Чырвоны Кастрычнік (Гомель)

Чырвоны Кастрычнік (або Красны Акцябр) — рабочы пасёлак на поўначы Гомеля, які існаваў з 1920-х гг. Ранейшая назва — Земпасад. Знаходзіўся між Новікаўскімі могілкамі, чыгункай і аэрадромам. Быў забудаваны пераважна двухкватэрнымі кааператыўнымі дамамі. Меў уласную сетку вуліц з нумарнымі назвамі ад 1-й да 8-й[1]. Таксама праз пасёлак праходзіў канцавы адрэзак Кааператыўнай вуліцы[2].

Гісторыя

правіць

Земпасад

правіць

У ліпені 1916 г. гомельскі тэхнічны аддзел Усерасійскага земскага саюза арэндаваў адпаведную дзялянку зямлі плошчай 145 дзесяцін для арганізацыі вытворча-гаспадарчай дзейнасці. Гэтая дзялянка атрымала назву «Земпасад». Земпасад падзяляўся на два двары — фабрычны і гаспадарчы. На дварах было ўзведзена 120 пабудоў (майстэрні, гаспадарчыя спаруды, склады). Галоўнай прадукцыяй былі пераносныя фанерныя баракі. Акрамя таго, працавалі мэблевая, механічная, бляшаная і павозачная майстэрні, кузня. Для забеспячэння усяго комплекса электрычнасцю служыла «сілавая станцыя» з лакамабілем і дынама-машынай. Была пракладзена тэлефонная сетка, арганізаваны пажарнае дэпо і ахова. Транспартныя патрэбы абслугоўвалі 65 коней, 4 грузавых і 2 легкавых аўтамабілі. Для службоўцаў і рабочых меліся сталоўка і інтэрнат, бальніца і амбулаторыя, лазня і пральня, харчовая крама і хлебапякарня[3].

Рабочы пасёлак

правіць

Станам на 1927 г. пасёлак Чырвоны Кастрычнік прыналежыў да Гарадскога раёна. Адносіўся да 126-га будаўнічага квартала, жыллёвыя ўмовы ў якім лічыліся найбольш спрыяльнымі з гледзішча жылой плошчы (14,1 квадратных аршынаў на чалавека). Разам з тым толькі адзін будынак пасёлка быў падключаны да вадаправода, а гандлёвых і прамысловых устаноў не было наогул. Насельніцтва пасёлка тады складала 686 чалавек, з якіх 449 значыліся беларусамі. Некаторыя сем’і трымалі свойскую жывёлу[4].

У лістападзе 1927 г. прэса адзначала, што ў Гомелі пры жыллёвым кааператыве «Чырвоны Кастрычнік» адкрылася школа[5].

Прынамсі частка пасёлка перажыла Другую сусветную вайну. У паваенны час адбывалася яго паступовае пераўладкаванне. 1-я, 2-я і 3-я вуліцы зніклі пад забудовай аўтарамонтнага завода, іншыя атрымалі новыя назвы: 4-я вуліца – вуліца  Федасеенкі; 5-я вуліца — вуліца Дынды; 6-я вуліца — вуліца Уткіна; 7-я вуліца — вуліца Барадзіна[1]. Толькі 8-я вуліца захавала сваю назву. На абшары азначаных вуліц, дзе да канца 1980-х1990-х гг. часткова захоўвалася даваенная забудова, з цягам часу вырас вялікі жылы масіў «Мілавіца» (мікрараён №22)[6][7].

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. а б Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 192.
  2. План города Гомеля и Новобелицы, 1930-е годы
  3. Краткий обзор деятельности Всероссийскаго земскаго союза на Западном фронте, 1915—1917 гг./ Ком. Западнаго фронта Всероссийскаго земскаго союза. — Москва : [б.и.] , 1918 (Т-во скоропеч. А. А. Левенсон). — С. 113-115.
  4. Гомель и городские поселения Гомельщины: Предварит. итоги переписи 1926 г. и некоторые данные текущ. отчетов и обследований. — Речица, 1927. — С. VII; 10-11.
  5. Октябрьские торжества в Белоруссии // Рабочий. — 1927. — 10 ноября. — С. 5.
  6. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 126.
  7. Микрорайон №22 / ГородГомель.бел