Хубертус (карная аперацыя)
Аперацыя «Хубертус» (ням.: Unternehmen «Hubertus») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад у Другой сусветнай вайне супраць партызан і насельніцтва абапал чыгуначнай лініі Васілевічы — Рэчыца ў Рэчыцкім, Хойніцкім, Васілевіцкім і Калінкавіцкім раёнах. Працяг карнай аперацыі «Асвячэнне храма». Праводзілася ў два этапы «Hubertus-I» 24—28 кастрычніка і «Hubertus-II» 3—6 лістапада 1943 года.
Аперацыя «Hubertus» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 24—28 кастрычніка і 3—6 лістапада 1943 года | ||
Месца | Рэчыцкі, Калінкавіцкі, Васілевіцкі і Хойніцкі раёны | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
![]() |
Сілы карнікаў
правіцьАперацыя праводзілася сіламі 862-га і 628-га ахоўных батальёнаў, 581-га дывізіёна палявой жандармерыі, асобных рот і батальёнаў 47-га ландвернага, 57-га, 608-га, 613-га ахоўных палкоў і інш.
Ход аперацыі
правіцьКарнікі разлічвалі шчыльным кальцом блакіраваць Гомельскае партызанскае злучэнне ў Узнажскім лесе (каля вёскі Узнаж Васілевіцкага раёна), а потым знішчыць партызан і мясцовых жыхароў, якія знаходзіліся пад іх абаронай. На працягу сутак партызанская брыгада «Жалязняк», Рэчыцкая партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада «Бальшавік», 101-я Даманавіцкая партызанская брыгада і асобныя атрады партызанскага злучэння Палескай вобласці пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б утрымлівалі рубяжы абароны ў раёне вёсак Шоўкавічы, Васількова, Красналужжа, Смалярня (Васілевіцкі раён), Валадарск (Рэчыцкі раён), у ходзе баёў нанеслі праціўнікам страты.
Да сыходу 25 кастрычніка ў партызан скончыліся боепрыпасы, камандаванне прыняло рашэнне аб прарыве блакады і пераправе на левы бераг ракі Бярэзіна. У ноч на 26 кастрычніка партызаны разам з насельніцтвам і параненымі на плывучым мосце, пабудаваным брыгадай «Жалязняк», пераправіліся цераз раку і выйшлі ў раён хутара Глушніца (Стрэшынскі раён). У Узнажскім лесе, адцягваючы на сябе праціўніка вялі баі 101-я Даманавіцкая партызанская брыгада, асобны Парыцкі партызанскі атрад імя С. М. Кірава, некалькі атрадаў з брыгад імя Варашылава і «Бальшавік». Партызаны, якія выйшлі з блакады, былі неўзабаве знойдзены савецкай авіяразведкай. У раёне хутара Глушніца прызямлілася некалькі савецкіх ваенна-транспартных самалётаў. Атрымаўшы боепрыпасы і адправіўшы за лінію фронту параненых байцоў, партызаны вярнуліся на месцы базіравання. 28 кастрычніка аперацыя была прыпынена для перагрупоўкі сіл.
3 лістапада карнікі, атрымаўшы ў падмацаванне два ахоўныя батальёны і бранятанкавую штурмавую групу, пачалі аперацыю ў раёне вёсак Амелькаўшчына, Дубровіца (Хойніцкі раён), Маладуша. Аднак дасягнуўшы шашы на ўчастку Дубровіца — Маладуша, гітлераўцы далей прасунуцца не змаглі: яны пацярпелі страты ў жывой сіле і тэхніцы і адвялі свае войскі на перагрупоўку.
Літаратура
правіць- У. С. Пасэ. Хубертус // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 616-617. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.