Казанская царква (Мінск)

(Пасля перасылкі з Чыгуначная царква (Мінск))

Царква Казанскай іконы Божай Маці (чыгуначная) — колішні праваслаўны храм у Мінску, які размяшчаўся на цяперашняй плошчы Мяснікова.

Славутасць
Казанская царква
Царква ў 1918 годзе. На пярэднім плане мураваная капліца ў памяць цудоўнага выратавання Імператарскага сямейства, на заднім — драўляная Казанская царква.
Царква ў 1918 годзе. На пярэднім плане мураваная капліца ў памяць цудоўнага выратавання Імператарскага сямейства, на заднім — драўляная Казанская царква.
53°53′39″ пн. ш. 27°32′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія РПЦ
Архітэктурны стыль неавізантыйскі стыль[d]
Дата пабудовы 1914 год
Дата скасавання май 1936
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Праект мураванай чыгуначнай царквы. 1909
 
Храм у 1918 годзе

У 1890 годзе была ўзведзена драўляная Казанская прывакзальная чыгуначная царква. У пачатку XX стагоддзя з’явілася ідэя стварыць вялікі мураваны храм. Працэс праектавання і пошуку грошай зацягнуўся, і канчатковы праект новай царквы быў зацверджаны толькі ў 1909 годзе. Тады ж быў атрыманы дазвол на ўзвядзенне храма[1]. Усе сродкі на будаўніцтва храма збіралі са служачых чыгункі. Акрамя таго былі вялікія ахвяраванні ад самой управы Лібава-Роменскай чыгункі. Быў створаны спецыяльны будаўнічы камітэт, пад кіраўніцтвам якога вялося ўзвядзенне гэтага храма[1].

Будаўніцтва мураванай Казанскай прывакзальнай чыгуначнай царквы побач з драўлянай царквой завершана ў 1914 годзе. Плошча новага храма складала 1224 кв. арш[2]. Сярод мінчукоў гэта царква атрымала назву Жоўтай, таму што яе сцяны былі складзены з жоўтай ліцавой цэглы. Інтэр’еры новай царквы мелі багаты дэкор. Былі адліты па спецыяльным заказе новыя медныя званы[1]. Настаяцель — Уладзімір Хіраска, святар — Уладзімір Біруля[2]. Перад царквой знаходзілася мураваная капліца ў памяць цудоўнага выратавання Імператарскага сямейства, пабуданая ў 1898 годзе[2].

Царква не пацярпела ні ў гады Першай сусветнай вайны падчас бамбардзіровак нямецкай авіяцыяй мінскага чыгуначнага вакзала, ні ў гады Грамадзянскай вайны[1].

 
Царква, пераробленая пад клуб чыгуначнікаў. 1932

Пасля закрыцця ў будынку ў 1922—1928 гадах знаходзіліся Кастрычніцкі раённы камітэт КП(б)Б, Кастрычніцкі раённы камітэт ЛКСМБ, вячэрняя школа Кастрычніцкага раённага камітэта КП(б)Б[2].

У газеце «Звязда» ад 5 студзеня 1930 года апублікаваны артыкул пра сход рабочых і службоўцаў Беларускай чыгункі, якія запатрабавалі ад урада БССР неадкладна перадаць яе пад культустанову. Рашэнне гарадскія ўлады прынялі літаральна праз месяц. Прычым, званы з Казанскай царквы, як пісалі ў газеце, былі перададзены ў «кацёл індустрыялізацыі». У 1930 годзе былі скінуты пазалочаныя крыжы, якія ўпрыгожвалі купал храма, а на іх месцы стаў лунаць чырвоны сцяг[1].

У 1932—1935 — Клуб чыгуначнікаў імя 12-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1935—1936 — Клуб 13-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі[2].

