Швабія (герцагства)
Герцагства Швабія (ням.: Herzogtum Schwaben) — племянное герцагства Германіі, якое існавала ў X—XII стагоддзях. Межавала на поўначы з Франконіяй, на захадзе — з Верхняй Латарынгіяй і землямі бургундскага (арлезіянскага) каралеўства, на поўдні — з землям італьянскага каралеўства, на ўсходзе — з племянным герцагствам Баварыя. Такім чынам, у герцагства ў яго максімальных граніцах уваходзілі тэрыторыі як сучаснай Германіі (зямля Бадэн-Вюртэмберг, баварская адміністрацыйная акруга Швабія), так і Швейцарыі (практычна ўся ўсходняя палова), Францыі (гістарычная вобласць Эльзас), Аўстрыі (Форарльберг і частка Ціроля), Ліхтэнштэйна (цалкам) і Італіі (вобласць К'явены).
Утварэнне герцагства
правіцьПасля знішчэння ў 746 годзе племяннога герцагства Алеманія і ўключэння яго зямель у склад дзяржавы франкаў, для кіравання краінай быў прызначаны граф, каралеўскі намеснік. У 829 годзе тэрыторыя Алеманіі ўвайшла ў склад каралеўства, вылучанага для кіравання Людовіку Нямецкаму. Вердэнскі дагавор у 843 годзе пацвердзіў замацаванне гэтай вобласці ў сярод іншых, якія ўвайшлі ў склад Усходне-Франкскага каралеўства, за Людовікам. Пасля смерці караля Арнульфа ў 900 годзе ў Швабіі ўзмацняецца ўплыў мясцовай знаці, асабліва двух родаў — Бурхардынгераў, якія яшчэ ў 807 годзе замацаваўся ў маркграфстве Рэцыя, і Агалальфінгераў, якія валодалі тытулам пфальцграфа Швабіі.
Бурхард I, які паходзіў з роду Бурхардынгераў, валодаючы маркграфствам Рэцыя, а таксама графствамі Тургау і Бар, быў адным з самых магутных феадалаў у Швабіі. Ён паспрабаваў распаўсюдзіць свой уплыў на ўсю Швабію. Гэтаму спрыяла і ўдалая жаніцьба з удавой караля Саксоніі і Баварыі Людовіка III Малодшага, Ліўтгардай. Ужо ў 909 годзе крыніцы называюць яго ў афіцыйных дакументах «герцагам Алеманіі» (dux Alamannorum).
Пасля таго, як у 911 годзе каралём Германіі быў абраны герцаг Франконіі Конрад I, Бурхард I быў абвінавачаны ва ўзурпацыі каралеўскага аўтарытэту, быў прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і пакараны смерцю. Яго сыны, Бурхард II і Удальрых былі вымушаны бегчы да сваякоў у Італію.
Пасля гэтага самым уплывовым швабскім князем стаў пфальцграф Швабіі Эрхангер з дому Агалальфінгераў. Разам з братам Бертальдам ён імкнуўся атрымаць уладу ў Швабіі, але натыкнуўся на супраціўленне біскупа Констанца Саламона III, які прадстаўляў інтарэсы караля Конрада I. У 913 годзе Эрхангер прымірыўся з Конрадам, што было замацавана шлюбам караля і сястры Эрхангеры. Але ў 914 годзе супрацьстаянне з Конрадам I аднавілася. Біскуп Саламон III арыштаваў Эрхангера і адправіў яго да караля, які выслаў таго з краіны.
