Шанхай
Шанха́й (кіт. 上海市, піньінь shàng hǎi shì) — найбуйнейшы горад Кітая і адзін з самых буйных гарадоў свету, размешчаны ў дэльце ракі Янцзы. Адзін з чатырох гарадоў цэнтральнага падпарадкавання КНР, важны фінансавы і культурны цэнтр краіны, а таксама адзін з самых буйных у свеце марскіх портаў.
Горад
Шанхай
上海
| ||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьПадчас панавання дынастыі Сун Шанхай быў павышаны ў статусе з вёскі ў гандлёвы горад у 1074 годзе, а ў 1172 годзе ля горада дзеля стабілізацыі берагавой лініі акіяна была пабудавана другая марская сцяна, якая дапаўняла сістэму з раней узведзеных дамбаў[2] . Падчас панавання дынастыі Юань з 1292 да 1927, калі паселішча афіцыйна стала горадам, тэрыторыя Шанхая была пазначана як цэнтральнае месца прэфектуры Сангджанг[2] .
Дзве важныя падзеі садзейнічалі развіццю Шанхая падчас панавання дынастыі Мін. Гарадская сцяна была пабудавана ў першы раз у 1554 годзе для абароны горада ад набегаў японскіх піратаў. Яе вышыня была 10 метраў, а акружнасць — 5 км[2] . У часы панавання Ванлі у 1602 годзе ў Шанхаі быў узведзены даоскі храм Чэнхуанмяо. Гэтая ўзнагарода, як правіла, рабілася толькі для месцаў са статусам горада, такіх, як сталіцы прэфектур, а не проста павятовых гарадоў, якім быў Шанхай. Гэтая падзея, верагодна, адлюстроўвае важнае эканамічнае значэнне горада, у адрозненне ад ягонага нізкага палітычнага статусу[2] .
У часы панавання дынастыі Цын Шанхай стаў адным з найбольш важных марскіх партоў у рэгіёне дэльты Янцзы, у выніку чаго адбыліся дзве важныя палітычныя змены: па-першае, імператар Кансі ў 1684 годзе адмяніў папярэднія забароны дынастыі Мін, якія дзейнічалі з 1525 года, на выхад суднаў у акіян. Па-другое, у 1732 годзе імператар Юнчжэн перанес мытню ў правінцыю Цзянсу, сталіцай якой якраз і быў горад Шанхай, і надаў яму эксклюзіўныя правы на кантроль над знешнім гандлем. У выніку гэтых двух важных рашэнняў да 1735 Шанхай стаў асноўным гандлёвым портам усёй ніжняй вобласці ракі Янцзы, нягледзячы на ўсё яшчэ нізкі адміністрацыйны ўзровень у палітычнай іерархіі[2] .
Міжнародная ўвага да Шанхая ўзрасла ў XIX стагоддзі з-за ягонага эканамічнага і гандлёвага патэнцыялу. У часы Першай опіумнай вайны ў 1839—1842 гг. брытанскія войскі часова захапілі горад. Вайна скончылася ў 1842 годзе ў выніку падпісання Нанкінскай дамовы, паводле якой Кітай абавязваўся адчыніць для міжнароднага гандлю свае асноўныя порты, у спіс якіх увайшоў і Шанхай. Разам з тым з Брытаніяй была падпісана яшчэ адна асобная Хумэнская дамова ў 1843 годзе, якая дазволіла брытанцам займацца гандлем на кітайскай зямлі. Праз год падобная дамова была падпісана і з ЗША — Вансяская дамова. У выніку Брытанія, Францыя і Злучаныя Штаты Амерыкі атрымалі значныя саступкі і па-за сценамі горада, якім па-ранейшаму кіравалі кітайцы.
У 1855 годзе горад быў захоплены паўстанцамі з таварыства малых шабляў, але быў вернуты пад імператарскую ўладу ў лютым 1855 года[3]. У 1854 годзе быў створаны Шанхайскі муніцыпальны савет для кіравання замежнымі паселішчамі. У перыяд з 1860 па 1862 гады тайпінскія паўстанцы двойчы напалі на Шанхай і знішчылі ўсходнія і паўднёвыя прыгарады горада, але не здолелі захапіць сам горад[4]. У 1863 годзе брытанскае паселішча на поўдзень ад ракі Сучжоў і амерыканскае паселішча на поўначы ўз’ядналіся з мэтай фармавання Шанхайскага інтэрнацыянальнага паселішча. Французскае паселішча адмовілася ад аб’яднання і захавала сваю канцэсію на поўдні і паўднёвым захадзе.
Грамадзяне многіх краін з усіх кантынентаў прыехалі ў Шанхай, каб жыць і працаваць на працягу наступных дзесяцігоддзяў. Тыя, хто жылі ў горадзе на працягу доўгага часу (некалькі пакаленняў), называлі сябе «шанхайлэндцы». У 1920-х і 1930-х гадах амаль 20 тысяч рускіх пераехала сюды, большая частка якіх былі прадстаўнікамі белага руху падчас грамадзянскай вайны ў Расіі. Рускія ў Шанхаі на той час складалі другую па велічыні замежную супольнасць. Да 1932 г. Шанхай стаў пятым у свеце горадам паводле велічыні і быў домам для 70 тысяч замежнікаў. У 1930-х гг. 30 тысячаў габрэйскіх уцекачоў з Еўропы прыбылі ў горад[5].
Япона-кітайская вайна 1894—1895 гг. скончылася падпісаннем сіманасескай дамовы, якая дала магчымасць Японіі стаць яшчэ адной замежнай дзяржавай у сферы эканомікі Шанхая. Японцы пабудавалі завод у горадзе, які неўзабаве быў скапіяваны іншымі замежнымі дзяржавамі. Шанхай быў тады самым важным фінансавым цэнтрам на Далёкім Усходзе, у выніку чаго горад атрымаў мянушку «Вялікія Афіны Кітая»[6].
Падчас кіравання гэтай тэрыторыяй Кітайскай рэспублікай у 1911—1949 гг. палітычны статус Шанхая, нарэшце, быў павышаны да статуса муніцыпалітэта загадам ад 14 ліпеня 1927 г. Нягледзячы на тое, што тэрыторыі замежных канцэсій не былі ўключаны ў сферу іхняга кантролю, новы кітайскі муніцыпалітэт меў плошчу ў 828,8 км², у тым ліку ў ягоны склад уваходзілі сучасныя раёны Баошан, Янгпу, Жабэй, Нансі і Пудун. 28 студзеня 1932 г. японскія войскі высадзіліся ў горадзе і захапілі яго, нягледзячы на кітайскі супраціў, які быў скончаны ў траўні таго ж году. У выніку бітвы за Шанхай у 1937 годзе кітайскія гарадскія зоны былі акупаваны японскімі жаўнерамі ў той час, калі міжнародная зона і французская канцэсія заставаліся вольнымі. Аднак і гэтыя тэрыторыі таксама былі акупаваны 8 снежня 1941 г. і заставаліся пад кантролем Японіі да капітуляцыі ў 1945 годзе. Падчас акупацыі адбыліся шматлікія вайсковыя злачынствы[7].
Геаграфія
правіцьШанхай размешчаны ў дэльце ракі Янцзы на ўсходнім узбярэжжы Кітая на прыкладна роўнай адлегласці ад Пекіна і Ганконга. Муніцыпалітэт у цэлым складаецца з паўвострава паміж Янцзы і Ханчжоў, а таксама шэрагу дробных астравоў. Гарадскі муніцыпалітэт мяжуе на поўначы і захадзе з правінцыямі Цзянсу, на поўдні з правінцыяй Чжэцзян, а на ўсходзе з Усходне-Кітайскім морам. Уласна горад дзеліцца напалову ракой Хуанпу, якая з’яўляецца адным з прытокаў Янцзы. Гістарычны цэнтр горада, раён Пусі, размешчаны на заходнім беразе Хуанпу, у той час як нядаўна пабудаваны раён Пудун, які змяшчае цэнтральны фінансавы рэгіён, быў пабудаваны на ўсходнім беразе.
