Цэнтральная рада беларускіх арганізацый

Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, ЦРБА — каардынацыйны орган беларускіх нацыянальных партый і грамадскіх арганізацый. Створана на З’ездзе беларускіх арганізацый і партый, дзейнічала ў ліпені — кастрычніку 1917.

ЦРБА імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Друкаваны орган — газета «Вольная Беларусь».

У склад выканаўчага камітэту абраны правадзейныя члены: У. Галубок, Я. Лёсік, А. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), А. Смоліч (фактычны кіраўнік), У. Фальскі. Дамінуючае становішча ў Радзе займалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады.

Рада дзейнічала ва ўмовах, калі паглыбленне сістэмнага крызісу ў Расіі садзейнічала далейшаму разгортванню беларускага нацыянальнага руху. Насуперак масіраванаму ціску агульнарасійскіх партый і арганізацый, ідэі беларускага нацыянальнага самавызначэння і аўтаноміі Беларусі знаходзілі ўсё болей прыхільнікаў у беларускай вёсцы, абуджалася цікавасць да гэтых ідэй у гарадах і мястэчках.

На 1-й сесіі ЦРБА ў пачатку жніўня 1917 быў прыняты статут, у якім абвешчаны палітычны і сацыяльны прынцыпы дзейнасці: «поўны дэмакратызм, перадача ўсёй зямлі без выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў работнікаў». Цэнтральная рада была прызнана сесіяй як адзіны кіраўніцкі і прадстаўнічы орган «усея беларускае справы». Згодна са статутам Рада складалася з дэпутатаў, якіх дэлегіравалі палітычныя беларускія арганізацыі, гарады, мястэчкі, бежанскія арганізацыі і вайсковыя часці. Сесія абрала новы склад выканаўчага камітэту, правадзейныя члены: Я. Лёсік, Я. Дыла, Р. Астроўскі, П. Галавач, Ф. Шантыр, А. Смоліч, С. Курчыловіч-Сяўрук (сакратар), П. Бадунова, З. Жылуновіч.

ЦРБА патрабавала прызнаць патрэбу аўтаноміі Беларусі, роднай мовы і развіцця беларускай нацыянальнай культуры. Ва ўмовах нарастаючых супярэчнасцей у краіне кіраўніцтва Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый актывізавала дзейнасць па стварэнню нацыянальнага беларускага фронту на аснове рэалізацыі ідэі нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў межах дэмакратычнай Расіі.

Дзейснай формай выхавання беларускай нацыянальнай самасвядомасці сталі шматлікія грамадскія, культурна-асветніцкія, літаратурныя, тэатральна-мастацкія суполкі і арганізацыі, якія кантактавалі з ЦРБА. Агульная колькасць членаў розных беларускіх згуртаванняў, якія мелі прадстаўніцтва ў ЦРБА, у кастрычніку 1917 года складала за 27 тыс. чал.[1]

Ва ўмовах татальнага эканамічнага крызісу, асабліва выяўленага пад восень 1917, беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы правялі на 2-ой сесіі ЦРБА (праходзіла з 5 па 12 кастрычніка) яе рэарганізацыю. Новы кіруючы цэнтр беларускіх сіл з’явіўся пад назвай Вялікая беларуская рада.

Зноскі

  1. С. С. Рудовіч, Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе, Мн., 1994, с. 133.