Цана
Цана́ — грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Узровень цэн вызначае рэнтабельнасць прадпрыемства, яго жыццяздольнасць і фінансавую стабільнасць.
Фарміруецца цана ў залежнасці ад сумы выдаткаў вытворчасці і сярэдняга прыбытку на авансаваны капітал, попыту і прапановы, магчымасцей рынку, яго тыпу, ёмістасці і іншых фактараў. У практыцы цэнаўтварэння вылучаюць наступныя мэты фарміравання цэн: арыентацыя на збыт, калі вытворца (прадавец) зацікаўлены ў максімізацыі долі тавару на рынку, росце аб’ёмаў продажу; арыентацыя на атрыманне максімальнага прыбытку; арыентацыя на існуючае становішча, калі вытворца імкнецца паэбегнуць неспрыяльных уздзеянняў знешняга асяродцзя (канкурэнцыя, падаткаабкладанне і інш.).
Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя. Цана можа быць свабодная (фарміруецца прадпрыемствам ці іншым суб’ектам гаспадарання, зыходзячы з выдаткаў вытворчасці, попыту і прапановы, памеру аптовай і гандлёвай надбаўкі, умоў пастаўкі, плацяжоў, кан’юнктуры рынку, сезоннага попыту і іншых фактараў), фіксаваная (рэгулюецца органамі цэнаўтварэння), дагаворная (кантрактная, устанаўліваецца ў дагаворы паміж пакупніком і прадаўцом). Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя (устанаўліваюцца органамі цэнаўтварэння ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй і ўключаюцца ў спецыяльныя зборнікі-прэйскуранты), намінальныя (цэны тавару, пазначаныя ў прэйскуранце або на тавары), пакупніка або прадаўца (фактычныя грашовыя сумы куплі ці продажу тавару на рынку), зменныя (устанаўліваюцца ў залежнасці ад суадносін попыту і прапановы і паступова паніжаюцца, калі рынак насычаецца такім таварам), даўгачасныя (слаба схільныя да змен на працягу доўгага часу), эластычныя (хутка рэагуюць на змены суадносін попыту і прапановы) і інш.
Літаратура
правіць- Залатагораў У. Р. Цана // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).