Чэрвеньскі структурны заліў

Чэрвеньскі структурны заліў — адмоўная тэктанічная структура ў Чэрвеньскім, Бярэзінскім, Круглянскім і Бялыніцкім раёнах. Ускладняе Аршанскую ўпадзіну, глыбока ўразаецца ва ўсходні схіл Беларускай антэклізы, дзе прымыкае на поўначы да Прыаршанскай монакліналі, на поўдні — да Бабруйскага пахаванага выступу. Выдзелены комплексам электра-, сейсмаразведачных і аэрамагнітных даследаванняў.

Тэктанічныя структуры Беларусі

Па паверхні крышталічнага фундамента даўжыня Чэрвеньскага структурнага заліва больш за 90 км, глыбіня апускання ад -0,5 да -0,8 км. У яго межах выяўлены лакальныя падняцці тыпу брахіантыкліналей з амплітудай 50—100 м, большасць з іх выцягнута на паўночны ўсход. У асадкавым чахле заліў адасабляецца па паверхнях рыфейскіх і ніжнявендскіх адкладаў. Па верхнявендскіх і дэвонскіх адкладах, якія ляжаць вышэй, размешчана паўднёва-заходняе крыло Маскоўскай сінеклізы; па юрскіх, мелавых і кайназойскіх даантрапагенавых адкладах — паўночнае крыло Украінскай сінеклізы. Фарміраванне заліва і супадпарадкаваных лакальных падняццяў пачалося ў рыфеі.

Да паўднёва-заходняга схілу Чэрвеньскага структурнага заліва прымеркавана Асіповіцкае падземнае сховішча газа, створанае ў 1976 годзе ў межах мясцовага валападобнага падняцця. Штучная залеж знаходзіцца ў адным з ваданосных гарызонтаў на глыбіні 450-500 м, пласты-калектары перакрытыя непранікальнымі тылітамі.

ЛітаратураПравіць