Хімічная сувязь
Хімічная сувязь — узаемадзеянне, двух ці некалькіх атамаў, якое характарызуецца перабудовай іх знешніх энергетычных узроўняў і абагульненнем валентных электронаў (пераносам зараду, калі сувязь утвараецца паміж рознымі атамамі).
Х.с. вядзе да памяншэння поўнай энергіі сістэмы. Утвараецца шмататамная сістэма — малекула, крышталь, іён, радыкал. Хімічнае ўзаемадзеянне адбываецца праз электрычнае прыцягненне і адштурхоўванне электронаў і атамных ядраў. Вынікам утварэння Х.с. з’яўляецца жорсткая карэляцыя знаходжання асобных атамаў у прасторы.
Асаблівасці ўтварэння Х.с. вынікаюць з законаў квантавай механікі. Валентныя электроны пры ўтварэнні Х.с. злучаюцца ў пары, электронныя абалонкі атамаў набываюць канфігурацыю, падобную на канфігурацыю бліжэйшага высакароднага газу, якая адпавядае мінімуму энергіі і з’яўляецца найбольш устойлівай. Адпаведна колькасці электронных параў адрозніваюць адзіночную, падвойную, трайную Х.с.
Адрозніваюць розныя віды Х.с.: іонную, кавалентную, каардынацыйную, металічную. Асобна разглядаюць вадародную сувязь. Х.с. можа характарызавацца праз палярнасць, палярызоўнасць, даўжыню, энергію разрыву.