Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск)
Царква Святога Духа і манастыр базыльян — колішні грэка-каталіцкі (уніяцкі) манастырскі комплекс у Мінску, помнік архітэктуры Рэнесансу[1]. Заснаваны ў 1616 г. і ўключаў царкву, жылы манастырскі комплекс і гаспадарчыя пабудовы. Размяшчаўся на Высокім Рынку ў межах сучасных вул. Энгельса, Інтэрнацыянальнай і пл. Свабоды і быў абнесены мураванай сцяной. Царква Св. Духа злучалася крытай галерэяй са Свята-Духаўскім манастыром базыльянак[2].
Сакральнае збудаванне | |
Царква Святога Духа і манастыр базыльянак | |
---|---|
![]() Адноўленая Царква Святога Духа | |
53°54′14″ пн. ш. 27°33′26″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Мінск |
Епархія | Мінская епархія |
Ордэнская прыналежнасць | Базыльяне |
Архітэктурны стыль | псеўдарускі стыль, рэнесансная архітэктура і рэнесансная архітэктура |
Дата заснавання | XVII ст. |
Дата скасавання | 1936 |
Будынкі | |
Царква Святога Духа • Манастырскі корпус | |
Статус |
![]() |
Матэрыял | цэгла |
![]() |
Гісторыя правіць
Будаўніцтва мураванай царквы пачалося пасля ахвяравання ордэну базыльянаў полацкім мяшчанінам 2000 злотых у 1634 годзе. У 1641 г. па фундацыі трокскай кашталяншы Зузаны Гансеўскай быў заснаваны яшчэ і манастыр базыльянак. Мітрапаліт А. Сялява ў 1651 годзе наказаў у спадчыну манастыру 20 000 злоты з умовой быць пахаваным у Царкве Святога Духа.[1]
У 1641 годзе з фундацыі троцкай кашталянкі Сузаны Гасеўскай побач з мужчынскім быў заснаваны яшчэ і жаночы грэка-каталіцкі манастыр. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі пляца Высокі Рынак не было. Царква Святога Духа, якая тады будавалася, зрабілася супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у сакральным дойлідстве.
Мяркуецца, што ўзвядзенне царквы завяршылася да 1650-х гадоў. Пазней, у часе Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) царква як частка комплексу базыльянскіх манастыроў выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах[3].
Як галоўнае сакральнае збудаванне на Высокім Рынку святыня ўражвала сучаснікаў сваёй пышнасцю. Стольнік П. Талстой у 1697 годзе пісаў: «у гэтым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпенні ладныя, якіх мала ў мураваным дойлідстве Польшчы».
У 1795 годзе абодва манастыры былі зачынены, храм перададзены пад кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Будынак пацярпеў ад пажара 1835 г. з прычыны чаго ён быў каардынальна перабудаваны ў псеўдарускім стылі[1] ў 1846—50 гг. (арх. Густаў Валерт)[2].
У 2009—2011 гг. будынак царквы быў аднаўлены ў першапачатковым выглядзе сярэдзіны XVII ст. За аснову ўзялі малюнак невядомага мастака першай паловы XIX стагоддзя, абмеры 1843 года, выяву фасада 1800 года. Таксама было вырашана аднавіць галерэю, якая злучае царкву, і будынак жаночага манастыра, у якім зараз знаходзіцца дзіцячая музычная школа. У адноўленай царкве Святога Духа размесцілася канцэртная зала дзіцячай філармоніі «Верхні горад»[4].
-
Злева Святадухаўская царква, малюнак пачатку ХІХ ст
-
Малюнак сярэдзіны ХІХ
-
Царква перабудаваная ў псеўдарускім стылі, фота С.Пракудзіна-Горскага
Архітэктура правіць
Царква правіць
Царква Святога Духа — унікальны помнік ўяўляе сабой аднанефны безвежавы храм з пяціграннай апсідай. Накрыты двухсхільным дахам, тарцы закрыты аднолькавымі шчытамі. Галоўны фасад падзелены на 3 часткі 4 пілястрамі карынфскага ордара. Над парталам паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал аналагічныя плоскія нішы. Трох'ярусны шчыт з валютамі аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Шчыльна размешчанныя ярусы расчлянёныя пілястрамі, паміж якімі плоскія арачныя нішы калісьці змяшчалі выявы святых[2], адпаведна кананічнай будове ярусаў іканастаса[1]. Бакавыя сцены прарэзаны вялікімі спічастымі вокнамі[2].
Інтэр'ер правіць
Знутры царква была ўпрыгожана пяццю драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах размяшчаўся арган (майстар Людзвіг Клімовіч, 1779). Майстры муляр Рыгор Сніджнецкі і мазаічнік Ян Будрэвіч рэканструявалі інтэр'еры ў 2-й пал. XVII ст[2].
