтва заставалася язычнікамі яшчэ доўгі час.

З прыходам першых місіянераў пачаўся працэс пераняцця заходніх палітычных і культурных узораў — палітычнай і адміністрацыйнай структуры дзяржавы, прававой сістэмы, звычаяў, пісьменства, лацінскай мовы як афіцыйнай і г.д. Гэты працэс працягваўся шмат гадоў і, як следства, прывёў да адаптацыі Польшчы да заходніх мадэляў і ўзораў.

Пра першыя гады дзейнасці місіянераў вядома мала. Біскуп Іардан прыбыў у Польшчу ў 968 годзе. Верагодна, там і раней дзейнічала іншае хрысціянскае духавенства, але пра іх нічога канкрэтнага невядома. Лічыцца, што паміж хрышчэннем князя і прыездам першага біскупа хрысціліся бліжэйшае атачэнне правіцеля, яго дружына і часткова прадстаўнікі манарха на месцах. Прыбыццё біскупа Іардана азнаменавала пачатак больш шырокай місіянерскай дзейнасці пад ягонай эгідай, матэрыяльная і арганізацыйная дапамога якога была неабходная, бо гарантавала эфектыўнасць і хуткасць місіі. Без дапамогі Мешка і дзяржаўнага апарату місія мела б мала шанцаў на поспех.

Спасылкі

правіць