Хуве́нтуд (ісп.: Isla de la Juventud, «востраў Моладзі»), у мінулым быў вядомы як востраў Пі́нас (ісп.: Isla de Pinos, «востраў Хвояў») — востраў у Карыбскім моры. Разам з суседнімі астравамі ўтварае спецыяльны муніцыпальны раён Ісла-дэ-ла-Хувентуд (2 419 км², адміністрацыйны цэнтр — Нуэва-Херона) у складзе Кубы. Плошча вострава — 2 200 км². Насельніцтва — 86 637 чалавек (2004).

Хувентуд
ісп. Isla de la Juventud
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча2 200 км²
Насельніцтва86 637 чал.
Шчыльнасць насельніцтва39,38 чал./км²
Размяшчэнне
21°45′ пн. ш. 82°51′ з. д.HGЯO
АрхіпелагАнтыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
МуніцыпіяХувентуд
Хувентуд (Куба)
Хувентуд
Хувентуд
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

 
Карта

Востраў Хувентуд месціцца на паўночным захадзе Карыбскага мора, у 94 км на поўдзень ад вострава Куба. З’яўляецца шостым па плошчы сярод іншых карыбскіх астравоў (пасля Кубы, Гаіці, Ямайкі, Пуэрта-Рыка і Трынідада).

Падзяляецца на 2 буйныя прыродныя рэгіёны. Паўночны рэгіён (каля 1312 км²) адрозніваецца складаным рэльефам з перавагай раўнін і полагам саваннавага тыпу. Цэнтральную частку займаюць узвышшы. Найвышэйшы пункт — гара Ла-Каньяда (303 м). Паўднёвы рэгіён (каля 888 км²) аддзелены забалочанай нізінай. Яго займае вапняковая раўніна. На ўзбярэжжы пясчаныя пляжы і выдмы чаргуюцца з уцёсамі і мангравымі лясамі. Сустракаюцца карставыя пячоры.

На востраве маюцца рэкі і крыніцы пітной, у тым ліку мінеральнай вады. Найдаўжэйшая рака Сан-Педра цягнецца ўсяго на 17 км. Для захавання рэсурсаў прэснай вады пабудавана 11 штучных вадасховішчаў. Знойдзены радовішчы крышталю, кварцу, мармуру, золата, жалеза і інш.

Клімат трапічны пасатны. З мая па кастрычнік цягнецца сезон дажджоў, з лістапада па красавік — сухі сезон. Найбольш цёплы месяц — ліпень, калі сярэдняя тэмпература трымаецца каля 27,9 °C. У лютым сярэдняя тэмпература каля 22,3 °C, аднак здараюцца зніжэнні да 6,1 °C. Сярэняя гадавая вільготнасць — 80 %. Хувентуд знаходзіцца ў зоне актыўнасці частых трапічных цыклонаў.

Каля 44 % паверхні вострава займаюць лясы. Каля вадасховішчаў і рэк ёсць лугі. Значная частка сушы пакрыта хмызняковымі зараснікамі. Багаты свет птушак, які ўзімку папаўняюць пералётныя віды, а таксама паўзуноў — яшчарак, кайманаў і чарапах. З сысуноў найбольш адметны статак мясцовых аленяў.

Для абароны ўнікальнага прыроднага свету на Хувентудзе створана 8 ахоўваемых зон.

Гісторыя правіць

Да прыходу іспанцаў востраў быў населены індзейцамі, блізкімі па культуры да абарыгенаў суседняй Кубы. Знойдзены прылады працы з каменю на поўначы вострава. Жыхары поўдня шырока выкарыстоўвалі апрацаваныя ракавіны малюскаў. У спадчыну ад іх захаваліся пячорныя малюнкі на паўднёвым усходзе Хувентуда.

13 чэрвеня 1494 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам і названы Сан-Хуан-Евангеліста. Пазней географы замацавалі за ім назву Пінас. Першаадкрывальнік не заўважыў на ім прысутнасці людзей, хаця сучасныя вучоныя мяркуюць, што індзейскія паселішчы павінны былі яшчэ існаваць у той час.

Фармальна востраў быў далучаны да Іспаніі, аднак іспанскія каланіяльныя ўлады не прадпрымалі захадаў для яго асваення. У XVII — пачатку XIX стст. на Пінасе спыняліся галоўным чынам піраты, якія займаліся паляваннем або, як вераць мясцовыя жыхары, хавалі на ім нарабаваныя скарбы. Апошні пірат Пэпэ Маёрка быў арыштаваны брытанскім канвоем са згоды іспанскіх уладаў у 1822 г.

У 1787 г. іспанцы пабудавалі невялікае паселішча Санта-Фе. У 1830 г. перасяленцы з Фларыды — паселішча Калонія на заходнім узбярэжжы. Яны займаліся сельскай гаспадаркай і гандлявалі мясцовай хваёвай драўнінай. Да канца XIX ст. насельніцтва складала некалькі тысяч чалавек рознага этнічнага паходжання.

Пасля вайны паміж ЗША і Іспаніяй у 1898 г. Пінас фактычна апынуўся пад кантролем ЗША. На востраў пераязджалі амерыканскія каланісты, якія стварылі плантацыі цытрусавых культур. Аднак у 1925 г. востраў быў перададзены Кубе. З пачатку 1930-х гг. на ім працавала турма, вядомая невыноснымі ўмовамі для зняволеных. У гады II сусветнай вайны ў ёй трымалі ваеннапалонных японцаў, італьянцаў і немцаў, а ў пасляваенны перыяд — палітычных вязняў, у тым ліку Фідэля Кастра. Яна была зачынена ў 1967 г., у 1973 г. абвешчана нацыянальным помнікам.

У 1970-я гг. пачаўся новы этап асваення вострава, ператварэння яго ў буйны сельскагаспадарчы цэнтр вытворчасці грэйпфрутаў. У мерапрыемствах, якія арганізоўвалі камуністычныя ўлады, актыўны ўдзел прымалі маладыя кубінцы з розных правінцый краіны. Таму ў 1978 г. Пінас быў перайменаваны ў востраў Хувентуд. З канца XX ст. развіваецца турызм.

Галерэя правіць

Спасылкі правіць