Чу́машы (саманазвы: Ughuigh , Oxoix; англ.: Chumash) — індзейскі народ у Каліфорніі (ЗША). Раней насяляў узбярэжжа ў раёне Санта-Барбары і паўночныя астравы Чанел. Агульная колькасць (2018 г.) - 3 700 чал.[1]

Чумашы
(Ughuigh , Oxoix)
Агульная колькасць 3700 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова чумашскія мовы
Рэлігія шаманізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы

Гісторыя правіць

Большасць гісторыкаў атаясняюць чумашаў з нашчадкамі найбольш старажытных пасяленцаў у Каліфорніі. На астравах Чанел знойдзена старажытнае паселішча, што існавала 11 тысяч гадоў таму[2]. Месца, населенае чумашамі, лічыцца адным з найбольш прыдатных для жыцця з пункту гледжання наяўнасці рэсурсаў. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што да прыбыцця еўрапейцаў чумашы мелі кантакты з палінезійцамі[3].

Першы візіт іспанцаў на землі чумашаў адбыўся ў 1542 г., але не меў значных наступстваў для абодвух бакоў[4]. Але з 1770-х гг. пачалася паступовая іспанская каланізацыя. Ёй папярэднічала пабудова каталіцкіх місій, стварэнне пры іх сучасных місіянерскіх гаспадарак, дзе выкарыстоўвалася праца індзейцаў. Прыход іспанцаў меў разбуральны характар. Гэта тлумачыцца высокай смяротнасцю ў выніку распаўсюджання еўрапейскіх эпідэмічных захворванняў і паступовай адмовай ад папярэдніх рэлігійных уяўленняў.

У 18211845 гг. Каліфорнія з’яўлялася часткай Мексікі. Галоўную ролю ў кіраванні тут адыгрывалі ваенныя, пад уладу якіх перайшлі каталіцкія місіі. Чумашы і іншыя прыбярэжныя народы пакутвалі ад жорсткай эксплуатацыі. У 1824 г. яны арганізавалі паўстанне.

Пасля далучэння Каліфорніі да ЗША былі прыняты меры для забеспячэння мірных адносін з індзейцамі, але яны тлумачыліся на карысць белага насельніцтва. На поўдні штата існавала практыка прымусовага рассялення індзейцаў у жывёлагадоўчых гаспадарках[5].

У 1853 г. частка чумашаў была пераселена ў рэзервацыю, створаную для прадстаўнікоў некалькіх прыбярэжных індзейскіх народаў, але ў 1863 г. яна фактычна была ліквідавана, а яе члены пераселены ў новую, меншую па плошчы рэзервацыю. У нашы дні іх нашчадкі складаюць асобнае племя Tejon, якое прызнаецца федэральным ўрадам ЗША ў якасці аўтаномнай нацыі. У 1901 г. чумашы атрымалі права на асобную рэзервацыю, плошча якой крыху перавышае 51 га. У нашы дні яна кіруецца дэмакратычна выбраным урадам з 5 асоб.

Традыцыйная культура правіць

 
Дыярама музея ў Санта-Барбары ўзнаўляе побыт чумашаў

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі чумашаў былі рыбалоўства, збор ракавін малюскаў і жалудоў, у меншай ступені — паляванне. Чумашы былі выдатнымі будаўнікамі лодак, карысталіся сеткамі і гарпунамі, лавілі акул і нават кітоў. Значную частку ежы складалі малюскі. З іх ракавін вырабляўся бісер, якім карысталіся многія каліфарнійскія плямёны. На мове суседніх народаў чумаш значыў "вытворца ракавін". Для вырабу прылад працы шырока выкарыстоўваўся абсідыян.

Мужчыны і жанчыны мелі вопратку ў выглядзе фартухаў з раслінных валокнаў. У зімовыя месяцы выкарыстоўвалася адзенне з футра. Яно ўпрыгожвалася бісерам, пер'ем, плеценымі валасянымі косамі. Мужчыны апраналі футравыя галаўныя ўборы з пер'ем.

