Ціхаходкі (Tardigrada) — тып мікраскапічных бесхрыбтовых, блізкіх да членістаногіх. Экстрэмафілы.
Упершыню гэта жывёла была апісана ў 1773 г. нямецкім пастарам І. А. Гецэ як kleiner Wasserbär (маленькі вадзяны мядзведзь). У 1777 г. італьянскі вучоны Ладзара Спаланцані даў ім назву il tardigrado, ціхаходкі, латынізаванай формай з'яўляецца назва Tardigrada (з 1840 г.)
Разнаполыя. Самцы ціхаходак драбнейшыя за самак і сустракаюцца рэдка, таму магчымы партэнагенез, гэта значыць размнажэнне самак без апладнення. Падчас перыяду размнажэння ў самкі спее ад 1 да 30 яек. Апладненне ўнутранае або знешняе, калі самец адкладае сперму на сценку яек. У адных відаў яйкі адкладаюцца ў грунт, у мох або ваду, у іншых — у скінутай пры лінькі скуры. Развіццё прамое, маладая ціхаходка адрозніваецца ад дарослай толькі меншымі памерамі.
Ціхаходкі прыцягнулі ўвагу ўжо першых даследчыкаў сваёй дзіўнай цягавітасцю. Пры надыходзе неспрыяльных умоў яны здольныя на гады уваходзіць у стан анабіёзу; а пры наступе спрыяльных умоў даволі хутка ажываць. Выжываюць ціхаходкі ў асноўным за кошт т. зв. ангідрабіёза, высушвання. Пры высыханні яны ўцягваюць у цела канечнасці, памяншаюцца ў аб'ёме і прымаюць форму бочачкі. Паверхня пакрываецца васковай абалонкай, якая перашкаджае выпарэнню. Пры анабіёзе іх метабалізм падае да 0,01 %, а ўтрыманне вады здольна даходзіць да 1 % ад нармальнага.
У стане анабіёзу ціхаходкі вытрымліваюць неверагодныя нагрузкі.
- Тэмпература. Вытрымліваюць знаходжанне на працягу 20 месяцаў у вадкім паветры пры −193 °C, васьмігадзіннае астуджэнне вадкім геліем да −271 °С; нагрэў да 60—65 °С на працягу 10 гадзін і да 100 °C на працягу гадзіны.
- Іянізавальнае выпраменьванне ў 570 000 рэнтгенаў забівае прыкладна 50 % апрамяняйваемых ціхаходак. Для чалавека смяротная доза радыяцыі складае ўсяго 500 рэнтгенаў.
- Атмасфера: ажывае пасля паўгадзіннага знаходжання ў вакууме. Даволі доўга могуць знаходзіцца ў атмасферы серавадароду, вуглякіслага газу.
- Ціск: Пры эксперыменце японскіх біяфізікаў ціхаходак, якія «спалі», змяшчалі ў герметычны пластыкавы кантэйнер і апускалі яго ў запоўненую вадой камеру высокага ціску, паступова давёўшы яго да 600 Мпа (каля 6000 атмасфер), што амаль у 6 разоў вышэй за ўзровень ціску ў самой нізкай кропцы Марыянскай западзіны. Пры гэтым усё роўна, які вадкасцю быў запоўнены кантэйнер: вадой ці нетаксічным слабым растваральнікам перфторвугляродаў С8F18, — вынікі па выжывальнасці супадалі.
- Адкрыты космас: Пры эксперыменце шведскіх навукоўцаў, ціхаходак відаў Richtersius coronifer і Milnesium tardigradum падзялілі на тры групы. Адна з іх па прыбыцці на арбіту апынулася ва ўмовах вакууму і была падвергнутая ўздзеянню касмічнай радыяцыі. Іншая група, акрамя гэтага, таксама падвергнулася апрамяненню ультрафіялетам А і В (280—400 нм). Трэцяя група жывёл выпрабавала ўздзеянне поўнага спектру ультрафіялету (116—400 нм). Усе ціхаходкі знаходзіліся ў стане анабіёзу. Пасля 10 дзён, праведзеных у адкрытым космасе, практычна ўсе арганізмы былі высушанымі, але на борце касмічнага апарата ціхаходкі вярнуліся да нармальнага стану. Большасць жывёл, якія падвергліся апрамяненню ультрафіялетам з даўжынёй хвалі 280—400 нм, выжылі і апынуліся здольнымі да ўзнаўлення. Аднак ультрафіялетавае апрамяненне аказала крытычнае ўздзеянне, толькі 12 % жывёл другой групы выжылі, усе яны належалі да віду Milnesium tardigradum. Тым не менш, асобіны, якія выжылі, змаглі даць нармальнае патомства, хоць іх пладавітасць апынулася ніжэй, чым у кантрольнай групы, якая знаходзілася на Зямлі. Усе жывёлы з трэцяй групы загінулі праз некалькі дзён пасля вяртання на Зямлю.