Царква (газета)
«Царква» — беларуская рэлігійная культурна-асветніцкая газета, квартальнік. Фармат — А4, 20 палос.
«Царква» | |
---|---|
Тып | газета |
Мова | беларуская |
Вэб-сайт | carkva-gazeta.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Газета асвятляе жыццё грэка-каталіцкіх супольнасцяў у Беларусі і ў іншых краінах свету, змяшчае афіцыйныя дакументы Царквы, удзяляе ўвагу праблемам экуменізму і хрысціянскай еднасці, друкуе матэрыялы па гісторыі Уніяцкай Царквы і іншую рэлігійна-асветніцкую інфармацыю.
Выдавец: Грэка-каталіцкая парафія святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Брэсце.
Галоўны рэдактар — а. Ігар Кандрацьеў, выпускны рэдактар — Ігар Бараноўскі, адказны рэдактар — а. Андрэй Крот.
Адрас рэдакцыі: 224014 Брэст, вул. Дворнікава, 63.
Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква» заснавана мінскімі грэка-каталіцкімі парафіямі ў 1995 годзе. Першы нумар газеты выйшаў на Вялікі пост, 20 сакавіка 1995 года.[1] Рэдакцыя тады месцілася ў Полацку, а першым галоўным рэдактарам газеты быў іераманах Валерый Алексійчук (з верасня 2010 г. — дапаможны біскуп Львоўскай архіепархіі). Над выпускам першых нумароў газеты (да № 7-8 за 1996 г.) працавала мінская моладзь і супрацоўнікі выдавецтва «Унія».
Пачынаючы ад № 7-8, 1996 г., прысвечанага 400-гадоваму юбілею Берасцейскай Уніі, газета «Царква» ствараецца ў Брэсце намаганнямі вернікаў мясцовай парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, а з 27 лістапада 1997 года, пасля перарэгістрацыі выдання, берасцейская грэка-каталіцкая парафія з’яўляецца таксама заснавальнікам і выдаўцом газеты «Царква».
Газета «Царква» выходзіла раз на квартал, распаўсюджвалася па грэка-каталіцкіх парафіях і асяродках Беларусі, а таксама ў многіх рымска-каталіцкіх касцёлах. Ад моманту заснавання газеты і да 2010 года на яе можна было таксама падпісацца праз каталог «Белпошты». Шмат асобнікаў газеты «Царква» рэгулярна дасылалі ў розныя гарады і краіны свету чытачам, вернікам і сябрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Польшчы, Украіне, Расіі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Італіі, Чэхіі, Германіі.
Наклад газеты за часы яе існавання ў сярэднім складаў 1500—2500 асобнікаў, аднак адзін з першых нумароў газеты і нумары, што выйшлі ў канцы 2006 года, мелі наклад да 7500 асобнікаў. У 2007—2009 гг. газета «Царква» выдавалася накладам 2500-4000 асобнікаў.
Зноскі
- ↑ [1] Архівавана 19 кастрычніка 2016. Пра газету «Царква»
Спасылкі
правіць- Сайт газеты «Царква» Архівавана 15 жніўня 2016.