Шапялевічы

вёска ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі

Шапяле́вічы[1] (трансліт.: Šapialievičy, руск.: Шепелевичи) — вёска ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Цяцерынскага сельсавета.

Вёска
Шапялевічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
174 м
Насельніцтва
  • 360 чал. (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2234
Паштовыя індэксы
213195
Аўтамабільны код
6
Шапялевічы на карце Беларусі ±
Шапялевічы (Беларусь)
Шапялевічы
Шапялевічы (Магілёўская вобласць)
Шапялевічы

Знаходзяцца за 24 км на паўднёвы захад ад Круглага, за 16 км на захад ад шашы Р77, на левым беразе ракі Асліўка.

Гісторыя правіць

Упершыню Шапялевічы згадваюцца ў XV ст.[2] У розныя часы яны знаходзіліся ва ўладанні Гаштольдаў, Палубінскіх, Сапегаў, Агінскіх і інш. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 24 жніўня 1654 пад Шапялевічамі адбылася значнай бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага і маскоўскімі захопнікамі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шапялевічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні.

У 1779 г. пабудавана царква, у 1812 г. заснаваны вінакурны завод, на якім у 1881 г. працавалі 2, а ў 1890 г. — 5 рабочых. У 1847 г. цэнтр маёнтка Магілёўскага павета, уласнасць графоў Шувалавых. У 1848 г. былі 134 двары. У 1863 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Гаспадар маёнтка ў 1867 г. меў 1606 дзесяцін зямлі, вінакурны завод, вадзяны млын, карчму. У 1897 г. у мястэчку 139 двароў, 907 жыхароў (437 мужчын, 470 жанчын), царкоўнапрыходская школа, яўрэйская малітоўная школа, хлебазапасны магазін, заезны дом, царква, 2 разы ў год кірмашы. У фальварку 1 двор, 31 жыхар (18 мужчын, 13 жанчын), вінакурны завод. У 1909 г. меліся казённая вінная крама, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, у Цяцерынскай воласці Магілёўскага павета.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. З лютага да кастрычніка 1918 г. акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Шапялевічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак з 16 студзеня ў складзе РСФСР. У сакавіку 1924 г. Шапялевічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета Круглянскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі.

З 20.8.1924 г. у Бялыніцкім раёне Магілёўскай акругі (да 26.7.1930), з 12.2.1935 г. у Круглянскім раёне, з 20.2.1938 г. Магілёўскай вобласці, з 16.9.1959 г. да 30.7.1966 г. у Бялыніцкім раёне. У 1924 г. адкрыта хата-чытальня. У 1928 г. арганізаваны калгас «Чырвоны араты» і «Беларусь». Пачатковая школа ў канцы 1930-х гг. пераўтворана ў сямігадовую, а ў 1930-я гг. — у сярэднюю. Дзейнічаў вузел сувязі.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 27.6.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 5.12.1942 г. партызаны 8-й Круглянскай брыгады разграмілі варожы гарнізон, які размяшчаўся ў Шапялевічах. У 1944 г. гітлераўцы спалілі 130 двароў, загубілі 106 жыхароў. Каля вёскі 1.7.1944 г. камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка маёр К. В. Макараў выявіў і знішчыў вялікую колькасць варожай тэхнікі і жывой сілы. 23.2.1945 г. яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі каля клуба, пахаваны 90 савецкіх воінаў і 26 партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне вёскі. На ўшанаванне памяці 287 воінаў-землякоў, што загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, у 1967 г. у цэнтры вёскі каля клуба пастаўлена стэла, у 1990 г. — помнік.

Да 21 снежня 2011 года вёска ўваходзіла ў склад Шапялевіцкага сельсавета[3].

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1827 — 570 чал.; 1846 — 325 чал., з іх 310 сялян[4]; 1890 — 553 чал., з іх 501 праваслаўны, 5 каталікоў і 47 іўдзеяў[5]
  • XX стагоддзе: 1909 — 891 чал., 131 двор; 1940 — 686 чал., 162 двары.

Эканоміка правіць

  • Шапялевіцкі СПК

Страчаная спадчына правіць

  • Царква (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. Памяць. Круглянскі раён 1996.
  3. «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 21 декабря 2011 г. № 13-9 Архівавана 14 красавіка 2019. (руск.)
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 191.
  5. Szepielewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. S. 899.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць