Шашоны
Шашоны (саманазва: sosoni) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Падзяляюцца на 3 галіны: усходнія шашоны (Ваёмінг), паўночныя шашоны (Айдаха), заходнія шашоны (Невада, Юта). Агульная колькасць (2010 г.) - 13 002 чал.[1]
Шашоны (Sosoni) | |
![]() | |
Малюнак XIX ст.
| |
Агульная колькасць | 13002 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | шашоні |
Рэлігія | анімізм, пеётызм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | каманчы, тымбіша |
ПаходжаннеПравіць
Шашоны — народ, які належыць да нумійскай групы моў. Лічыцца, што іх продкі паходзяць з паўднёва-заходняй часткі Вялікага Басейна. Да 1500 г. шашоны перабраліся праз Скалістыя горы і пачалі рассяляцца па Вялікіх раўнінах[2]. У выніку рассялення склаліся 3 асноўныя галіны шашонаў:
- Заходнія шашоны працягвалі жыць на тэрыторыі Вялікага Басейна[3]. Іх асноўным заняткам было вандроўнае збіральніцтва.
- Паўночныя шашоны насялялі поўдзень Айдаха і падтрымлівалі шчыльны саюз з народам банак[4]. З сярэдзіны XVIII ст. яны ведалі конегадоўлю і займаліся паляваннем на бізонаў.
- Усходнія шашоны насялялі Скалістыя горы і Елаўстоўн, аднак сезонна перасяляліся на Вялікія раўніны, дзе палявалі на бізонаў. У 1780 - 1825 гг. вялі бясконцыя войны супраць кроу, чарнаногіх і асінібойн[5]. Ад усходніх шашонаў паходзяць каманчы.
Агульная назва шашоны значыць "тыя, хто належыць вялікай траве"[6]. У пісьмовых крыніцах яна з'явілася ў 1805 г. Аднак былі вядомы і іншыя назвы розных груп шашонаў, якія паходзілі ад месца рассялення або заняткаў.
Адносіны з ЗШАПравіць
Кантакты паўночных шашонаў з амерыканцамі пачаліся ў 1805 г. Паўночная шашонка Сакаджавея адыграла значную ролю ў экспедыцыі Льюіса і Кларка. Да сярэдзіны XIX ст. найбольш актыўныя кантакты з амерыканскімі гандлярамі і перасяленцамі мелі ўсходнія шашоны. Амерыканскія ваенныя прыцягвалі іх для перагавораў з іншымі групамі індзейцаў. Пасля 1847 г. заходнія шашоны таксама былі вымушаны кантактаваць з амерыканскімі перасяленцамі, асабліва мармонамі[7]. Паколькі асноўнымі заняткамі шашонаў былі збіральніцтва і паляванне, з'яўленне на іх землях вандроўных перасяленцаў, што на шляху на Захад забівалі жывёлу і вынішчалі траву, успрымалася імі адмоўна.
У 1860-х гг. атрады заходніх і паўночных шашонаў рабілі напады на перасяленцаў. У адказ, 29 студзеня 1863 г. атрад каліфарнійскіх дабраахвотнікаў зрабіў напад на лагер паўночна-заходніх шашонаў каля Мядзвежай ракі[8]. Пры гэтым загінула некалькі сотняў індзейцаў. Выжылыя былі вымушаны даучыцца да мармонаў або былі пераселены ў рэзервацыю.
Усходнія шашоны на чале правадыра Вашакі[9], наадварот, паспяхова займаліся гандлем футрам і выступалі саюзнікамі ў барацьбе амерыканцаў супраць сіў. У 1863 г. і 1868 г. Вашакі падпісаў дагавор з урадам ЗША аб вылучэнні аўтаноміі для ўсходніх шашонаў. Ён з'яўляўся адзіным шашонскім правадыром, прызнаным амерыканскімі ўладамі.
У канцы XIX - пачатку XX ст. для шашонаў былі створаны рэзервацыі. Яны мелі розную ступень аўтаноміі. Найбуйнейшай з'яўлялася рэзервацыя Лемхі (1875 - 1907 гг.), што захоўвала традыцыйныя тэрыторыі паўночных шашонаў-лемхі і банак. Лічылася, што менавіта з шэрагаў лемхі паходзіла Сакаджавея[10]. Але ў 1905 - 1907 гг. яна была ліквідавана, а яе тубыльцы прымусова пераселены ў Айдаха.
З другой паловы XX ст. шашоны ўдзельнічаюць у руху амерыканскіх індзейцаў за свае правы.
Традыцыйная культураПравіць
Вывучэнне культуры продкаў шашонаў, што насялялі горную мясцовасць Ваёмінга[11], паказвае, што іх асноўнымі заняткамі былі вандроўнае збіральніцтва і паляванне. Асноўнай здабычай горцаў былі снежныя бараны і алені. Яны таксама ўжывалі дзікія расліны, рыбу і казурак. Горныя шашоны збіралі і сушылі цвыркуноў, цыкад і конікаў. Для палявання і транспартыроўкі выкарыстоўвалі сабак. Прылады працы выраблялі з рогу, талькахларыту, кварцыту, крэмнію і абсідыяну[12]. Лукі з рогу, нажы і вопратка были важными таварамі для абмену з раўніннымі індзейцамі.