У 1936 годзе, у часы «бязбожнай пяцігодкі» было прынята рашэнне знішчыць царкву[1]. У канцы мая 1936 года храм быў узарваны, кіраваў работамі накіраваны з Масквы ваенны інжынер П. Р. Грыгарэнка[ru][2]. У сваіх успамінах у кнізе «В подполье можно встретить только крыс…» ён так апісвае гэта:

  Розгалас пра наш узрыў хутка распаўсюдзіўся па Беларусі. І ЦК КПБ папрасіў камандуючага БВА даслаць тых падрыўнікоў з Віцебска ў Мінск. Тут, аказваецца, побач з нядаўна збудаваным дзевяціпавярховым домам урада засталася, амаль ушчыльную прылягаючы да гэтага будынка, маленькая цэркаўка. Навучаны віцебскім вопытам, я запрасіў за яе ўтрая больш і атрымаў без гандлю. Цэркаўку мы ўзарвалі, не пашкодзіўшы ўрадавага будынка. Пасля гэтага пад маім кіраўніцтвам была падарвана царква ў Смаленску. На гэтым я адышоў ад выбухаў цэркваў, заявіўшы, што падрыхтаваная мной брыгада цудоўна зладзіцца без мяне. Насамрэч прычына была ў маім унутраным стане. Яшчэ рыхтуючы выбух храма ў Віцебску, я адчуваў унутраны пратэст. І хоць я любаваўся гарой цэглы, якая ўстала на месцы сабора, у мяне не было сапраўднай працоўнай радасці. Мінскі выбух я ўжо рыхтаваў без цікавасці. А ў Смаленску мне проста было адваротна за тое, што я раблю.

 
 
Мураваная царква з боку апсіды. Справа драўляная царква. 1918

На працу спецыяліста прыйшлі паглядзець кіраўнікі беларускага ўрада, сярод якіх былі М. Гікала, М. Галадзед, А. Чарвякоў. Для зручнасці яны размясціліся на балконе левага крыла Дома ўрада. Каб бачнасць была добрая, узрыў прызначылі на шэсць гадзін раніцы, на досвітку[3].

Праз некаторы час участак, дзе знаходзіўся храм, расчысцілі і назвалі плошчай імя Мяснікова. На ёй паставілі камень з надпісам, што тут будзе збудаваны помнік Мяснікову[3].

Архітэктура правіць

Твор манументальнай архітэктуры візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Мела складаную шматаб’ёмную ярусную кампазіцыю. Яе дамінантай з’яўляўся вялікі цыліндрычны (16-гранны) светлавы барабан пад сферычным купалам. Барабан завяршаў высокі чацверыковы аб’ём сяродкрыжжа, які меў бакавыя паўкруглыя светлавыя эркеры пад сферычнымі пакрыццямі. 3 франтальнага боку храм вылучала шмат’ярусная званіца, верхні ярус-звон якой быў адкрыты арачнымі праёмамі, меў цыліндрычную форму і завяршаўся паўсферычным купалам. Больш нізкім цыліндрычным купальным барабанам завяршаўся аб’ём трапезнай. Яруснасць агульнай кампазіцыі ўзмацнялася больш нізкімі прыбудовамі капліц да трапезнай, рызніц да апсіды, якія пластычнай формай сваіх пакрыццяў узмацнялі маляўнічую кампазіцыю. Абліцаваныя светлай цэглай фасады мелі паласатую муроўку з радоў чырвонай цэглы, чляніліся бакавымі вокнамі-трыфорыумамі і 23 аконнымі праёмамі, у апсідзе 5 круглымі люкарнамі, у барабанах 5-купалля 40 аконных праёмаў. Мела 6 уваходаў у магутных арачных парталах-рундуках. Акрамя галоўнага быў прыдзел у імя мітрапаліта маскоўскага свяціцеля Аляксія у інтэр’еры меліся 3 іканастасы (2 прыдзельных)[4].

Зноскі

  1. а б в г д е «Медные колокола были слышны за несколько километров от современной площади Мясникова»: история Казанской церкви 15.03.2018 Архівавана 19 лютага 2022.
  2. а б в г д е Галоўная вуліца Мінска, 1880—1940 гг. / Леанід Маракоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — Т. Кн. 1. — 259 с. — ISBN 978-985-02-1426-3.
  3. а б Свято-Казанская церковь (руск.). Мінск стары і новы. — (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2017. Праверана 19 лютага 2022.
  4. Царква ў гонар Казанскай і іконы Маці Божай (Чыгуначная) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.

Літаратура правіць