Шыбальба́ (ісп.: Xibalbá) — назва апраметнай у мая, якая знаходзілася пад зямлёю. Назва ўзыходзіць да слова xibil (знікаць). Па паданнях мая, уладыкі Шыбальбы насылалі на людзей хваробы. Напрыклад, уладыкі Шыкірыпат і Кучумакік выклікалі крывацёкі ў людзей, Ах-Альпух і Ах-Алькала выклікалі жаўтуху (чуканаль), Шык і Патан выклікалі гарлавыя крывацёкі са смяротным зыходам у падарожнікаў.

Бог смерці і ўладар падземнага свету Ах-Пуч. Малюнак у Дрэздэнскім кодэксе

Шыбальба была поўная пастак і небяспек. Нават дарога ў Шыбальбу была смяротна небяспечнай: па дарозе трэба было перасекчы раку, напоўненую скарпіёнамі, затым раку, напоўненую крывёю, і раку, напоўненую гноем. Затым падарожнік трапляў на скрыжаванне чатырох дарог, якія размаўлялі з мэтай спалохаць і падмануць падарожніка. Пераадолеўшы ўсе небяспекі, падарожнік трапляў у савет Шыбальбы, членамі якога былі ўладары Шыбальбы. Побач з імі сядзелі па-майстэрску выкананыя чучалы, каб прынізіць падарожнікаў, якія памыляючыся віталі манекенаў. Пасля прывітання падарожніку прапаноўвалі прысесці на лаву, якая на самай справе была распаленай плітой для гатавання ежы. Так уладыкі Шыбальбы забаўляліся са сваімі гасцямі перад тым, як адправіць іх на адно з смяротных выпрабаванняў.

У эпічным творы народа кічэ «Попаль-Вух» двайняты Хун-Ахпу і Шбаланке (дзеці Шкік, дачкі вышэйзгаданага Кучумакіка, якая панесла іх ад сліны чэрапа Хун-Хун-Ахпу) спускаюцца ў Шыбальбу і прыносяць у ахвяру яе уладароў, адпомсцiўшы за бацьку Хун-Хун-Ахпу і дзядзьку Вукуб-Хун-Ахпу.

Па міфах, Шыбальба складаецца з дзевяці слаёў або ўзроўняў. Уяўлялася змеепадобнаю пячорай ці гротам. Уваход быў — круты абрыў, меркавана, скала.

У Шыбальбе знаходзіліся так званыя «Дамы выпрабаванняў», дзе чалавека катавалі. Сама сутнасць Шыбальбы ў тым, каб цераз катаванні адлучыць душу чалавека ад цела. Усяго ўпаміналася пра пяць «Дамоў»: Дом Холаду, Дом Ягуара, Дом Лятучай Мышы (якім кіраваў Кама Соц, бог у абліччы лятучай мышы-вампіра), Дом Абсідыянавых Нажоў і Дом Цемры. У апошнім з іх і знаходзіліся вярхоўныя божаствы Шыбальбы[1].

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. В. И. Гуляев, «Боги древних майя» // Атеистические чтения: Сборник. — М., Политиздат, 1988. — С.215

Літаратура правіць

Спасылкі правіць