Усходнія шашоны ўжо ў XVII ст. асвоілі конегадоўлю і перасяліліся на Вялікія раўніны. Важную, але сезонную здабычу для іх складалі бізоны[13]. Для рыбалоўства адкачоўвалі ў горную мясцовасць. Жанчыны займаліся збіральніцтвам. Толькі ў XIX ст. у ўсходніх шашонаў з'явіліся каровы.
Вандроўны лад жыцця вымушаў шашонаў карыстацца часовымі разборнымі жытламі. Чальцы экспедыцыі Люіса і Кларка ўбачылі ў паўночных шашонаў травяныя хаціны без дахаў[14]. Горныя індзейцы ладзілі канічныя вікіяпы з сухіх драўляных бэлек, пакрытых травой[15]. Усходнія шашоны жылі ў скураных тыпі[16].
У XIX ст., калі пачаліся кантакты амерыканцаў з шашонамі, іх грамадства значна трансфармавалася. Гэтаму садзейнічалі перасяленні, эпідэмія воспы, што папярэднічала кантактам, войны з іншымі індзейцамі. У шашонаў Вялікага Басейна аснову сацыяльнай арганізацыі складала нуклеарная сям'я, якая вяла самастойную гаспадарку і кантралявала пэўную тэрыторыю[17]. Аднак для супольных паляванняў, святкаванняў і войн яны фарміравалі большыя па колькасці аб'яднанні на чале правадыра. Часцяком ён меў рэлігійныя функцыі. У паўночных шашонаў аб'яднанне мог узначальваць банак[18]. Колькасць чальцоў залежыла ад канкрэтнай мясцовасці. У некаторых груп да перасялення ў рэзервацыі роля правадыра набыла сталую функцыю. Прыкладам таму з'яўляюцца заходнія шашоны, падначаленыя Вашакі. Пасля перасялення ў рэзервацыі амерыканскія ўлады імкнуліся навязваць афіцыйных адміністатараў, а потым — выбраныя органы кіравання.
Статус шашона ў грамадстве вызначаўся яго полам, узростам і асабістымі дасягненнямі. На чале сям'і стаяў мужчына. Існавалі палігінія, абмен жонкамі паміж братамі, шлюбы з кроўнымі сваякамі[19][20]. Шашоны не білі дзяцей, аднак запугвалі злымі духамі. Выразнага ўзросту для ініцыяцый не было.
Шашоны знакаміты сваімі танцамі, якія мелі рэлігійную функцыю і суправаджаліся песнямі[21]. Захаваліся багатая міфалагічная і казачная традыцыі.
МоваПравіць
Шашонская мова належыць да нумійскай групы юта-ацтэкскай моўнай сям'і. Вылучаюцца 4 асноўныя дыялекты[22]. У нашы дні колькасць тых, хто стала падтрымлівае гутарковую мову не перавышае 1000 чалавек. У 1970-я гг. лінгвістамі распрацаваны алфавіт на аснове лацінкі.
РэлігіяПравіць
Традыцыйная рэлігія шашонаў заснавана на веры ў шматлікіх духаў і асабістыя звышнатуральныя здольнасці. Стваральнікам свету лічыўся воўк Іса[23]. Яго малодшы брат Каёт увасабляў хаатычныя сілы[24]. Шашоны верылі ў чароўную моц мрояў. Кожны мужчына мог быць арганізатарам цырымоній. Вылучаліся тыя, хто спецыялізаваўся на лекаванні супляменнікаў.
З другой паловы XIX ст. распаўсюджана хрысціянства.
Зноскі
- ↑ The American Indian and Alaska Native Population: 2010
- ↑ SHOSHONES
- ↑ Te-Moak Tribe of Western Shoshone
- ↑ Northern Shoshone and Bannock Архівавана 14 верасня 2018.
- ↑ SHOSHONES
- ↑ SHOSHONES
- ↑ History: The Northwestern Band of Shoshonee
- ↑ Native History: Bear River Massacre Devastates Northwestern Shoshone
- ↑ Chief Washakie of the Shoshone – A Photographic Essay by Henry E. Stamm, IV, Ph.D.
- ↑ Lemhi-Shoshone Tribes
- ↑ Anne Marie Mistretta, The Mountain Shoshone – A history of the Sheep Eater Indians in the Big Sky area
- ↑ The Mountain Shoshone
- ↑ Eastern Shoshone - Economy
- ↑ Lewis and Clark. Native Americans. Shoshone Indians
- ↑ Wickiups and Other Wooden Features
- ↑ Eastern Shoshone - Settlements
- ↑ Johnson, A. The Evolution of Human Societies: From Foraging Group to Agrarian State... P. 62
- ↑ Northern Shoshone and Bannock - Sociopolitical Organization
- ↑ Northern Shoshone and Bannock - Marriage and Family
- ↑ Eastern Shoshone - Marriage and Family
- ↑ Customs and Traditions Shoshone Tribe
- ↑ Shoshone (Sosoni' da̱i̱gwape)
- ↑ Legendary Native American Figures: Esa (Issa, Ysa, Pia'isa)
- ↑ Legendary Native American Figures: Coyote (West Coast and Northwestern)
ЛітаратураПравіць
- Johnson, A. The Evolution of Human Societies: From Foraging Group to Agrarian State. / Allen W. Johnson, Timothy K. Earle. - Stanford: Stanford University Press, 2000 ISBN 0804740321
- Kleid, R. Shoshone (Spotlight on Native Americans). — Rosen Publishing, 2016 ISBN 978-1-4994-1683-1
СпасылкіПравіць
Шашоны на Вікісховішчы |