Цімафей Пятровіч Ломцеў

мовазнавец, даследчык пытанняў агульнага, славянскага, рускага і беларускага мовазнаўства

Цімафей Пятровіч Ломцеў (15 кастрычніка 1906, вёска Качарга, Варонежская губерня — 19 красавіка 1972 года, Ленінград) — савецкі лінгвіст, доктар філалагічных навук.

Цімафей Пятровіч Ломцеў
Дата нараджэння 2 (15) кастрычніка 1906 ці 1906[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 красавіка 1972(1972-04-19) ці 1972[1]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мовазнавец
Навуковая сфера мовазнаўства
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Альма-матар
Партыя
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў педагагічны тэхнікум, затым — Варонежскі ўніверсітэт (1929). У сваёй дыпломнай працы адным з першых аналізаваў кнігу В. М. Валошынава і М. М. Бахціна «Марксизм и философия языка». Аспірант РАНДГН (1930), актыўны ўдзельнік групы «Языкофронт», якая выступала з левых пазіцый супраць «новага вучэння аб мове» (асабіста Ломцеў, зрэшты, некаторыя палажэнні марызму ў гэты перыяд прымаў і быў схільны да «дагматычнага тэарэтызавання» не менш, чым яго апаненты, а пасля сам прыняў удзел у апошняй марысцкай кампаніі 1948—1950 гадоў).

Супрацоўнік нядоўга праіснаваўшага НДІ мовазнаўства пры Наркамасвеце (1931—1933). У гэты перыяд Ломцеў (які выпусціў у 1932 годзе першы савецкі «цытатнік» з выказваннямі Леніна на тэму мовы) удзельнічаў у ідэалагічнай барацьбе на два фронты — у дыскусіі супраць марыстаў і ў палітычных «праработках», якія стаялі на пазіцыі традыцыйнай лінгвістыкі супрацоўнікаў ўласнага інстытута (славісты А. М. Селішчаў і М. М. Карынскі, а таксама вучань Селішчава, малодшы таварыш Ломцева па «Языкофронту» С. Б. Бернштэйн пры яго ўдзеле выганяліся з НИЯЗа). Пасля вымушанага самароспуску «Языкофронта» і ліквідацыі НИЯЗа ў 1933 годзе Ломцеў не мог працаваць ў Маскве або Ленінградзе: працаваў у Інстытуце мовазнаўства (мовы і літаратуры) АН Беларускай ССР (1933—1946) і выкладаў у БДУ (прафесар з 1937 года). У 1939 годзе ўступіў у партыю і ў 1942—1945 гадах быў загадчыкам аддзела школ КП Беларусі (фактычна 1941—1943 гады правёў у эвакуацыі ў Свярдлоўску, дзе працаваў у мясцовым універсітэце). З 1946 года ў Маскве, прафесар МДУ (1947—1971), некаторы час намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуцы; старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН СССР. Галоўны рэдактар часопіса «Філалагічныя навукі» (1958—1972). Незадоўга да смерці ў 1971 годзе перайшоў у Інстытут рускай мовы, раптоўна памёр падчас паездкі ў Ленінград.

Навуковая дзейнасць

правіць

Ломцеў апублікаваў звыш 140 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій, па ўсіх абласцях русістыкі (ад фанетыкі да сінтаксісу, а таксама па беларускай мове: яго спадчына вельмі нераўнацэнная і цярпіць ад эклектычнага змешвання канцэпцый (так, у 1949 годзе ён спрабаваў спалучыць вучэнне Мара з фаналагічнай тэорыяй). Сярод савецкіх русістаў свайго пакалення яго вылучала імкненне да шырокіх абагульненняў і пабудовы агульнай тэорыі ўсіх узроўняў («ярусаў») мовы, з 1940-х гадоў ён адчуваў уплыў структуралізму.

Ломцеў, які ўсё жыццё быў перакананым ідэйным марксістам, з часоў «Языкофронта» (калі, па ўспамінах П. С. Кузняцова, ён пісаў граматыку, дзе «назоўнік адлюстроўваў рэчаіснасць праз класавую свядомасць») імкнуўся паслядоўна звязаць свае тэорыі з марксісцка-ленінскай дыялектыкай, у прыватнасці, т. зв. прынцыпам адлюстравання. Ідэя пабудовы адмысловага «марксісцкага мовазнаўства» пасля дыскусіі 1950 года стала фактычна неактуальнай, і Ломцеў быў ці не адзіным, хто сур’ёзна працягваў распрацоўваць яе і пазней.

У сваіх пошуках Ломцеў разам з лінгвістамі маладога пакалення 1950-1970-х гадоў актыўна выкарыстоўваў матэматычны апарат: так, у аснове яго тэорыі сінтаксісу ляжыць разуменне сказу як функцыянальнага прэдыка прадметных зменных («Основы синтаксиса современного русского языка», 1958), тэорыі фаналогіі — матэматычная логіка («Фонология современного русского языка», 1972), а апісанне узроўняў мовы апелюе да камбінаторыкі і тэорыі мностваў («Предложение и его грамматическая категория», 1972). Адным з першых закрануў пытанне аб інфармацыйнай нагрувашчанасці мовы (1953). У кнізе «Очерки по историческому синтаксису русского языка» (1956) прадставіў развіццё сінтаксічнай сістэмы XI—XVII стагоддзяў.

Ломцеў быў супярэчлівай асобай: жывая цікаўнасць да найноўшых дасягненняў у лінгвістыцы, логіцы, матэматыцы спалучаліся ў ім з недахопам элементарнай адукацыі і культуры маўлення, ад чаго многія сучаснікі ўспрымалі яго іранічна. Аднак яго спадчына даследавалася аўтарамі, якія працуюць у галіне лагічнага аналізу мовы (Н. Д. Аруцюнавай), і гісторыкамі навукі.

Асноўныя пасмяротныя выданні

правіць
  • Общее и русское языкознание. — М., 1976 (сборник избранных работ)
  • Структура предложения в современном русском языке. — М., 1979
  • Основы синтаксиса современного русского языка. — М., 2006.
  • Из истории синтаксиса русского языка. — М., 2006.
  • Предложение и его грамматические категории. — М., 2007.

Літаратура

правіць
  • Алпатов В. М. Москва лингвистическая / Научный совет РАН по изучению и охране культурного и природного наследия. — М.: Изд-во Института иностранных языков, 2001. — С. 83—87. — 104 с. — (Природное и культурное наследие Москвы). — 500 экз. — ISBN 5-88966-028-4.
  • Алпатов В. М. Т. П. Ломтев // Социальные и гуманитарные науки. Сер. 6. Отечественное языкознание: реферативный журнал. 1995. № 4;
  • Булахов М. Г. Восточнославянские языковеды. Биобиблиографический словарь. Минск, 1978. Т. 3;
  • Тимофей Петрович Ломтев (к 60-летию со дня рождения) // Русский язык в школе. 1966. № 4.
  • Тимофей Петрович Ломтев // Вопросы русского языкознания. Вып. 2 / Под ред. К. В. Горшковой. — М.: Изд-во Моск. ун-та, 1979. — С. 5—9.
  • Трошина Н. Н. Т. П. Ломтев // Отечественные лингвисты XX в. / отв. ред. Ф. М. Березин. М., 2002. Ч. 1.
  • ОТКЗ
  1. а б Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 14 жніўня 2024.