Але ў 915 годзе Эрхангер вярнуўся. Увосень 915 года Эрхангер, яго брат Бертальд і Бурхард II, сын пакаранага смерцю герцага Бурхарда I, разбілі армію караля Конрада I і захапілі ў палон біскупа Саламона III У гэтым жа годзе Эрхангер быў абвешчаны герцагам Швабіі. Неўзабаве пачалася жорсткая звада паміж каралём і швабскімі і баварскімі князямі, бок якіх прыняў герцаг Саксоніі Генрых. У выніку ў 917 годзе Эрхангер, Бертальд і іх пляменнік Ліўфрыд былі пакараны смерцю па загадзе караля Конрада. Нягледзячы на гэта, Конраду так і не ўдалося падпарадкаваць верхнюю Германію, дзе захаваў сваё становішча герцаг Баварыі Арнульф I, а герцагам Швабіі без згоды караля быў прызнаны Бурхард II. Бурхард падтрымаў у 919 годзе абранне каралём свайго стрыечнага брата Генрыха Саксонскага, які прызнаў яго герцагам Швабіі.
Пасля смерці ў 919 года біскупа Саламона III, Бурхард II значна павялічыў сваю ўладу. Яму ўдаўся распаўсюдзіць свой уплыў на Тургау, Цюрыхгау, а таксама на Верхнім Рэйне. Ён, таксама як і баварскі герцаг Арнульф I, праводзіў незалежную ад караля знешнюю палітыку. Калі яго зяць, кароль Верхняй Бургундыі і Італіі Рудольфа II, у 926 годзе запытаў дапамогі, Бурхард II выступіў з арміяй у яго падтрымку і загінуў пад сценамі Навары.
Пасля гібелі Бурхарда II кароль аддаў Швабію не сыну памерлага герцага Бурхарду III, а стрыечнаму брату караля Конрада I Герману I фон Ветэрау (пам. 948), ажаніўшы яго з Рэгеліндай, удавой герцага Бурхарда II.
Швабія ў другой палове X стагоддзя
правіцьПасля смерці Германа I у 948 годзе кароль Атон I перадаў герцагства свайму сыну Людальфу, які быў у шлюбе з дачкой Германа I. У 952 годзе Людальф разам з герцагам Латарынгіі Конрадам Рудым паднялі мяцеж супраць караля Атона I. У выніку ў 954 годзе абодва герцагі былі пазбаўлены сваіх уладанняў. Швабію кароль аддаў сыну герцага Бурхарда II — Бурхарду III.
У час кіравання Бурхарда III моцны ўплыў на яго аказваў брат жонкі, баварскі герцаг Генрых II. У 973 годзе Бурхард спрыяў прызначэнню князем-біскупам Аўгсбурга стрыечнага брата, Генрыха I, пайшоў дзеля гэтага на падман саборнага капітула. У тым жа годзе Бурхард памёр.
У 973 годзе кароль Атон II перадаў герцагства свайму стрыечнаму брату Атону I, сыну Людальфа, які ўступіў у 976 годзе таксама ў валоданне герцагствам Баварыя.
Пасля ранняй смерці ў 982 годзе герцага Атона I, Швабія перайшла ў валоданне да Конрада I, графа Ветэрау, праўнука аднаго з братоў караля Конрада, Эбергарда. Яго спадчыннікам стаў у 997 годзе сын Герман II. Пасля смерці сына апошняга, Германа III, Швабія перайшла да мужа яго дачкі Гізелы — маркграфа Эрнста Аўстрыйскага.
Герцагства Швабія ў XI стагоддзі
правіцьПасля смерці герцага Эрнста I Швабіяй кіравала яго ўдава Гізела ў якасці апякункі свайго малалетняга сына Эрнста II. Дасягнуўшы паўналецця, Эрнст II у 1030 годзе падняў паўстанне супраць імператара Конрада II, які ажаніўся з яго маці Гізелай, таму што імператар аддаў Швабію малодшаму брату Эрнста II — Герману IV. Апошні памёр бяздзетным у 1038 годзе.
Пасля смерці Германа імператар перадаў Швабію свайму сыну Генрыху. Калі той, пад імем Генрыха III, узышоў на імператарскі прастол, ён перадаў Швабію спачатку Атону II, пфальцграфу Латарынгіі, а пасля яго смерці ў 1047 годзе — Атону III, маркграфу Швайнфурта. Апошні памёр бяздзетным.
