Цімкавічы
Ці́мкавічы[2] (трансліт.: Cimkavičy, руск.: Тимковичи) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Мажа. Адміністрацыйны цэнтр Цімкавіцкага сельсавета. Насельніцтва — 1299 чал. (2008). Чыгуначная станцыя.
Аграгарадок
Цімкавічы
| ||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьПершы пісьмовы ўспамін пра Цімкавічы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 годам. У ёй паведамлялася пра далучэнне паселішча да Капыльскага ўладання Алелькавічаў. У гэты час у цэнтры мястэчка размяшчалася гандлёвая плошча, ад якой разыходзіліся 4 вуліцы (Капыльская, Слуцкая, Даўглянская); мелася 4 кварталы. На плошчы стаялі гандлёвыя рады. Над паселішчам дамінавала грэка-каталіцкая царква Святога Ільі, непадалёк — сінагога, заезны дом, карчма.
У 1502 годзе Цімкавічы пацярпелі ад набегу татараў. З 1585 года мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Хадкевічаў. Паводле інвентара 1622 года існавалі мястэчка і маёнтак Цімкавічы. Сядзіба ўключала дом, двор аканома, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Тут працавалі бровар і піваварня. Праз Ганну Схаластыку з Хадкевічаў Цімкавічы трапілі да Яна Станіслава Сапегі. З 1635 года мястэчка належала Казіміру Льву Сапегу, які ў 1647 годзе фундаваў тут драўляны касцёла. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) у верасні 1655 года паселішча разрабавалі і спалілі маскоўскія захопнікі. У 1660 годзе Цімкавічы перайшлі да Аляксандра Гілярыя Палубінскага. З канца XVII стагоддзя маёнткам валодалі Радзівілы — Дамінік Мікалай, Ян і Марцін Мікалай.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цімкавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерні.
У 1918 годзе Цімкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У часы польска-савецкай вайны ў 1919—1920 гадоў мястэчка было цэнтрам гміны ў складзе Мінскай акругі. У час Слуцкага збройнага чыну (1920) праз Цімкавічы праходзіла лінія абароны Грозаўскага палка Беларускай Народнай Рэспублікі. Да задушэння паўстання бальшавікамі мясцовую ўладу ажыццяўлялі сілы БНР.
У 1985 годзе касцёл Святога Міхаіла Арханёла быў знішчаны пажарам.
-
Рынак
-
Касцёл св. Міхаіла
-
Касцёл, з боку апсіды
-
Касцёл, галоўны фасад
-
Касцёл, інтэр’ер
-
Касцёл, алтар
-
Касцёл, абразы
-
Царква св. Мікалая
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1880 год — 826 чал.[3]
- XXI стагоддзе: 2008 год — 1299 чал.
Турыстычная інфармацыя
правіцьСлавутасці
правіць- Бровар (1901)
- Капліца мемарыяльная (XIX ст.)
- Царква свяціцеля Мікалая Цудатворцы (2017)
- Могілкі яўрэйскія
- Званіца (XIX ст.)
- помнік прыроды «Дуб і сасна»
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
- Сядзібна-паркавы комплекс
- Царква Святога Мікалая
Вядомыя асобы
правіць- Марцін Мікалай Радзівіл (1705—1782) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, навуковец.
- Вальдэмар Віктаравіч Раманенка (1937—2021[4]) — вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
- Уладзімір Аляксандравіч Наржымскі (1915—1988) — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза (1945)[5].
- Аляксандр Іванавіч Бельскі (нар. 1963) — беларускі літаратуразнавец, пісьменнік. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар (2002).
У Цімкавічах з 1908 года гадаваўся беларускі празаік Кузьма Чорны, бацька якога пасля Лютаўскай рэвалюцыі працаваў у валасным рэўкаме і настаўнічаў у Цімкавіцкай сямігодцы[6]. У вёсцы знаходзіцца Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Таксама тут К. Чорны прымаў удзел у пастаноўках Цімкавіцкага народнага тэатра, які дзейнічае да гэтай пары.
Крыніцы
правіць- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ SgKP 1880.
- ↑ Вольдемар Викторович Романенко. Некролог Архівавана 12 красавіка 2021. (руск.) // Сайт БелМАПА
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 160. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- ↑ Тычына М. Цана прароцтваў // Чорны К. Выбраныя творы. — Мн., 2000.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Cimkowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 702—703.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цімкавічы
- Тимковичи на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Артыкул В. Шураковай «Цімкавічы: касцёл святога Міхаіла» Архівавана 24 верасня 2017.
- Расповед пра вёску з фота