Нёман (шклозавод)

шклозавод у Бярозаўцы
(Пасля перасылкі з Шклозавод «Нёман»)

«Нёман» — шклозавод (гута) у Бярозаўцы Гродзенскай вобласці. З’яўляецца галоўным прадпрыемствам Бярозаўкі. Выпускае посуд, вазы, дэкаратыўна-мастацкія вырабы. Частка вырабаў экспартуецца за мяжу.

ААТ «Шклозавод «Нёман»
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1883
Краіна
Размяшчэнне Бярозаўка, Гродзенская вобласць
Адрас
Галіна шкляная прамысловасць
Прадукцыя вырабы са шкла і хрусталю
Сайт neman.by

Гісторыя

правіць

Завод быў заснаваны ў 1883 годзе Зянонам Ленскім для вырабу бутэлек. Памешчык Ленскі атрымаў дазвол на будаўніцтва ў сваім маёнтку Заенчыцы (пры ўпадзенні ў Нёман Чорнай рэчкі) шклозавода ў канцы 1884 года. Першую прадукцыю завод даў у 1885 годзе. У 1891 годзе арандатарамі завода сталі Вільгельм Краеўскі і Юліус Столе — дасведчаныя тэхнолагі і арганізатары шкляной вытворчасці. Ужо ў 1892 годзе яны ажыццявілі першыя ўдалыя варкі крыштальнага шкла. У 1894 годзе Вільгельм Краеўскі і Юліус Столе пачалі будаваць уласны завод за 4 км ад арандаванага, у 1896 годзе атрымалі першую прадукцыю. З таго часу завод Ленскага сталі называць «Нёман-А» ці «Старая гута», а новы — «Нёман-Б» ці «Новая гута». На кожным з заводаў у 1897 годзе працавала больш як па 100 чалавек.

 
Прэйскурант 1911 года.

У 1898 годзе за 3 км ад ракі Нёман ва ўрочышчы Бярозаўка А. Квяцінскі пабудаваў яшчэ адзін завод, які неўзабаве ў 1900 годзе пераходзіць да Краеўскага і Столе. У 1902 годзе апошнія закрылі «Старую гуту», а яе назву «Нёман-А» прысвоілі заводу ў Бярозаўцы, які становіцца галоўным. Зараз на месцы размяшчэння «Старой гуты» захавалася толькі вялікая колькасць шклабою і вогнетрывалага лому ад збураных печаў ды асобныя кусты бэзу, парэчак і агрэсту.

 
Завод у 1929 годзе.

У 1-ю сусветную вайну завод быў разбураны, адноўлены ў 1921 як шклозавод «Нёман» фірмы «Ю. Столе». Вырабляў шклянкі, лямпавае і аптэкарскае шкло, ізалятары для чыгунак, пошты і тэлеграфа і іншага. У 1930 завод выпускаў пятую частку ўсяго экспарту Польшчы. У 1936 годзе адбылася забастоўка.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, польскага паходу Чырвонай Арміі і далучэння Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе — нацыяналізаваны. У вайну разбураны і адноўлены ў 1944 годзе, вырабляў аконнае і лямпавае шкло, з 1945 — шклапосуд. Рэканструяваны ў 1957—1986 гады. На 2000 год на заводзе працавалі 7 ванных шклаварных печаў бесперапыннага дзеяння, 3 печы-спадарожнікі для варкі каляровага шкла.

Нёманскае шкло

правіць
 
Ваза, цукарніца, паднос; кан. XIX — пач. XIX ст. Паштовая марка Беларусі
 
Лямпа настольная, пач. XX ст. Паштовая марка Беларусі

Традыцыі Нёманскага шкла закладзены ў 2-й палове XIX ст. Посуд і прадметы раскошы (мастацкае шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці.

У 1880—1914 гадах прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я гады ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэшскага шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на беларускіх дыванах пачатку ХХ ст.

Галерэя

правіць

У 1935 годзе на заводзе была выраблена урна з блакітнага шкла, у якой у маўзалеі на могілках Роса ў Вільні было пахавана сэрца Юзафа Пілсудскага[1][2] Выстаўка мастацкага шкла 1910–1960-х гадоў «Асцярожна, посуд!»</ref>.

Да сярэдзіны 1950-х гадоў пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геаметрычным і зрэдку раслінным арнаментам. 3 1956 года на заводзе працуюць прафесійныя мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку мастацкага шкла. Сярод іх Аркадзь Анішчык, Валянціна Дзівінская, Уладзімір Жохаў, Таццяна Малышава, Уладзімір Мурахвер, Людміла Мягкова, В. Падліпаліна, Майрэ Пююкке, Сільвія Раудвээ, Вольга Сазыкіна, В. Самахвалаў, Галіна Сідарэвіч, А. Ткачова, Сяргей Шэцік і іншыя.

Нёманскае шкло гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкаратыўных вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 годзе майстар Анатоль Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я гады распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўленчыя і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні мастацкіх вобразаў. У 1980-я гады створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання.

 
Фірмовая крама шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы

ХХI стагоддзе

правіць

Сучаснае Нёманскае шкло характарызуецца разнастайнасцю мастацкай стылістыкі і тэхнік формаўтварэння, шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання.

2022 год быў аб'яўлены Міжнародным годам шкла. У сувязі з гэтым на шклозаводзе з 14 па 18 сакавіка быў праведзены сімпозіум мастацкага шкла, арганізатарам якога быў Беларускі саюз мастакоў.

На шклозавод прыехалі мастакі, сябры Беларускага саюза мастакоў з секцыі «дэкаратыўнае мастацтва»: куратар сімпозіума Ірына Кузняцова і удзельнікі Жанна Марозава, Ірына Пекусава, Вольга Сазыкіна, Алена Чэпелева. Разам з імі прымалі ўдзел у сімпозіуме Галіна Сідарэвіч (старэйшы мастак шклозавода) і Яніна Давыдава. Усе ўдзельнікі сімпозіума ў розныя гады скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Мастакі працавалі з брыгадай майстроў-шкловыдувальшчыкаў — Мікалаем Шыманскім, Валерыем Багінскім, Сяргеем Бранкоўскім.

Па ітогах гэтага супрацоўніцтва з 10 лістапада па 11 снежня 2022 года ў Палацы мастацтва ў Мінску адбылася выстаўка «АРТ-ШКЛО».

Таксама ў межах праекта «АРТ-ШКЛО» адбылася юбілейная выстаўка, прысвечаная 75-годдзю старэйшага з тых, хто жыве, беларускага мастака па шклу Таццяны Малышавай, якая мае шмат міжнародных узнагарод за распрацоўку шкловырабаў. Пад час творчасці на шклозаводзе «Нёман» Таццяна Малышава зрабіла вазу для Леаніда Брэжнева, удзельнічала ў працы над вітражамі і люстрамі санаторыя «Беларусь» у Сочы.

Крыніцы

правіць
  1. Piotr Jamski: Pocztówki z Kresów przedwojennej Polski. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2012, s. 52. ISBN 978-83-01-17097-4.
  2. Паводле некаторых крыніц урну вырабіў Мечыслаў Мяткоўскі, але інфармацыя недакладная

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць