Шклоўскія гарадскія ўмацаванні

Шклоўскі гарадскія ўмацаванні — гарадскія умацаванні г. Шклова. Існавалі з апошняй чвэрці XVI да канца XVIII ст. Пасля пераносу ўмацаванага цэнтра з гарадзішча Стары Шклоў на бераг Дняпра і спынення жыцця на гарадзішчы далейшае развіццё «места Шклова» адбывалася на ажыўленым водным гандлёвым шляху з поўдня на поўнач. Шклоў быў абаронены магутнымі ўмацаваннямі, пры будаўніцтве якіх удала выкарыстаны штучныя і натуральныя водныя рубяжы. 3 усходу горад быў надзейна прыкрыты Дняпром, які тут дасягае шырыні больш за 150 м; з поўдня і захаду, дзе працякала р. Шклоўка, дзякуючы дамбе з плацінай утварылася вялікае возера, якое прыкрывала горад і Шклоўскі замак. Шклоў быў абкружаны магутным земляным валам, на якім стаяў «паркан з дрэва, пабудаваны ізбіцамі, з вежамі і брамамі». Гістарычныя дакументы за 1647 называюць 4 брамы горада: Копыскую, Магілёўскую, Галоўчынскую, Астроўскую. 3 паўночнага боку Шклоў не меў натуральных умацаванняў, таму акрамя землянога вала тут быў выкапаны абарончы роў.

Пасля заняцця горада 31 жніўня 1654 года рускім войскам шклоўскі гарадскія ўмацаванні былі агледжаны, падноўлены і апісаны царскімі ваяводамі: «С приходной стороны, с севера выкопали новый ров и поставили надолбы, которые шли от Днепра до Заугольной башни». Агульная даўжыня гарадскіх умацаванняў складала больш за 2240 м. У лініі фартыфікацыі называюцца і тайнікі. Паводле паўторнага апісання гарадскіх умацаванняў у 1657 ваяводам І. М. Талачанавым, горад быў абаронены 26 драўлянымі вежамі розных памераў і канструкцый. Уласна вежаў было 14, у т.л. 3 брамы. Назвы гарадскіх брам адрозніваюцца ад назваў 1647 (акрамя Магілёўскай): брама Копыская называлася «Днепровскими проезжими воротами», Астроўская — «башня Тесная», Галоўчынская — «Песочной». Выкарыстоўваліся толькі 2 брамы: Дняпроўская (Копыская) і Пясочная (Галоўчынская). Праезд праз Магілёўскую браму наглуха засыпалі зямлёй. Найбольшай магутнасцю вызначаўся ўсходні бок абароны, які цягнуўся ад вусця Шклоўкі ўверх, уздоўж правага берага Дняпра. Тут размяшчалася 8 вялікіх вежаў і 8 малых («выводов»). Вежа «Угорская Рябковская» стаяла на мысе ў сутоках рэк, была 4-ярусная, з 3 мастамі, рубленая ў «две стены». Яна мела 4-вугольную аснову і з 2-га яруса пера-ходзіла ў 8-граннік, зроблены «в одну стену». Далей, уверх па Дняпры, прасла сцяны (117,3 м) падводзіла да «мярніцы» (відаць, «важніцы»). За ёй наступнае прасла (228,3 м) упіралася ў 8-вугольную вежу «села Дивного» з 2 мастамі. Даўжыня аднаго боку вежы складала каля 9,6 м, страха была 2-схільная. Ад гэтай вежы «звено города» (62,2 м) падыходзіла да Дняпроўскай (Копыскай) брамы, якая мела 4-схільную страху, 4 масты (5 ярусаў), знізу была 4-вугольная, з 2-га яруса — 8-вугольная. Даўжыня сцяны дасягала 13,7 м у аснове. На 2-м паверсе брамы стаяла палкавая гармата. Мяркуюць, што агульная вышыня брамы была да 25 м. За Дняпроўскай брамай, уверх па рацэ, прасла сцяны (каля 64 м) змыкалася з глухой 4-вугольнай вежай, якая мела даўжыню грані «мераю 3 сажня без полуаршина» (да 6 м). Вежа была «…ниская, мосту ни одного нет», вынесена за горад, накрытая 4-схільнай страхой. На адлегласці каля 143 м ад яе над Дняпром размяшчалася 6-вугольная 4-ярусная «Падлазная» вежа. Яна мела «воротечка подлазные» для таемнага выхаду на бераг ракі. Даўжыня аднаго боку вежы была 6,4 м. Далей на ўчастку абароны (516,4 м) з прамежкамі 53,4—76,8—59,8—51,2 м размяшчаліся 8 невялікіх 4-вугольных вежаў («выводов»). Адна памерам 5 х 5 м, астатнія — пераважна 4,26 х 4,26 м. Усе яны, як правіла, былі 3-ярусныя, выступалі за лінію сцен, «за город же, к Днепру» і служылі для фланкіравання апошніх. На вежах стаялі гарматы. Два «вывода» былі здвоеныя і «с ряду рублены тако ж, яко и городовая стена». Вежы мелі падэшвенны бой, а з боку ракі іх засцерагаў «прислон стоячий». На адлегласці каля 147 м ад іх рзмяшчалася «Падлазная» вежа, праз 137,5 м за ёй — другая. Абедзве вежы былі 4-вугольныя (у аснове 6,4 х 6,4 м), 3-ярусныя, з 2 мастамі, мелі падлазныя вароты да Дняпра. На адной з іх стаяла «гроховница». «Звено города» (каля 128 м) заканчвала прыдняпроўскую лінію абароны і ў месцы павароту вала на 3 злучалася з вуглавой Таямнічай вежай (7,1 х 7,1 м у аснове). Па тайніку спускаліся па ваду да Дняпра.