У адноўленым у 2011 г. храме падлога цэнтральнай залы і ніжняя частка сцен абліцаваны натуральным мармурам. Мастацкія вітражы ў аконных праёмах і тамбуры ўваходу зроблены з выкарыстаннем шырокага спектру колераў і фактур. На сценах вісяць дэкаратыўныя пано, тры з якіх у адзінай стылістыкі былі створаны па замове адным з беларускіх мастакоў[4].
Першапачаткова планавалася ўсталяваць у будынку царквы арган, які маглі вырабіць у Аўстрыі ці Чэхіі, але ў сувязі з вельмі высокім коштам вытворчасці, дастаўкі і ўстаноўкі інструмента ад гэтай ідэі адмовіліся[4].
Манастырскі корпус правіць
Будынак манастыра (пл. Свабоды, 23/19) уяўляе сабой трохпавярховы аб'ём прамавугольны ў плане з унутраным дворыкам, арыентаваны галоўным фасадам на плошчу Свабоды. Цэнтральная частка вылучана неглыбокiм рызалiтам, завершана складаным ступеньчатым атыкам. Над галоўным уваходам невялікі балкон з металічнай агароджай. Паміж першым і другім паверхамі карнізны пояс. Накрыты вальмавым дахам. Сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія на другім паверсе дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Фасад завершаны фрызавым поясам з трыгліфамі і карнізам з сухарыкамі. Пластыка дваровага фасада ўзбагачана рызалітамі, плоскімі лапаткамі. У iнтэр'еры скляпеннi першага паверха крыжовыя[5].
Спробы вяртання царквы ўніятамі і праваслаўнымі правіць
У 2004 годзе мітрапаліт Філарэт звярнуўся да тагачаснага старшыні Мінскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановаю пабудовы на месцы царквы Святога Духа праваслаўнай капліцы, але яму было адмоўлена. У 2009 годзе пачалося аднаўленне царквы. Праект патранаваў новы начальнік горада Мікалай Ладуцька. У гэты ж час пастанавілі, што адбудаваная царква будзе выкарыстоўвацца ў якасці дзіцячай філармоніі[6]. 15 красавіка таго ж года група мінскіх грэка-каталікоў звярнулася да А. Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць гэтую святыню Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве[7], пад зваротам падпісаліся доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Хадыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Галіна Дубянецкая, археолаг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сваю просьбу вернікі патлумачылі тым, што станам на 2009 год у Мінску налічваліся чатыры грэка-каталіцкія парафіі, але ніводная з іх дагэтуль не атрымала дазволу ад мінскіх уладаў на ўзвядзенне ўласнай царквы.
Аднак зварот не прынёс плёну. У Камітэце архітэктуры адказалі, што на месцы святыні будзе будавацца дзіцячая філармонія «з выкарыстаннем архітэктурна-мастацкага вобразу будынка царквы Святога Духа XVII ст.» Пра тое ж вялося і ў лісце з Мінгарвыканкаму, толькі тамака дадалі, што праект «аднавіць будынак колішняй царквы Святога Духа ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурны, а ня культавы аб'ект» быў распрацаваны яшчэ ў 1984 годзе[8].
Існуе меркаванне, што адмова дазволіць аднавіць грэка-каталіцкую царкву тлумачыцца існаваннем у Беларусі няпісанага правіла: без згоды кіроўнага архірэя Маскоўскага патрыярхату ўлада не можа даць прадстаўнікам іншай канфэсіі згоды на ўзвядзенне царквы (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай епархіі[9]. Гэтую думку ўскосна пацвярджае афіцыйная пазіцыя БЭМП, якую агучыў адказны сакратар па звязках са СМІ архімандрыт Аляксей:
Нас очень удивляет позиция греко-католиков, которых единицы в Минске. Их невежество, такая невероятная узколобость и желания не соответствуют сегодняшним возможностям. Никто к этому мнению и прислушиваться не думает. <…> Но лично я считаю, что государство должно показать пример восстановления исторической и духовной справедливости. <…> И поэтому если они хотят на святом месте что-то восстановить, то это надо строить исключительно храм, как это делается во всем цивилизованном мире. Восстановить храм и вернуть его исконному владельцу, а владельцем этого храма была православная церковь архімандрыт Аляксей, адказны сакратар БПЦ па зьвязках са СМІ Филармония им. Святого Духа // «Ежедневник», 29 траўня 2009. |
Зноскі
- ↑ а б в г Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
- ↑ а б в г д Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Беларускі архіў. Т. 3. С. 201.
- ↑ а б в В Минске в здании церкви Святого Духа открылся концертный зал детской филармонии Архівавана 13 жніўня 2013.
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Ганна Журавіна. У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Святога Духа // «Наша Ніва», 14 красавіка 2009.
- ↑ Зварот мінскіх грэка-каталікоў да прэзідэнта // «Arche», 15 красавіка 2009.
- ↑ Мінскія будоўлі — 3: Дзіцячая філармонія а-la Царква Святога Духа // «Наша Ніва», 10 снежня 2009.
- ↑ Пётра Пінчук. Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам // «Arche», 16 чэрвеня 2009.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск)
- Царква Святога Духа (Мінск) на Radzima.org
- Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск) на сайце «Архіварта»