Пераважная большасць гарадской плошчы з’яўляецца плоскай па тыпе рэльефу, за выключэннем некалькіх пагоркаў у паўднёва-заходнім рэгіёне, з сярэдняй вышынёй 4 м[8]. Размяшчэнне горада на плоскай алювіяльнай раўніне азначае, што новыя хмарачосы павінны быць пабудаваны з глыбокім бетонным мурам, каб спыніць іхняе апусканне ў мяккі грунт. Найвышэйшы пункт знаходзіцца на выспе Дадзінсян і мае 103 м у вышыню[8]. У горадзе шмат рэк, каналаў і азёр, ён таксама вядомы сваімі багатымі воднымі рэсурсамі як частка вадазборнага басейна Тайху[9].
Клімат
правіцьЗгодна з кліматычнай класіфікацыяй Кёпена, Шанхай мае вільготны субтрапічны клімат, які складаецца з 4 сезонаў. Зімы халодныя і вільготныя, у гэты перыяд назіраюцца халодныя паўночна-заходнія вятры з Сібіры, якія могуць стаць чыннікам паніжэння тэмпературы ніжэй за нуль, аднак у большасці дзён зімы назіраюцца толькі адзін альбо два снегапады. Лета гарачае і вільготнае, у сярэднім каля 8 дзён трымаецца тэмпература, вышэйшая за 35 °C; у гэты сезон магчымы выпадковыя ліўні альбо навальніцы. Горад таксама ўспрымальны да тайфунаў у летні перыяд і на пачатку восені, ні адзін з якіх у апошнія гады не прынёс значных страт[10]. Вясна часта бывае зменлівай і дажджлівай; восень, як правіла, сонечная і сухая. Горад у сярэднім мае тэмпературу 4,2 °C у студзені і 27,9 °C у ліпені, гадавы паказчык складае 16,1 °C. Шанхай атрымоўвае ў сярэднім 1878 гадзін сонечнага святла ў год. Самая высокая тэмпература за ўсю гісторыю складала 40,2 °C, а самая нізкая была роўная −12,1 °C[11].
Клімат Шанхая | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | 8,1 | 9,2 | 12,8 | 19,1 | 24,1 | 27,6 | 31,8 | 31,3 | 27,2 | 22,6 | 17,0 | 11,1 | |
Сярэдні мінімум, °C | 1,1 | 2,2 | 5,6 | 10,9 | 16,1 | 20,8 | 25,0 | 24,9 | 20,6 | 15,1 | 9,0 | 3,0 | |
Норма ападкаў, мм | 50,6 | 56,8 | 98,8 | 89,3 | 102,3 | 169,6 | 156,3 | 157,9 | 137,3 | 62,5 | 46,2 | 31,7 | 1 164,7 |
Крыніца: China Meteorological Administration |
Насельніцтва
правіць
|
Эканоміка
правіцьШанхай з’яўляецца камерцыйным і фінансавым цэнтрам мацерыковага Кітая і займае пятае месца ў спісе глабальных фінансавых цэнтраў за 2011 год[13]. Гэта быў самы вялікі і квітнеючы горад на Далёкім Усходзе ў 1930-х гг., і яго хуткае паўторнае развіццё пачалося ў 1990-х гг.[14]. Прыкладам гэтага можа служыць раён Пудун, які стаў пілотнай тэрыторыяй інтэграваных эканамічных рэформ. Да канца 2009 г. у горадзе налічвалася 787 фінансавых інстытутаў, 710 з якіх былі з замежнымі інвестыцыямі[15]. У 2009 годзе Шанхайская фондавая біржа займала трэцяе месца сярод біржаў свету па аб’ёме гандлю і шосты радок з пункту гледжання агульнай капіталізацыі пералічаных кампаній. А па аб’ёмах таргоў такіх тавараў, як каўчук, медзь і цынк, Шанхайская біржа ф’ючарсаў займала першае месца ў свеце[16].
