Шыман Сіруць
Шыман Сіруць (1698 — 20 красавіка 1774) — дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага.
Шыман Сіруць | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Szymon Syruć | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Юзаф Антоні Салагуб | ||||||
Пераемнік | Юзаф Прозар | ||||||
Нараджэнне | 1698 | ||||||
Смерць | 20 красавіка 1774 | ||||||
Род | Сіруці | ||||||
Бацька | Юзаф Казімір Сіруць | ||||||
Маці | Барбара з Забелаў | ||||||
Жонка | Петранела Схаластыка з Валадковічаў[d][1] | ||||||
Узнагароды |
|
Ковенскі абозны з 1725, падстароста з 1730, староста з 1742, вялікі мечнік літоўскі (1750—1752), кашталян віцебскі (з 1752).
Палітычная дзейнасць
правіцьУ канцы 1720-х быў у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі. Удзельнічаў у зрыве сойма 1729. Падчас бескаралеўя падтрымаў кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Абраны палкоўнікам Ковенскага павета. Пасля ўцёкаў Ляшчынскага з Гданьска Сіруць выехаў услед за ім у Каралявец, дзе займаў пасаду каралеўскага сакратара. Пасля адмовы Станіслава Ляшчынскага ад кароны выехаў з ім у Латарынгію, дзе займаў пасаду радцы двара. Дзякуючы Сіруцю значная колькасць маладых шляхціцаў з ВКЛ вучылася ў Рыцарскай акадэміі ў Люневілі. Канфлікт з французскай адміністрацыяй з-за планаў рэформы кіравання Латарынгіяй прымусіў Сіруця ў канцы 1738 вярнуцца ў Рэч Паспалітую.
У 1740 прэтэндаваў на пасаду ковенскага маршалка, адмовіўся ад яе на карысць Антонія Забелы пасля заключэння дамовы, што па чарзе з ім будзе кіраваць ковенскімі соймікамі. У 1742 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ і стаў пісарам віленскай кадэнцыі. Быў настолькі ўплывовым, што планаваў адхіліць ад улады трыбунальскага маршалка. Разам з мазырскім гродскім старостам Гервазыем Людвікам Аскеркам дапамог Сапегам атрымаць большасць на рускай кадэнцыі Трыбунала ВКЛ у 1742.
У чэрвені 1742 падканцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі з кніг меншай канцылярыі выдаў Сіруцю прывілей на Ковенскае гродскае староства. Сіруць прыняў урад, хоць ведаў, што адначасова з кніг вялікай канцылярыі выдадзены прывілей на Ковенскае староства Людвіку Пацею. Сіруць апярэдзіў Пацея, 8 чэрвеня 1742 склаў прысягу на ўрад і ў ліпені 1742 арганізаваў уезд на староства. Нягледзячы на намаганні падтрымаўшых Пацея Радзівілаў, Сіруць захаваў урад старосты пры дапамозе Сапегаў і Чартарыйскіх.
Быў паслом на соймы 1742, 1744, 1746, 1748, 1750, дзе праявіў сябе прыхільнікам праграмы дзяржаўных рэформ Чартарыйскіх. Абраны дэпутатам і маршалкам Трыбунала ВКЛ у 1752. Далей быў прыхільнікам Чартарыйскіх. Дзякуючы Сіруцю ў 1756 у Коўне адзін з лідараў «фаміліі» Ян Ежы Флемінг быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ разам з радзівілаўскім прыхільнікам, пісарам ВКЛ Антоніем Пацам. У канцы верасня 1756 удзельнічаў у з'ездзе лідараў «фаміліі» ў Слоніме, дзе абмяркоўвалася магчымасць стварэння антыкаралеўскай канфедэрацыі. Дзякуючы Чартарыйскім 10 сакавіка 1757 атрымаў расійскі ордэн Святога Аляксандра Неўскага.
Пасля разрыву з Чартарыйскімі ў 1758 Міхала Антонія Сапегі пачалося ахалоджванне адносін Сіруця з «фаміліяй». У выніку ў 1761 Сіруць перайшоў на бок Радзівілаў і дапамог стаць дэпутатам Трыбунала ВКЛ на ковенскім сойміку радзівілаўскаму кандыдату на трыбунальскае маршалкоўства Ігнацыю Пацу. Пры садзейнічанні Радзівілаў 3 жніўня 1761 Сіруць атрымаў ордэн Белага Арла.
Падчас бескаралеўя ў 1764 перайшоў на бок Чартарыйскіх, але не дамогся поўнага прабачэння. У 1767 вярнуўся ў кола прыхільнікаў віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла, але той запатрабаваў разліку за трыманне ў заставе Кейданскага графства. З гэтага часу Сіруць фактычна адышоў ад палітычных спраў.
Літаратура
правіць- Мацук А. Сіруць Шыман // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 395. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 9, Województwo mścisławskie XVI-XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2019. — С. 78. — ISBN 978-83-65880-76-5