Худава
Ху́дава[1] (трансліт.: Chudava, руск.: Худово) — вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.
Вёска
Худава
|
Геаграфія
правіцьЗа 27 км на паўночны ўсход ад Крупак і за 32 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі на лініі Брэст — Масква, за 149 км ад Мінска, на паўднёва-заходнім беразе возера Сялява. Вёска знаходзіцца ў межах дзяржаўнага ландшафтнага заказніка «Сялява».
Транспартныя сувязі па аўтадарозе Худаўцы — Худава.
Гісторыя
правіцьВядома прынамсі з канца XIV стагоддзя як Худаво ў Друцкім княстве, у 1378—1394 гадах друцкі князь Васіль Міхайлавіч даў паўлукно мёду з Худаўскай даніны на памінанне сваёй душы друцкай царкве Прачыстай Багародзіцы, пра што зроблены запіс на падораным ім царкве Евангеллі-Апракасе[2]. Археалагічныя даследаванні, аднак, не выявілі культурнага пласта XIV—XVI стст. на месцы сучаснай вёскі. На думку В. Насевіча, старажытная вёска знаходзілася за 2 км на захад ад цяперашняй, на заходнім беразе возера Худавец, пра што сведчыць могільнік з пахаваннямі ранейшымі за XIII ст.[3]. Старое паселішча і было цэнтрам Худаўскай воласці, што ахоплівала цэнтральную частку цяперашняга Крупскага раёна[3].
Пазней Худавым валодалі князі Іван, Януш, Дзмітрый і Багдан Друцкія-Любецкія. У 1546 годзе ўладанне князя Андрэя Іванавіча Друцкага-Азярэцкага, спадчына па дзедзе князю Іване Бабе, пазней сумесныя ўладанні князя Дзмітрыя Раманавіча Друцкага-Любецкага і іншых. У 1547 годзе сяло перайшло ў сумеснае ўладанне ўдавы князя Васіля Юр’евіча Друцкага-Талачынскага Марыі і князя Івана Раманавіча Відуніцкага (Друцкага-Любецкага). У 1559 годзе пасля смерці Марыі пераходзіць спачатку да князя Васіля Талачынскага, потым да князёў Андрэя Іванавіча Бабіча (Друцкага-Азярэцкага) і Міхаіла Андрэевіча Друцкага-Азярэцкага.
У 1562 годзе сумесная ўласнасць князёў, а таксама спадчына Багданы — сястры князя Рыгора Сенскага, жонкі Васіля Міхайлавіча Корсака, і яе дзяцей. 3 1563 года маёнтак Худава ва ўладанні Дзмітрыя Фёдаравіча Сапегі. Станам на 1579 год ва ўласнасці князёў Друцкіх-Сакалінскіх[4]. У 1595 годзе ўласнасць Марціна Курча. 3 1602 года — цэнтр Худаўскай воласці, у складзе маёнтка Чарэя, уласнасці Льва Сапегі. Паселішча пазначана на карце Тамаша Макоўскага (1613).
У 1728 годзе — сяло ў Чарэйскім графстве Аршанскага павета, аддадзена ўладальнікам М. Сапегам у заставу А. Схарскаму. У 1761 годзе — цэнтр войтаўства Чарэйскага маёнтка, уласнасць Міхала Сапегі, у закладзе ў князя Ігнацыя Агінскага, дзейнічала ўніяцкая царква. Пасля ўласнасць канцлера Аляксандра Сапегі, знаходзілася ў закладзе ў пана Салагуба.
У 1793 годзе пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. У сярэдзіне XIX — пачатку 20 стст. у складзе Лісічанскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1889 годзе пабудавана драўляная Ільінская царква. У 1897 годзе дзейнічалі праваслаўная царква, царкоўна-прыходская школа (у 1909 годзе 26 вучняў). У 1899 годзе пачаў працаваць дзёгцевы завод.
3 лютага да лістапада 1918 года акупавана германскімі войскамі, спалена. З 1924 года да 26 жніўня 1959 года вёска ўваходзіла ў склад Дубоўскага сельсавета[5]. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны пуцілавец», які на пачатку аб’ядноўваў 13 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з 1 ліпеня 1941 года да 28 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія часткова спалілі вёску і загубілі 3 мірных жыхароў. На франтах і ў партызанскай вайне загінулі 23 жыхары вёскі. Пасля вызвалення адбудавана.
3 1950 года ў калгасе імя Леніна, пазней увайшла ў склад саўгаса (затым — калгас) «Дуброўка». З 26 жніўня 1959 года да 28 ліпеня 1966 года вёска знаходзілася ў складзе Вялікахальнявіцкага сельсавета[6]. 3 2004 года ў складзе КСУП «Квеціна».
Насельніцтва
правіць- 1602 год — 30 валок зямлі, 88 двароў
- 1728 год — 7 двароў
- 1761 год — 14 двароў
- 1873 год — 59 «душ»
- 1897 год — 34 двары, 233 жыхары
- 1909 год — 30 двароў, 251 жыхар
- 1926 год — 48 двароў, 260 жыхароў
- 1941 год — 45 двароў, 175 жыхароў
- 1998 год — 19 гаспадарак, 32 жыхары
- 2010 год — 14 гаспадарак, 18 жыхароў
- 2012 год — 10 гаспадарак, 12 жыхароў
У культуры
правіцьВерш «Худово» пра вёску напісаў беларускі журналіст і пісьменнік Валерый Мікалаевіч Грышановіч.
Вядомыя асобы
правіць- Уладзімір Іванавіч Тайнікаў — беларускі вясляр-байдарачнік, старшыня Федэрацыі веславання на байдарках і каноэ Мінскай вобласці.
Мемарыялы
правіць- На могілках помнік на брацкай магіле трох партызанаў брыгады М. П. Гудкова, загінулых у 1944 годзе.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — Том 9, Сшытак 1-2 (16-17), снежань 2002. — Заўв. 45.
- ↑ а б Насевіч В. У складзе Полацкага княства Архівавана 7 лістапада 2021. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на. — Мн., 1999. — С. 37-64, 70-73.
- ↑ AGAD, ф. 336 (ARCHIWUM ROSKIE), спр. 1
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 жніўня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 11.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 28 ліпеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 26 (1146).
Літаратура
правіць- Насевiч В. Л. Старадаўняя вёска Худава [Крупскага р-на: З гiсторыi] // Ленiн. курсам (Крупкi). 1993. 20 кастр.
- Скуль жа яе каранi?: [З гiсторыi в. Худава Круп. р-на, XIV—XX стст.] // Ленiн. курсам (Крупкi). 1993. 23 кастр.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх