Царква Нараджэння Хрыстовага (Слуцк)

Царква Нараджэння Хрыстовага ці Раждзественская царква, Востраўская — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Славутасць
Царква Нараджэння Хрыстовага
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк
Канфесія Праваслаўе
Епархія Слуцкая
Першае згадванне XVI стагоддзе
Дата пабудовы 1762 год
Стан страчана

Гісторыя правіць

 
Званіца

Першая вядомая царква Нараджэння Хрыстовага ў гістарычных дакументах узгадваецца з XVI стагоддзя, але дакладны час заснавання яе невядомы, як невядома і месца, дзе яна спачатку знаходзілася. На планах горада XVIII стагоддзя царква паказана ў Старым горадзе на вуліцы Востраўскай (цяпер месца непадалёку ад Маладзёжнага цэнтра).

У 1762 годзе на тым жа месцы была ўзведзена новая драўляная царква.

Пасля рэвалюцыі царква была закрыта савецкімі ўладамі. У 1926 годзе была ўзята пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры. У 1941 годзе ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны пры налёце нямецкай авіяцыі яна згарэла разам з іншымі царкоўнымі будынкамі.

Архітэктура правіць

 
 

Царква была невялікая, пабудаваная з драўляных часаных брусоў. Галоўны аб’ём — чацвярык, завершаны нязначным па вышыні васьмярыком, які пакрываў вялікі купалападобны шацёр з маленькім купалком на глухім барабане. Па баках і з галоўнага фасаду храм быў абнесены ўдвая меншай па вышыні галерэяй. Меліся тры, галоўны і два бакавыя, уваходы з ганкамі пад двухсхільнымі дахамі на слупах. Алтарная частка, да якой далучаліся дзяканнік і панамарнік, уяўляла сабою невялікі стромкі двух’ярусны чацвярык пад двухсхільным дахам. Сцены, звонку ашаляваныя дошкамі, праразаліся вузкімі лучковымі вокнамі. Ваконныя ліштвы, інтэр’ер і іканастас былі багата аздоблены разьбою, а сцены да 1870 года ўпрыгожваў манументальны роспіс. З правага боку ад уваходу на царкоўны пляц стаяла драўляная званіца, злева ад храма быў жылы царкоўны дом. У царкве спалучаліся рысы драўляных храмаў ярусна-восевага і цэнтрычнага тыпу. Царква мела рысы стылю барока[1].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Памяць. Слуцкі раён, Слуцк. Кн.1, Мн. 2000.