У апошнія два дзесяцігоддзі Шанхай з’яўляецца адным з самых хутка растучых гарадоў свету. З 1992 году Шанхай меў двухзначны працэнтны паказчык росту амаль кожны год, за выключэннем перыяду глабальнага эканамічнага спаду 2008 і 2009 гадоў[17]. У 2010 годзе агульны аб’ём ВУП Шанхая ўзрос да 1,687 трыльёнаў юаняў ($256,3 мільёнаў), а ВУП на душу насельніцтва склаў 76 тысячаў юаняў ($ 11540)[18]. Трыма найбуйнейшымі галінамі сферы паслуг у эканоміцы горада з’яўляюцца фінансавыя паслугі, рознічны гандаль і нерухомасць. Прамысловасць і сельская гаспадарка склалі 39,9 % і 0,7 % ад агульнага аб’ёму адпаведна. Сярэдні гадавы даход жыхароў Шанхая, паводле статыстыкі за першыя тры кварталы 2009 года, склаў 21871 юань[19]. Размешчаны ў самым сэрцы дэльты ракі Янцзы, Шанхай мае адзін з буйнейшых у свеце партоў. Шанхай імкнецца стаць міжнародным цэнтрам суднаходства ў найбліжэйшай будучыні[20].
Шанхай з’яўляецца адным з асноўных прамысловых цэнтраў Кітая, адыгрываючы адну з галоўных роляў у цяжкай прамысловасці Кітая. Вялікая колькасць прамысловых зон, у тым ліку Шанхайскай зоны эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, з’яўляецца асновай другаснага сектара эканомікі Шанхая. На цяжкія галіны прыпадае 78 % ВУП прамысловасці ў 2009 годзе. Найбуйнейшы сталеліцейны завод Кітая Baosteel Group і суднабудаўнічы завод Jiangnan, адзін з найстарэйшых суднабудаўнікоў Кітая, размешчаны ў Шанхаі[21]. Вытворчасць аўтамабіляў з’яўляецца яшчэ адной важнай галіной. Shanghai Automotive Industry Corporation («SAIC») з’яўляецца адной з трох найбуйнейшых аўтамабільных карпарацый у Кітаі. Кампанія мае стратэгічнае партнёрства з Volkswagen і General Motors[22].
Генеральны план гарадскога развіцця на перыяд 2017-35 гадоў імкнецца ператварыць горад у «мегаполіс з уплывам сусветнага маштабу». Шанхай мае змяніць мадэль свайго развіцця, кантраляваць колькасць насельніцтва і зямельны фонд для гарадской забудовы, прыкладаць намаганні па ахове навакольнага асяроддзя і забеспячэнні бяспекі. Згодна з планам, да 2035 года колькасць пастаяннага насельніцтва Шанхая павінна быць менш за 25 млн чалавек, плошча зямельных участкаў пад будаўніцтва знізіцца да 3200 км². План таксама зацвердзіў мэты павялічыць долю ляснога покрыва ў горадзе да 23 % і скараціць узровень канцэнтрацыі ўзважаных часціц PM2,5 у паветры да 25 мкг на кубаметр да 2035 года. Будуць пабудаваны, па меншай меры, адзін універсітэт і адна генеральная бальніца першага класа ў кожным прыгарадным раёне або суб-цэнтры Шанхая[23].
Па выніках 2022 года знешнегандлёвы абарот Шанхая дасягнуў рэкорднага ўзроўню ў 4,19 трлн юаняў (каля 620 млрд долараў). Аб’ём знешняга гандлю мегаполіса складаў 10 працэнтаў ад агульнага паказчыка краіны. Аб’ём экспарту транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі і літыевых батарэй з Шанхая павялічыўся за год адпаведна на 130,1 і 360,8 % — да амаль 84 млрд юаняў і 25,4 млрд юаняў[24].