Чумашы жылі ў вёсках. Згодна з апісаннямі іспанцаў, яны ўяўлялі сабою групы круглявых хацін, што складаліся з каркаса, пакрываліся травою і скурамі. Дыяметр хаціны быў каля 2 м — 3,5 м, вышыня — каля 2 м. Знутры знаходзіліся каркасныя ложкі, крытыя травянымі цыноўкамі, і агмень для прыгатавання ежы. У даху мелася дымавая адтуліна. Уваход рабіўся з усходняга боку. Вёскі будаваліся каля водных крыніц. З пачаткам іспанскай каланізацыі іх пераносілі бліжэй да місій.

Асновай грамадства была вясковая абшчына. Кожная вёска мела свайго правадыра, прычым ім маглі стаць як мужчына, так і жанчына. Відавочна, улада перадавалася па спадчыне, але ў любым выпадку правадыр з’яўляўся найбольш багатым членам абшчыны. Паміж вёскамі чумашаў існавала складаная сістэма абмену. Былі вёскі, якія спецыялізаваліся на пэўнай вытворчасці. Яны аб’ядноўваліся ў палітычныя і сваяцкія саюзы[6]. Знутры абшчын назіралася матэрыяльная і сацыяльная стратыфікацыя паміж сем'ямі. Вучоныя заўважаюць, што яна сфарміравалася ўжо ў перыяд паміж 1150 г. і 1300 г.[7], калі пачалося інтэнсіўнае развіццё чумашскай культуры.

Майстры чумашаў з’яўляліся выдатнымі разьбярамі, умелі аднолькава добра апрацоўваць драўніну і камень. Захаваліся петрогліфы у сакральных мясцінах. Яны ўключаюць выявы жывёл і людзей. Жыхары ўзбярэжжа будавалі доўгія каркасныя лодкі, абшытыя дошкамі і заканапачаныя смалой.

Фальклор прадстаўлены міфамі, песнямі, казкамі і легендамі. У кожнай вёсцы меўся пляц для сумесных цырымоній і танцаў. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: касцяныя флейты, свістулькі, бразготкі, музычны лук.

Мовы правіць

Сучасныя даследчыкі вылучаюць некалькі чумашскіх моў, што складаюць самастойную моўную сям'ю: паўночная і некалькі паўднёвых, што ў сваю чаргу падзяляліся на астраўныя і цэнтральныя. Гутарковая мова знікла ў 1965 г. са смерцю апошняга носьбіта.

Рэлігія правіць

 
Наскальныя петрогліфы чумашоў

Традыцыйная рэлігія чумашаў заснавана на веры ў багоў і духаў, а таксама магіі. Згодна са старажытнай міфалогіяй, сусвет падзяляецца на свет людзей, што трымаецца дзвюма змеямі, падземны свет і нябесны свет. Да падзелу сусвету існавалі першасныя людзі, што потым ператварыліся ў жывёл і перасяліліся на неба. Галоўную ролю сярод іх адыгрывае Арол. На зямлі кіруе багіня Хуташ[8].

Арганізацыяй рытуалаў займаўся правадыр. Акрамя таго, сярод чумашаў вылучаўся пласт шаманаў, якія забяспечвалі сувязь суайчыннікаў са светам багоў і хтанічнымі сіламі. Яны лічылі, што для сусвету характэрна сталая зменлівасць. Будучае прадракалі дзякуючы астралогіі. Для сувязі са звышнатуральнымі істотамі і духамі мёртвых ужывалі галюцынагены, вынікі кантактаў з імі адлюстроўвалі петрогліфамі.

У канцы XVIII - сярэдзіне XIX ст. чумашы прынялі каталіцызм, аднак для сучасных прадстаўнікоў гэтага народа характэрны вельмі фармальныя адносіны да рэлігійных культаў.

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць