Раўбічы (спартыўны комплекс)
Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» — спартыўны комплекс каля в. Аколіца Мінскага раёна сярод ляснога ландшафту, за 20 км на паўночны ўсход ад Мінска. Займае тэрыторыю плошчай 36 га. Прызначаны для заняткаў па біятлоне, лыжных гонках, лыжным дваябор’і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе і канькабежным спорце, для правядзення рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў[1].
Раўбічы | |
---|---|
Архітэктар | Вальмен Мікалаевіч Аладаў, Сяргей Барысавіч Неўмывакін, Уладзімір Васілевіч Крывашэеў і Наталля Аляксееўна Сіроціна |
Сайт | rau.by/english |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьНазвана па назве суседняй вёскі Раўбічы. У 1597 годзе назва фігуруе як «Ровбичи», што адпавядае народнаму вымаўленню «Роўбічы». Назва адыменнага (антрапанімічнага) паходжання.
Балцка-літоўскае мужчынскае імя «Роўб» вядомае з Перапісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года, дзе засведчаны ваўкавыскі баярын «Ровбъ Остеиковичъ»[2].
Ад імя «Роўб» тыпонімы Раўбоўшчына ля Шчучына, Роўбы паміж Шчучынам і Лідай, Роўбавічы каля Іўя, Роўбішкі каля Эйшышкеса. Таксама на поўдні — Роўбіцк ля Пружанаў і Роўбаўшчына паміж запрыпяцкімі Оўручам і Чарнобылем, на ўсходзе — Роўбы ля Ушачаў і Роўбічы ля Лагойска.
Размеркаванне гэтых тапонімаў (асабліва аддаленых ад ядравай старалітоўскай тэрыторыі) дазваляе датаваць іх першай паловай XV стагоддзя, калі на поўдні і ўсходзе рассялялася (надзялялася землямі) літоўскае баярства з мэтай умацавання вялікалітоўскай дзяржавы[3][4]. «Роўбавы» вёскі маглі належаць аднаму і таму ж Роўбу, які жыў раней (прыблізна за стагоддзе) да ваўкавыскага Роўба Асцейкавіча.
Гісторыя
правіцьКомплекс пабудаваны ў 1974 годзе па праекце архітэктараў В. Аладава, С. Неўмывакіна, У. Крывашэева[1]. Комплекс адкрыўся 24 лютага 1974 года.
У Раўбічах прайшлі 4 чэмпіянаты свету па біятлоне, Кубак свету па лыжных гонках, этапы Кубка Еўропы па фрыстайле. Міжнародны саюз біятлону прысвоіў спарткомплексу вышэйшую катэгорыю «А».
У 2009 годзе адкрыўся крыты каток. У 2010—2014 гадах былі рэканструяваны акрабатычны схіл для фрыстайлу, медыка-аднаўленчы цэнтр, лыжаролерная траса, біятлонны стадыён і стрэльбішча, інжынерныя сеткі і кацельня, а таксама ў цэлым ажыццёўлена добраўпарадкаванне ўсяго комплексу[5].
На працягу 2015 года будзе ўведзена ў эксплуатацыю футбольнае поле з універсальным пакрыццём для хакея на траве, тэніса, футбола, у 2016 годзе запланавана заканчэнне будаўніцтва крытага басейна і гасцініцы[5].
Архітэктура
правіцьУ комплекс уваходзяць: спартовыя збудаванні — стрэльбішчы асноўнае (150х140 м) з 100-метровым жалезабетонным бліндажом[1], абсталяванае 36 механічнымі мішэнямі[6], і трэніровачнае (150х50 м), лыжныя трасы (тры пятлі агульнай даўжынёю 20,5[6] км), тры лыжныя трампліны са штучным пакрыццём (разліковая даўжыня скачку 20, 40 і 60 м)[1], акрабатычныя схілы для фрыстайла[6], спецыялізаваная лыжаролерная траса з асфальтабетонным пакрыццём[1] даўжынёй 6,2 км[6], малая слаламная траса, ролікадром (150х60 м)[1] для заняткаў канькабежцаў, пляцоўкі для футбола, валейбола, баскетбола і гандбола, тэнісныя корты са штучным пакрыццём, вяслярны канал на Раўбіцкім вадасховішчы[6] і інш.; будынкі — універсальная спартыўная зала, гатэль, медыка-аднаўленчы цэнтр, судзейскі павільён, адміністрацыйна-гаспадарчы корпус; на штучных земляных валах размешчаныя трыбуны для гледачоў, злучаныя пераходнымі мастамі з трыбунамі каля судзейскага павільёна[1].
Будынак універсальнай спартыўнай залы вырашаны ў буйных дынамічных формах, уключае памяшканні вялікай (для трэніроўкі гімнастаў, лёгкаатлетаў, а таксама для гульнявых відаў спорту) і малой (для трэніроўкі па барацьбе, цяжкой атлетыцы, фехтаванні і інш.) залаў. Выразная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка акцэнтаваная вышыннай дамінантай — назіральнай вежай[1].
Кампазіцыя сяміпавярховага будынка гатэля на 170 месцаў спалучае два рознавялікія злучаныя паміж сабой аб’ёмы, вырашаныя ў выглядзе трохкутнікаў. На першым паверсе размешчаныя рэстаран, пошта, бібліятэка з чытальнай залай, вузел сувязі, службовыя памяшканні, на астатніх — жылыя нумары. Сцены будынку апрацаваныя дэкаратыўнай тынкоўкай, агароджа балконаў драўляная, дах накрыты металічнымі пласцінамі. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаныя дрэва, дэкарыўная абліцовачная плітка. Памяшканні багата аздобленыя творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, станковага жывапісу і графікі[1].
Трохпавярховы будынак медыка-аднаўленчага цэнтра з высокім двухсхільным дахам нагадвае па камназіцыі будынак гатэля; мае кабінеты ўрачэбныя, для водных працэдур, масажу, фізіятэрапіі і інш., тры саўны[1].
Трохпавярховы судзейскі павільён вырашаны ў сучасных архітэктурных формах, яго кансольная частка (выступае на 12 м) размешчаная над месцам старту[1].
Адміністрацыйна-спартовыя збудаванні комплексу вырашаныя ў буйных дынамічных формах, маюць вастраверхія кампазіцыі, арганічна ўпісваюцца ў маляўнічы ландшафт, нібы паўтараюць яго ўзгорысты рэльеф[1].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Мінск, 2003. C. 98.
- ↑ Адкуль Раўбічы // Arche. № 1. 2022. С. 54—56.
- ↑ Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. С. 50—53.
- ↑ а б Лукашэнка пра рэканструяваны спорткомплекс «Раўбічы»: «Тут кожны дзень, я вас папярэджваю, павінны быць тысячы чалавек»
- ↑ а б в г д Олимпийский спорткомплекс «Раубичи» Архівавана 21 жніўня 2010.
Літаратура
правіць- Ангелаў В. Б. «Раўбічы» // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Ангелаў В. Б. Раўбічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 374. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- «Раўбічы» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 626. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раўбічы (спартыўны комплекс)
- Раўбічы Архівавана 4 жніўня 2012.