Імператрыца Агнэс, якая была ў той час рэгенткай, аддала герцагства ў 1057 годзе свайму зяцю графу Рудольфу Рэйнфельдэнскаму. У 1077 годзе апошні выступіў канкурэнтам Генрыха IV на імператарскі прастол, але быў забіты ў 1080 годзе ў бітве пры Эльстэры .
Кіраванне Гогенштаўфенаў
правіцьУ 1079 годзе імператар Генрых IV аддаў Швабію Фрыдрыху I, графу Гогенштаўфену. Сын і зяць Рудольфа, Бертальд I Райнфельдэнскі і Бертальд II Цэрынген, са зброяй у руках сталі аспрэчваць Швабію ў Фрыдрыха I і апошні ў 1096 годзе вымушаны быў саступіць Брэйсгау і Цюрых Бертальду II Цэрынгену, а вельфскія ўладанні — Баварыі.
Спадчыннікам Фрыдрыха I у 1105 годзе стаў яго старэйшы сын Фрыдрых II Аднавокі. Калі сын апошняга Фрыдрых Барбароса стаў імператарам у 1152 годзе, ён аддаў Швабію малалетняму сыну свайго папярэдніка Конрада III, Фрыдрыху IV Ротэнбургскаму. Апошні неўзабаве памёр у 1169 годзе, і Швабіяй, разам з Эльзасам, па чарзе валодалі 3 сыны імператара (Фрыдрых V, Фрыдрых VI і Конрад II).
У 1196 годзе імператар Генрых VI аддаў Швабію свайму малодшаму брату Філіпу; апошні страціў яе ў час барацьбы за імператарскую карону.
У 1212 годзе Швабія дасталася Фрыдрыху VII, будучаму імператару Фрыдрыху II. Фрыдрых вярнуў Швабіі многія страчаныя ленныя ўладанні; асабліва пашырыліся ўладанні Швабскага дому пасля таго, як згасла нашчадства графаў Цэрынгенскіх у 1218 годзе.
У 1219 годзе імператар Фрыдрых II узвёў свайго трохгадовага сына Генрыха ў герцагі швабскія; калі ж у 1235 годзе апошні падняўся супраць свайго бацькі, імператар аддаў герцагства будучаму каралю Конраду IV, а апошні ў 1254 годзе перадаў яго свайму двухгадоваму сыну — Канрадзіну.
Калі ў 1266 годзе Канрадзін адправіўся ў паход у Сіцылію, ён заклаў свае швабскія ўладанні ў графа Вюртэмбергскага.
Са смерцю Канрадзіна ў Швабіі больш не было самастойных герцагаў. На працягу шматлікіх гадоў за швабскую спадчыну ішла барацьба паміж маркграфам Бадэнскім, пфальцграфам Цюбінгенскім, графам Гогенцолернам і графам Вюртэмбергскім; але імператар утрымліваў Швабію ў сваіх руках, кіруючы ёю праз імперскіх ландфагтоў у Верхняй і Ніжняй Швабіі. Буйнейшыя швабскія гарады карысталіся правам імперскіх вольных гарадоў; меней значныя, хоць ім былі абяцаны імперскія палёгкі, былі падпарадкаваны ландфагтам і імперскім судам. Пры Рудольфе Габсбургскім Вюртэмбергскім графам удалося авалодаць ландфогтствам у Ніжняй Швабіі, а пазней — і ў Эльзасе.
Пасля смерці Рудольфа I у 1291 годзе зноў разгарэлася барацьба паміж уладарнымі князямі ў Швабіі, якая скончылася земскім мірам у Шпаеры ў 1307 годзе, дзе было заключана таксама першае пагадненне паміж уладарнымі князямі і гарадамі.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Швабия // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.