Заходні ўчастак гарадскіх умацаванняў (264,5 м) уключаў акрамя Таямнічай яшчэ 3 вежы — Цесную, Вывадную і Казлоўскую. Цесная вежа была аддалена ад Таямнічай на 7,1 м і, верагодна, з-за такой блізкасці атрымала сваю назву. Гэта «цесната», відаць, была створана прадумана, каб агнём з вежы абараняць жыццёва важны ўчастак, які даваў выхад да вады. У 1654 уваход наглуха засыпалі зямлёй. Таямнічая всжа таксама дапамагала ў абароне Цеснай, фланкіруючы подступы да яе. Цесная вежа мела квадратную ў плане форму (7,1 х 7,1 м), а з 2-га паверха пераходзіла ў 8-граннік. На ёй стаялі 3 жалезныя пішчалі — «гроховницы». Вывадная вежа знаходзілася за 103 м ад Цеснай, уяўляла сабой 4-вугольнік у аснове (6,4 х 6,4 м), мела 3 ярусы бою, а таксама «бой земляной, спушенный ниже городовой стены». Вежу моцна высунулі за лінію сцен («…и та башня выведена за город»), што, верагодна, з’явілася падставай для яе назвы. У ёй стаялі пішчаль і «гроховница».

Апошні ўчастак гарадскіх умацаванняў (108,7 м) падводзіў да вялікай вуглавой Казлоўскай вежы, зрубленай знізу да верху ў выглядзе 3-яруснага 8-гранніка. Даўж аднаго яе боку складала 12,8 м. Вежа месцілася на бастыёне — гарматным «выводе» з 3 гарматамі. Ад яе ў бок Магілёўскай брамы ішоў тайнік з двайнымі дзвярыма. На верхнім мосце вежы знаходзіліся «пищаль и гроховница». Ад Казлоўскай вежы лінія гарадскіх умацаванняў паварочвала на поўдзень, цягнулася ўздоўж «Высокага поля» і вялікай сажалкі на Шклоўцы. Адлегласць паміж Казлоўскай вежай і Магілёўскай (Крывой) брамай займала гарадская сцяна (149 м). Магілёўская брама была 4-вугольная ў плане (10,6 х 10,6 м), 2-ярусная, з 2 брамамі. 3 узбраення тут мелася «пушечка полковая медная». За 11,7 м ад Магілёўскай брамы ў лініі гарадской сцяны стаяў «двор ксенженский», за 85,3 м — вежа Вывадная. Дакументы паведамляюць пра канструкцыю абарончай сцяны на гэтым участку: «а рублен тот город от ксенженского двора не по городовому в одну стену, а в стене бывали избицы ксенженские» (верагодна, гародні). Вывадная вежа была 4-вугольная ў плане (7,4 х 7,4 м), значна выступала за перыметр сцен («выведена за город к пруду»), мела «под собою земляной бой». Далей цягнуліся ўчастак сцяны (каля 94 м), «вывод» (9,5 х 9,5 м) з меднай гарадавой гарматай на ім і зноў частка сцяны (85 м), якая прымыкала да магутнай Пясочнай вежы-брамы. Гэта, відаць, была Галоўчынская брама. Вежа мела выгляд 6-гранніка з даўжынёй кожнага краю каля 12,8 м і з вышыні ніжняга моста пераходзіла ў васьмярык. Усяго ў ёй былі 4 масты, што рабіла яе падобнай да Дняпроўскай брамы. Вакол Пясочнай вежы была зроблсна кругавая баявая галерэя для гармат на ўзроўні 2-га яруса. Вежа мела 8-схільнае пакрыццё. Траплялі ў яе, відаць, па мосце цераз сажалку. За Пясочнай всжай участак сцяны (170,5 м) падыходзіў да замка.

Замкавыя сцены былі аддзелены ад сцен горада ровам. Далей зноў цягнуліся гарадскія ўмацаванні — каля 64 м сцяны і «вывод» з наглуха закрытым тайніком пад ім. «Вывод» уяўляў сабой участак сцяны ці бастыёна, які размяшчаўся паблізу Угорскай (Рабкоўскай) вежы і, верагодна, блізка да вады. Ён быў зроблены «по-городовому» (у 2 сцяны) і злучаўся з вежай «у мельницы по конец пруда». Акрамя праезных вежаў, а таксама глухіх і невялікіх всжаў — «выводов» шклоўскі гарадскія ўмацаванні мелі і «выводы пушечные» — бастыёны, якія прыкрывалі вялікія вежы Таямнічую, Казлоўскую і Угорскую каля іх падножжа. Паводле вопісу 1657, на сценах горада стаялі «кобылины на вертлюгах» (цяжкія мушкеты, што стралялі буйным шротам і сечаным жалезам), 20 палкавых гармат і 20 грохаўніц, 93 пішчалі зацінныя, мушкеты і ручніцы з запасам ядраў, куль, волава і свінцу. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гарадскія ўмацаванні моцна пацярпелі. Пазней былі адноўлены і паводле дакументаў XVIII ст. ўключалі вал, 5 драўляных вежаў і 7 рэдутаў. Агульная даўжыня гарадской фартыфікацыйнай лініі складала 2750 м.

Рэшткі гарадскіх умацаванняў існавалі да канца 18 ст., часткова захаваліся і мелі значэнне яшчэ ў пач. 20 ст. У наш час сляды гарадскіх умацаванняў у выглядзе разбураных бастыёнаў бачны ў прыдняпроўскай частцы горада.

Літаратура правіць